“Апошні золак”. Музыка ратуе жыцці

Прэм’ера музычнага праекту “Апошні золак”, удзельнікі якога выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, адбудзецца 5 кастрычніка адразу на некалькіх вядомых рэсурсах...

Прэм’ера музычнага праекту “Апошні золак”, удзельнікі якога выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, адбудзецца 5 кастрычніка ў жывым эфіры вядомых інтэрнэт-праектаў — TUT.by, Naviny.by, "Наша ніва", "Еўрарадыё". Пачнецца трансляцыя ў 19 гадзін па беларускім часе.

Пра падрабязнасці прэзентацыі ў каментары для Naviny.by распавёў каардынатар праекту журналіст Сяргей Будкін.

“Гледачы ўбачаць не проста канцэрт. Мы задумалі прэзентацыю “Золка” як спалучэнне розных відаў мастацтва — акрамя музыкі і спеваў вы ўбачаце пясочнае шоў, розныя відэаінсталяцыі”, — дзеліцца Будкін.

Паводле словаў журналіста, прэзентацыя праекта “Апошні золак” стане рэалізацыяй маштабнай музычнай задумы з удзелам вялікай колькасці музыкантаў: “На сцэне будзе практычна цэлы аркестр, у якім будуць і скрыпкі, і віаланчэлі, і вялікая колькасць іншых інструментаў. Падчас прэзентацыі будзе знятая тэлеверсія канцэрту, якая пасля будзе выдадзеная на DVD”.

Праект бачыцца ягонаму каардынатару далёкім ад прынцыпаў агітбрыгады: “Не чакайце агітак, заклікаў, гэта песні для роздуму. Я спадзяюся, што напісаныя для праекту кампазіцыі стануць сталымі ў рэпертуарах музыкантаў”.

Будкін спадзяецца, што масштабны праект адгукнецца ў сэрцах слухачоў: “Натуральна, адна з мэтаў праекту — закрануць яшчэ раз актуальнае для Беларусі пытанне наяўнасці ў нас смяротнага пакарання. Людзей мы хочам прымусіць падумаць пра гэта, паказаўшы праблему з дапамогай сродкаў мастацтва. Калі проста гаварыць аб смяротным пакаранні — успрыманне адно, а калі казаць з дапамогай музыкі, можна абудзіць у людзях зусім іншыя пачуцці”.

Лявон Вольскі — пра ўкрыжаванні, Зміцер Вайцюшкевіч — пра шыбенцу

Сталі вядомыя і тэмы, да якіх звярнуліся ўдзелнікі “Апошняга золака”. Лявон Вольскі заспявае пра ўкрыжаванне, Аляксандру Памідораву ёсць што сказаць пра ўтрыманне асуджаных у газавых камерах, Ганна Хітрык выбрала тэмай песні гільяціну, Алесь Дзянісаў звярнуўся да тэмы расстрэлу, Наста Шпакоўская напісала песню пра электрычнае крэсла, Віктар Рудэнка праспявае пра атруту, а Зміцера Вайцюшкевіча зацікавіла шыбеніца.

Ганна Хітрык і Наста Шпакоўская перакананыя, што “пытанні нараджэння і смерці наогул не ў чалавечай кампетэнцыі”. Віктар Рудэнка дадае яшчэ адзін акцэнт: “Калі мы спрабуем прапагандаваць грамадства без гвалту і забойстваў, мы павінны на ўсіх узроўнях адмовіцца ад іх. Нават законнае смяротнае пакаранне — гэта забойства, якое стварае адмоўны прыклад для грамадства”.

Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч і Алесь Дзянісаў задумаліся аб тым, што прысуды могуць быць памылковымі, як гэта здаралася па вядомых справах Міхасевіча, Чыкацілы і не толькі. “Рэч у тым, што з-за аднаго дрэннага чалавека можа загінуць нехта цалкам невінаваты. Любы з нас. Для мяне гэта галоўнае”, — кажа Аляксандр Памідораў.

Лявон ВольскіЛявон Вольскі лічыць, што нават самы злосны злачынец мусіць мець права ўсвядоміць цяжкасць зробленага і пакаяцца. “Я вырашыў удзельнічаць у праекце “Апошні золак”, бо лічу тэму смяротнага пакарання актуальнай для нашай патрыархальнай тэрыторыі, — распавёў музыка ў каментары для Naviny.by. — Тэму мне прапанавалі арганізатары праекту”.

На пытанне, якім чынам зможа паўплываць гэты праект на наяўнасць смяротнага пакарання ў нашай краіне, Вольскі адказаў: “На наяўнасць гэта, мажліва, не паўплывае, але можа хоць крыху паўплываць на грамадскае меркаванне, бо нашы суайчыннікі досыць крыважэрныя, і значная іх частка прагне абавязковага пакарання злачынцаў, нават калі ёсць нейкі (няхай мізэрны) адсотак верагоднасці таго, што гэтыя злачынцы невінаватыя. Вядома, што пры наяўнасці плану раскрыцця злачынстваў і жорсткіх метадаў вядзення следства, людзі, здараецца, прызнаюцца ў тым, чаго ніколі не здзяйснялі. Каб толькі скончыліся здзекі й катаванні”.

Праект “Апошні золак” прымеркаваны да Сустветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. З 1997 года Еўропа дэ-факта з’яўляецца прасторай, вольнай ад смяротнай кары. Адзінае выключэнне — Беларусь.