ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Валярына Кустава. Хочацца пазбаўляцца ад лішняга

Літаратар, тэлевядоўца Валерыя Кустава, больш вядомая як Валярына, дзе толькі не працуе. Выкладае ў сталічнай творчай установе тэорыю драмы...

Літаратар, тэлевядоўца Валерыя Кустава, больш вядомая як Валярына, дзе толькі не працуе. Выкладае ў сталічнай творчай установе тэорыю драмы, драматургію сучаснага кіно, гісторыю беларускага і сусветнага кіно. Гледачы “Белсата” ведаюць яркую дзяўчыну па культурніцкай праграме “Чорным па белым”, вядоўцай якой яна з’яўляецца, а чытачы газеты “Новы час” чакаюць яе аналітычных артыкулаў пра беларускую культуру. Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Караткевіча змогуць азнаёміцца са сцэнарамі пісьменніка, над укладаннем якіх працуе маладая навукоўца для 25-томніка класіка, што пабачыць свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Валярына Кустава

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, на “Беларусьфільме” па сцэнары Валярыны здымаецца кіно, таксама рыхтуецца ўдзел дзяўчыны ў тэлеперадачы, пра якую яна пакуль не распавядае, і ідзе праца над сцэнаром яшчэ адной мастацкай кінастужкі. Нягледзячы на такую загружанасць, Валярына лічыць сваім галоўным заняткам паэзію.

Распавядаючы пра свой працоўны стол, дзяўчына-паэт прызналася, колькі часу праводзіць на радзіме, як цацачны слон можа дапамагчы паспяховай камунікацыі з калегамі і чаму не піша пра сваіх прыхільнікаў і кавалераў у сацыяльных сетках.

Для дысертацыі — камп’ютар, для вершаў — нататнікі

Усе тэксты — артыкулы, сцэнары — я пішу звычайна ў дарозе на сваім маленькім нэтбуку. Гэта падарожны нэтбук, таму асноўная частка працы вядзецца менавіта на ім. Ёсць і стацыянарны хатні камп’ютар. Так як ў Беларусі я праводжу недзе дзве пятых свайго часу на год, на ім пішу больш буйныя рэчы. Цяпер працую над дысертацыяй па творчасці і асобе Уладзіміра Караткевіча ў беларускаім кіно. А вось вершы пішуцца толькі ў нататнікі, іх я заўжды ад рукі занатоўваю, толькі пасля перадрукоўваю.

Я не хачу з’язджаць

Малую прозу — эсэ, рэцэнзіі, нават навуковыя артыкулы, спічы і замоўленыя тэксты — я таксама пішу на гэтым малым камп’ютары ці ў дарозе, ці на літаратурных стыпендыях па Еўропе, куды перыядычна запрашаюць. Працую ўсюды: у цягніках, у летаках, у дамах творчасці, на здымных кватэрах, у гатэлях… У сярэднім у год сукупна на Беларусі знаходжуся каля чатырох-пяці месяцаў — у сувязі са спецыфікай прафесіі шмат часу пераязджаю. Але праз тое няма ніякай унутаранай ці вонкавай няўтульнасці. Наадварот — у цягніках я, прыкладам, адсыпаюся. Люблю новыя месцы, новых людзёў. Але ў Беларусі стараюся па магчымасці знаходзіцца як даўжэй. Бо не бачу сябе па-за ёй. Немагчыма мне без гэтай балючай Беларусі. Я не хачу з’язджаць, і калі ў мяне пытаюцца, дзе я жыву, адказваю, што ў Менску, бо маё сэрца тут, нягледзячы на тое, што ўвесь свет для мяне — нечужы. Але тут мае людзі, мая зямля. Мне гэта з маленства заклалі — цяпер не выбіць нічым ужо.

Сцэнар на айфоне? Лёгка!

Называю сваю мабілку у жарт — айфон паэта, бо ён з крыламі, набыты ў Грэцыі, на радзіме паэзіі, дзе я была сёлета. Цяпер на “Беларусьфільме” здымаецца фільм па маім сцэнары, які я цалкам напісала на айфоне, бо ў мяне не працаваў тады камп’ютар — увогуле, трэба ўжо новы набываць, бо гэты гадоў пяць таму мне прывезла са Штатаў мая сяброўка Марыйка — і мне за трое сутак у Грэцыі давялося перапрацаваць сцэнар для амаль паўгадзіннага дакументальнага фільма. Перапісаць яго кірыліцай, устаўляючы ангельскую “і” і капіюючы “ў”, бо ў мяне ўся клава на лацінцы. Пякельная праца. Але мяне такі працэс нават весяліў. Ці то крылцы мне дамапаглі, ці то сама краіна… Гэта быў вельмі цікавы досвед, знаходзячыся ў сапраўдным раі, пісаць пра беларускую рэчаіснасць, выпісваць хронікі савецкага часу, колькі яшчэ да майго нараджэння каштавала гарэлка, боршч і катлеты ў сталоўцы…. Гэта было вельмі спецыфічна і незвычайна, але ўсё атрымалася.

Дзеўка-паэт-неба

Таксама ў мяне цяпер ёсць Дзеўка-паэт-неба, якую я нарэшце знайшла! Са мной здарылася класная гісторыя з серыі “Так не бывае”. У старым горадзе выспы Родас гэтым летам, заблукаўшы мiж вузенькiх грэчаскiх вулiцаў (каб спазнаць месца — там трэба заблукаць, заўжды так раблю), трапiла ў маленькую крамку старасветчыны... За столiкам пад мядзяным гадзiннiкам сядзеў дзядок з абветранай земляной скурай i густымi сiвымi бровамi, смуглявая, белавалосая жанчына — ягоная даўняя Муза — падносiла яму чырвоную гарбату у белым парцаляным кубку з сiнiмi кветкамi. Яны ўсьмiхнулiся мне, дзядуля падмiргнуў i хiтнуў галавой да правай палiцы, маўляў, ідзі зірні, маю штосьці для цябе… Я гляджу туды і бачу гэтую дзяўчынку — гэта проста Дзеўка-паэт-неба, увасоблены сімвал, які я столькі шукала і знайшла на радзіме паэзіі, у Грэцыі. Глядзі, у яе ёсць ліра, крылы і грудзі! Сапраўдная дзеўка-паэт!

Хоць і лічыцца, што паэты павінны хадзіць з простымі старэнькімі тэлефонамі, на дзень народзінаў мне падарылі апошні “Самсунг Гэлэксі”, а на айфон зарабіла паэзіяй… Але бывае, я іх адлучаю ўсе — калі здараюцца такія моманты, калі свет мусіць пачакаць. (усміхаецца)

 

Летам — без сацыяльных сетак

Я выкарыстоўваю тэлефон і для фатаграфавання. Два гады таму ў Швецыі ў мяне скралі прафесійны люстэркавы фоцік, таму ў мяне няма цяпер фотаздымача. Я за тое, каб пражываць жыццё, яго моманты, хвіліны, а не займацца іх фіксацыяй паўсюдна, але ў скрайнім выпадку здымаю на айфон. У Фэйсбуку я не тое каб ужо вельмі актыўная — адзін пост на трое сутак можа быць ў сярэднім, бывае і раз на тыдзень, пад настрой — гэта не так і шмат. Бывае і больш — калі больш тваіх матэрыялаў выходзіць, на якія спасылаешся. Проста мае запісы часта і шмат аблюбліваюць мае сябры, таму яны падымаюцца дагары і здаецца, што я пастаянна онлайн. (смяецца) У мяне ёсць прынцып: з канца вясны і да пачатку восені я ўвогуле не чытаю навінаў, і стужку сяброў таксама практычна не чытаю, асабліва калі я за мяжой, няма часу чытаць проста фізічна. Трэба працаваць і гуляць. Часам я заходжу на старонку да канкрэтнага цікавага для мяне чалавека і праглядаю, што ён напісаў.

Сацыяльныя сеткі — не для асабістага

Цешыць, што многіх клёвых людзей няма ў Фэйсбуку — яны жывуць па-за сеткамі. У мяне гэта выклікае вялікую павагу. Ці не было ў мяне жадання выдаліцца з Фэйсбука?.. Думаю, калі будзе вартая для гэтага нагода, я так і зраблю. Я аддам перавагу жыццю адназначна. Бо калі мне вельмі кепска ці вельмі добра — я туды не пішу. Гэта прыватнае. Я па некалькі месяцаў не была ў сацыяльных сетках — для мяне гэта не праблема. Магу быць, магу не быць. Я лічу, што сапраўды істотныя, прыватныя рэчы не варта посціць. Некаторыя кажуць мне: “Ой, ты пішаш такія прыватныя рэчы!”, але яны нават не ўяўляюць, што пра сапраўды інтымнае я не напішу ў Фэйсбуку ніколі. Хаця напраўду, часам цяжэй стрымаць дзесяць пальцаў, чым адзін язык. Але трымаю. Напрыклад, пра тое, з кім я сустракаюся… Ці ў каго закаханая. Альбо — каму дапамагаю. Ці як менавіта даглядаю за сваёй бабуляй. Ці пра тое, як мае бацькі дома танчаць пад паціфон… Гэта ўсё — жыццю. Аскепкі могуць далятаць вершамі ці кавалкамі прозы, але тое ўжо — мастацкая літаратура.

 

Натхняльны “Стары Менск”

Гэта карціна “Стары Менск” Міколы Купавы, яна мяне натхніла на першы верш пра Менск, які ўвайшоў у маю першую кнігу. Калі я пісала гэты верш, натхнёная карцінай Купавы, мне было гадоў шэсць. З таго часу яна ў мяне і вісіць, а карціны Алеся Марачкіна і Уладзіміра Сулкоўскага — у бацькоў.

Не больш за адну цацку ад аднаго кавалера!

Гэтага слоніка ручной працы завуць Бруге. Яго мне падарыў адзін кавалер у Брусэлі. Больш за адну мяккую цацку ад аднаго кавалера я не прымаю. (смяецца) Выключэнне толькі мой старэйшы калега Уладзімір Някляеў, ад якога з юнацтва маю больш цацак, але яны ўсё кішэнныя. У бацькоў таксама стаіць слон Лаўрэат, якога атрымала за перамогу ў конкурсе вершаваных твораў, што праводзіўся ў Парыжы па ініцыятыве ЮНЭСКА, але я тады зусім шкалёнкам была.

Цацка для паспяховай камунікацыі

А гэтага класнага слана завуць Вова — скарочана ад першых двух літараў двух імёнаў — Войцэх-Вацлаў (апошняе — у гонар Ластоўскага). Ён мне вельмі дапамагаў, калі я працавала ў адным пакоі з гарадзенскім мовазнаўцам Юрасём Пацюпам у выдавецтве. У нас было правіла: калі слон сядзіцьтварам да яго, значыць, Юрась можа гаварыць са мной, калі бокам, то толькі калі вельмі трэба, па справах, а калі слон сядзіць срачкай, то маю ўвагу ён не мае права адцягваць. І часцей за ўсё слон сядзеў менавіта так. (смяецца) Такім чынам мы захавалі з калегам добрыя стасункі.

Частка калекцыі

Раней я збірала калекцыю талерачак і званочкаў з тых месцаў, дзе бывала. Але большая іх частка зараз у бацькоў, у іх жа захоўваюцца і мае магніцікі (магніцікі ўвогуле ледзь лядоўню не зламалі, столькі іх накапілася на дзьвярох), розныя дыпломы і граматы. У сябе я пакінула толькі маленькую частку… Бо папросту не адчуваю патрэбы цяпер штосьці матэрыяльнае калекцыянаваць, збіраць. Наавадрот — хочацца пазбаўляцца ад непатрэбшчыны, ад лішняга. А вось баця — з прыемнасцю пераняў эстафету. І я цяпер прыводжу з-за мяжы ўсё яму і мамцы — яны радуюцца.

Ровар ад Малчанава

Гэты ровар мне Саша Малчанаў скруціў і падарыў. Я лічу яго адным з найцікавейшых беларускіх актораў, а таксама яго маладзейшага калегу — Рамана Падаляку… Я нават спецыяльна ездзіла ў Беласток на польскі спектакль “Антыгона”, каб паглядзець, як ён грае. Увогуле так не прынята рабіць, бо мае сябры здівіліся, калі я вырашыла ехаць. А мая мамка, напрыклад, часта ездзіла ў Маскву ў студэнцтве, каб паглядзець спектаклі з любімымі акторамі. І я, працягваючы традыцыю, пару тыдняў таму з’ездзіла ў Беласток на Малчанава.

Неафіцыйнае імя

Дыпломы і граматы я, як ужо сказала, збольшага аддала матулі і бацю на захаванне, але вось гэты дыплом пакінула, бо ён мяне вельмі весяліць. На ім напісана “Валярына Кустава” — неафіцыйная форма майго імя ў афіцыйным дакуменце, падпісаным на ўсіх узроўнях. Мяне чамусьці так усе называлі ва ўніверсітэце і нават дыплом выдалі Валярыне. (смяецца) І дэканы, і мастацкія кіраўнікі, выкладнікі ў інстытуце мяне спачатку называлі Валерыя, а калі даведваліся пра Валярыну, чамусьці пераходзілі да гэтага звароту. Прытым, часта да ласкавай формы імя. І ўсе мае навуковыя кіраўнікі казалі мне: дзетачка, Валерачка… (смяецца)

 

Вершы са зламанай рукой

Гэта фотаздыміак з гісторыяй. Выступала ў Літаратурны Калоквіўме ў Берліне, дзе я жыла на беразе ракі Ванцэй ў старажытным палацы ў Доме творчасці па запрашэнні... Тут не бачна, але ў мяне рука зламаная тутака і гіпс. Я ўпала ў вадаспад на камяні, бо сябра мой Сашка Бярозкін, з якім мы лазілі па вадаспаду, сказаў, што калі я пераскочу праз пару камянёў і залезу ў сярэдзіну вадаспаду, атрымаюцца крутыя фоткі — і я вось паверыла мужчыну… (смяецца) Цяпер — асцярожней намнога ў гэтым плане. Зламала тады руку правую ў трох месцах... Мне пашанцавала — трапіла ў лепшую клініку ручной хірургіі ва ўсёй Еўропе, дый пасля таго ў мяне выдатна развіліся і аднавіліся навыкі ўсё лёгка рабіць і левай рукой. Зрэшты, рукалася я заўжды ёй, так зручней было. І ў футбол левай нагой забівала. Праўда, што да баскетболу — то абедзьвума вяду. Тады, карацей, апранула белую кашулю, каб гіпс гарманічна ўпісаўся ў вобраз... Узяла мікрафон у левую і пайшла за дзень да аперацыі выступаць. А што, затое запомнілася. Але на музычных інструментах мне той выпадак і цяпер не замінае граць, мне нават здаецца, тыя геніяльныя дактары яшчэ і палепшылі мне расцяжку ў пальцах… (смяецца)

На экране з 6 гадоў

Кіношная хлапушка таксама з Берліна, мне яе падарыў нехта, ужо не памятаю, хто... Здаецца мая сяброўка Ліса, амерыканка, што вывучала тарашкевіцу, а потым прыехала ў Беларусь і мне давялося з ёй паўсюль хадзіць, бо яе не разумелі… Дык вось тады яна акурат навучалася ў Берліне, калі я там жыла. З кіно ў мяне дачыненні даволі даўнія. З самага маленства рабілі фільмы розныя пра мяне дакументальныя... Апошні з цыклу “Пераемнікі” Андрэя Куцілі і Вячаслава Ракіцкага. Але нядаўна прапанавалі сыграць ролю ў мастацкім фільме. Думаю, што гэта можа атрымацца, мне будзе цікава, бо я люблю працаваць у розных іпастасіях. Але перадусім маё — гэта літаратура, усё астатняе — спробы спазнаць сферы, сумежныя з ёй, што знаходзяцца ў адной мастацкай прасторы. Я ствараю тэксты з эмоцыяў, роздумаў і душэўных адкрыццяў, а ўсё астатняе да гэтага далучаецца.

Незвычайная бабуля

У мяне шмат дыскаў — мне сябры даюць дыскі з добрай музыкай і нават кружэлкі, бо ў мяне ёсць прайгравальнік. Ёсць у мяне дыск з голасам Уладзіміра Караткевіча, напрыклад... Але самае цікавае — гэта вось гэтыя дыскі. Калі мне было сем-восем год, да маёй бабулі прыходзілі беларускія мастакі, музыкі на Каляды — тут змешчанае відэа з гэтых незвычайных пасядзелак. Тут бабуля, я, мой брат спяваем народныя песні... Яўген Вапа, якога я папросту абажаю, паслухаўшы мае расповеды пра бабулю, сказаў, што я мушу больш шчыльна заняцца гэтай тэмай і напісаць пра бубулю, пра свой род, сям’ю, карані, бо ўсё гэта незвычайна. Мая бабуля — чараўніца. Ёй цяпер за 80, а яна ўсё спявае і піша кнігі для дзетак і па методыцы выкладання беларускай мовы. І я патроху займаюся сваім родам. Каб лепей разумець сябе і свет, будучыню — трэба ведаць, што было. Няблага — пачаць з сябе.

Ружовыя візіткі

Люблю прыгожыя рэчы і ўчынкі. Вось адна з іх — візітовачніца з маімі фірмовымі візіткамі. Таксама падарунак. Гэта візітоўніца пісьменніка, бачыш? На ёй пімпачкі друкаркі. Зрэшты, у бацькоў у шафе стаіць і сама друкарская машынка, на якой мае першыя вершы друкаваліся, калі не было кампоў… У мяне два камплекты візітовак: ярка-ружовыя яшчэ з юнацтва, а калі я вырасла, Лесунок (брат Алесь) мне зрабіў больш дарослыя, прыстойныя, стылёвыя карткі. Першая візітоўка мяне весяліць, а сучасную можна раздаваць сур’ёзным людзям, хаця яны чамусьці ўсе просяць першую. (смяецца)

Візітовачніц у мяне шмат, але мне іх заўжды не хапае, бо ўсе даюць мне свае візоўкі. Я часам іх чышчу, пакідаючы толькі самыя патрэбныя, але ўсё адно іх вельмі шмат... О, і цяпер, бачу, зноў трэба пачысціць…

Абраз з Грэцыі

У мяне тры такіх абразы: драўляны, маляваны і срэбны. Калі гэтым летам я была ў Грэцыі, у мяне скралі грошы, пашпарт... Мне вельмі пашанцавала, бо ў гарах мяне прытуліла сям’я грэкаў і дала пажыць у келлі пры Царкве Святой Божай Маці Цамбікі. Практычна мяне зратаваўшы тым. Яны апякуюцца кляштарам, дзе я жыла нейкі час. Гэта сям’я падарыла мне тры такія абрызы: адзін у бабулі, другі ў бацькоў, трэці ў мяне. А чырвоная стужачка на маёй руцэ — абярэг ад грэчаскіх манахаў. Моцная зброя і дапамога Космасу.

Рарытэтныя нашыўкі

Набыла цэлую калекцыю рарытэтных нашывак і значкаў у гарадзенскага калекцыянера. Думаю падарыць іх майму сябру, які займаецца гістарычнай рэканструкцыяй, бо для яго гэта больш важна і прыемна, чым для мяне. Яны сапраўдныя, можна сказаць, рарытэты найноўшай беларускай гісторыі: нашыўкі, што рэальна знаходзіліся на форме беларускага спецназу, міліцыі і ўзброеных сілаў (акурат на фотаздымку) ды агульнавайсковыя, а таксама афіцыйныя значкі на шапкі. Некаторыя з іх паюзаныя, некаторыя навюткія. І першы, і другі варыянт — больш чым каштоўныя. Цікава, што ў сярэдзіне крывавых адраджэнскіх 90-х, калі сімволіку шчэ не паўсюль паспелі змяніць, міліцыя разганяла дручкамі мітынгі, а на форме ў вартаўнікоў парадку былі вершнiкi з бчб сцягамі. Калі я бачу такія рарытэтныя рэчы, я іх набываю. На публіку іх звычайна не паказваю... А яшчэ мне б вельмі хацелася займець сапраўды наш сцяг, вялікі такі, каб можна было яго на плечы накінуць, бо ў мяне ніколі такога не было.

Я не прывязваюся да рэчаў

Наогул жа апошнім часам да рэчаў стаўлюся прасцей, чым раней, не прывязваюся да іх. Так сталася, што мяне двойчы ў жыцці абрабавалі ўшчэнт — скралі ўсё чысценька, што было, усе грошы, тэхніку і дакументы. Першы раз — два гады таму ў Швецыі, і цяпер — у Грэцыі. Працавалі прафесійна. Гэта мяне вывела на новы ўзровень: я пераацаніла свае прыярытэты і каштоўнасці, зразумела, што насамрэч для мяне з’яўляецца самым істотным. Перадусім гэта думкі, ідэі і людзі.