Беларускiя гурты паспрабавалi зрабіць лепш

15 кастрычніка ў мінскім клубе RE:PUBLIC адбыўся першы “шчыры” фестываль “Зробім лепш!”...

 

15 кастрычніка ў мінскім клубе RE:PUBLIC адбыўся першы “шчыры” фестываль “Зробім лепш!”. Паслухаць бясплатна маладыя беларускія калектывы Navi, Hurma, Amaroka ды рэпера Вінсэнта, які даўно не даваў канцэртаў на радзіме, здымаючыся ў кіно ды спяваючы пра Беларусь для замежнікаў, прыйшло каля тысячы чалавек. Самы вялікі сталічны клуб быў забіты амаль пад завязку, песню Вінсэнта “Я працягваю жыць” спявалі доўга, гучна, усе разам. Атрымалася сапраўды шчыра.

Фестываль “Зробім лепш!” зладзілі “Арт Сядзіба” і ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” у межах аднайменнай агульнанацыянальнай кампаніі, распачаўшы серыю канцэртаў з удзелам маладых, але яскравых беларускіх гуртоў. Канцэпцыя праекту простая і ясная — шчырыя канцэрты для ўсіх зацікаўленых.

Арганізатары зрабілі на ўсе фестывалі вольны ўваход, але прыдумалі цікавую фішку — падчас фестываляў будзе працаваць клубная каса, у якой кожны наведнік, калі яму падабаецца мерапрыемства і гурты, якія выступаюць, зможа па ўласным жаданні купіць на гэты канцэрт любую колькасць квіткоў фіксаванага кошту — 50 тысяч. Гэтыя грошы пойдуць на арганізацыю наступных мерапрыемстваў.

Пакуль моладзь адрывалася пад хэдлайнераў канцэрта гурт Amaroka, кіраўнік “Арт Сядзібы”, арганізатар канцэрта Павел Белавус распавёў чытачам Naviny.by, як нарадзілася серыя “шчырых” фестываляў, каму яны патрэбныя і як праект дапаможа зрабіць лепш.

— Ідэя нарадзілася выпадкова. Я раблю не першы канцэрт у Беларусі, але ніколі не ладзіў канцэрты для замежных гуртоў, працую толькі з беларускімі выканаўцамі. Зразумела, што на беларускія гурты народ ходзіць значна горш, чым на замежныя. Я параўноўваў — на Земфіру квіток каштуе 50 даляраў, на Depeche Mode — 100, а на беларускія гурты квіток звычайна не каштуе больш за 10 даляраў, але нават гэтыя грошы людзі часта шкадуюць, альбо думаюць: ай, чаго я пайду на нейкія невядомыя гурты…

Таму мы і прыдумалі гэтыя “шчырыя” фэсты, канцэпцыя якіх у тым, каб людзі, якім шкада грошай ці не шкада, хай і бясплатна, але прыйдуць і паслухаюць беларускую музыку, убачаць, што ў нас ёсць цікавыя гурты, пад якія можна танчыць, адрывацца і піць піва не горш, чым пад замежныя. Можа быць, першы раз людзі прыйдуць бясплатна, а калі ім спадабаецца гурт, яны ўжо не пашкадуюць грошай на сольны канцэрт гэтага калектыва.

— Цікавая ідэя з клубнай касай…

— Так, мы прыдумалі такі ход: спадабаўся табе канцэрт ці выканаўца, ты можаш цягам усяго мерапрыемства заплаціць невялікія грошы за канцэрт, на які ты ўжо прыйшоў. Тут і такая хітрая спроба праверыць, наколькі беларусы гатовыя адгукнуцца на такую прапанову. З аднаго боку атрымліваецца халява, але з іншага боку — не пашкадуй, заплаці, і калі вы адгукнецеся, мы зможам за гэтыя грошы зладзіць яшчэ адзін канцэрт. Мы будзем глядзець: калі гэта ідэя пракоціць, мы працягнем ладзіць выступы, а калі не атрымацца, то расчаруемся і скажам: "А навошта, калі гэта нікому непатрэбна…" Сёння ж па колькасці людзей мы бачым, што гэта патрэбна.

— Чаму менавіта гэтыя калектывы спяваюць на першым “шчырым” фэсце?

— Мы сабралі, можа, і не самыя вядомыя, але ж вельмі цікавыя і перспектыўныя каманды. Усе яны сябры “Арт Сядзібы”, якія ў нас выступалі, з якімі мы перакрыжоўваемся на розных праектах. Да таго ж, на партале artsiadziba.by мы пішам пра маладыя цікавыя беларускія гурты. У нас былі публікацыі пра ўсе гэтыя каманды, таму мы іх і сабралі. Наступным разам мы запросім іншыя калектывы, якія хоча паслухаць беларуская публіка. Насамрэч, гуртоў хапае…

— Напрыклад?

— У першую чаргу, адным з хэдлайнераў наступнага фэсту можа быць цікавая і папулярная выканаўца Паліна Рэспубліка. Ёсць у нас добры сябра Пётра Клюеў, якога мы хочам у будучым запрасіць. Ён зараз выступае па кабаках, па рэстарацыях, аднак у яго ёсць цікавая праграма, і мы хочам, каб ён выступіў з ёй на вялікай пляцоўцы. Ёсць гурт ili-ili, з якім мы супрацоўнічаем і які таксама плануем запрасіць. Ёсць цікавыя рэгіянальныя гурты… Мы запланавалі, каб ў будучым і самі музыкі сябе прапаноўвалі, бо хочацца бачыць гурты, якія могуць граць не толькі ў гаражы, але не баяцца і на сцэну выйсці, таму мы будзем шукаць…

— Такіх калектываў у нас вельмі шмат, як будзеце выбіраць?

— Перавага будзе аддавацца тым калектывам, якія спяваюць па-беларуску, альбо прымансі маюць у рэпертуары беларускамоўныя песні. Стыль выканання неістотны, бо наша мэта — прасоўваць гурты, якія маюць перспектыву, у якіх ёсць натхненне і жаданне развівацца і не толькі ў сваім гаражы лабаць, але выходзіць на сур’ёзны ўзровень і выступаць на “Славянскім базары”.

— Клуб RE:PUBLIC стане сталай пляцоўкай для фестываляў?

— На сённяшні дзень гэта самая вялікая клубная пляцоўка ў горадзе. Ёсць “Арэна”, у якой 10 тысяч чалавек змяшчаецца, ёсць Палац спорту, куды змяшчаецца 5 тысяч чалавек, і ёсць RE:PUBLIC на тысячу. У прынцыпе, нам пакуль што хапае гэтай пляцоўкі. Тым больш, што ў нас добрыя адносіны з кіраўніцтвам клуба, якое нас разумее і падтрымлівае, у нас наладжаная добрая камунікацыя, таму пакуль што мы спынімся тут.

— З якой перыядычнасцю плануюцца канцэрты?

— Спадзяюся, што калі ўсё атрымаецца, то недзе раз на месяц. Зразумела, што на такія мерампрыемствы сыходзіць шмат энэргіі. Гэта нам не прыносіць грошай, бо тут найперш ідэя прасоўвання музыкаў. Нам хацелася б знайсці спонсара, бо арганізацыя такіх канцэртаў патрабуе немалых грошаў. Каб зрабіць добры канцэрт і заплаціць гуртам хоць нешта, а мы не хочам, каб музыкі выступалі затак, трэба мінімум дзьве тысячы даляраў. Запіс аднаго трэку каштуе 300 даляраў, звычайна ганарар за выступ беларускага гурта — 100 даляраў… Таму мы будзем шукаць падтрымку.

— Ведаю, што вы заручыліся падтрымкай для правядзення гэтага канцэрту…

— Гэта быў адзінкавы выпадак, нас падтрымала Асамблея НДА ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”. Таму і фэст так называецца, бо яны першыя, хто адгукнуліся і падтрымалі нашу ідэю. Калі яны змогуць нас надалей падтрымліваць, то будзем супрацоўнічаць з імі, а калі іншая ініцыятыва нас падтрымае, то мы назавем фестываль у яе гонар, але гэта будзе “шчыры” фестываль. Напрыклад, “шчыры” фестываль "Самсунг", “шчыры” фестываль МТС і гэтак далей…