Музей Максіма Багдановіча рэарганізуюць ці закрываюць?

Музей Максіма Багдановіча закрываюць. Такія звесткі сталі з’яўляцца ў інтэрнэце...

Музей Максіма Багдановіча закрываюць. Такія звесткі сталі з’яўляцца ў інтэрнэце 9 снежня — у дзень народзінаў класіка беларускай літаратуры. У самім музеі чуткі аб закрыцці абвяргаюць. Але ж змены ў лёсе ўстановы адбудуцца. 

Дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч у каментары для Naviny.by паведаміла: «Гэта няпраўда, музей не закрываюць, ён працягвае працаваць. Я не ведаю, адкуль і чаму ідзе такая інфармацыя і каму яна можа быць выгоднай. Магчыма, такія чуткі з'явіліся таму, што музей закрыты для наведнікаў у сувязі з капітальным рэмонтам, дэмантаваная экспазіцыя. Зараз ідзе праца над тым, каб аднавіць экспазіцыю музея, зрабіць яе больш цікавай і сучаснай».

Літаратурный музей Максіма Багдановіча

Музей Багдановіча стане філіялам

Паводле Таццяны Шэляговіч, неўзабаве адбудуцца змены і ў статусе музея: «Музей Максіма Багдановіча страціць статус музея, ён стане філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта адбудзецца, калі Савет міністраў прыме пастанову аб рэарганізацыі музейнай сферы».

Пасля прыняцця рашэння, якое чакаецца да новага году, музей Максіма Багдановіча перастане быць юрыдычнай асобай, супрацоўнікам будзе дадзены пэўны час, каб прывесці ўсе справы ў парадак і перайсці на новыя рэйкі.

“Рэарганізацыя скасуе ўстанову, але ж не сам музей Максіма Баглановіча. Так, мы страчваем самастойнасць, але ж мы будзем працягваць займацца вывучэннем спадчыны Максіма, будзем і надалей ладзіць рознага кшталту літаратурна-масавыя, адукацыйныя, музычныя мерапрыемствы”, — падкрэсліла Таццяна Шэляговіч.

Адказваючы на пытанне, ці пакідаюць за музеем іх будынак, дырэктар адзначыла: “Так, мы застаемся там жа. Пакуль застаемся. Што будзе далей, адзін Бог ведае”.

Пасля прыняцця рашэння аб змене статуса ўсе фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча будуць перададзеныя Музею гісторыі беларускай літаратуры.

“Мы не будзем мець права на свае аддзелы: экскурсійна-масавы, экспазіцыйны, фондавы… Пасля змены статуса ў нас застанецца толькі наша калекцыя. Пошукам новых матэрыялаў, фактаў пра асобу, жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, якія будуць ўключаныя ў навуковы ўжытак, будуць займацца супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры”, — распавяла Таццяна Шэляговіч.

З 40 супрацоўнікаў застанецца пяць чалавек

Таксама дырэктар музея адзначыла, што пасля рэарганізацыі ў філіяле застануцца загадчык і некалькі супрацоўнікаў: “Сёння ў штаце нашага музею 40 чалавек. Сюды ўваходзяць і тыя людзі, якія працуюць ў нашых філіялах “Беларуская хатка” ў Мінску і “Фальварак Ракуцёўшчына” ў Маладзечанскім раёне.

Вам ужо вядома, што з 1 студзеня 2014 года адбудзецца аптымізацыя штату ўсіх культурных установаў, яны страцяць па 25-30 адсоткаў людзей. Мы губляем 20 адсоткаў нашых супрацоўнікаў: з 40 чалавек застанецца працаваць 32. А пасля таго, як з музея Максіма Багдановіча зробяць філіял, застанецца толькі сем ці пяць чалавек, а можа, і таго меней. Магчыма, частка людзей будзе працаваць у Музеі гісторыі беларускай літаратуры”.

Пры гэтым Таццяна Шэляговіч асабліва падкрэсліла, што “супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча як папулярызавалі яго творчасць, так і будуць рабіць гэта надалей, нягледзячы на стутус”.

“Мы цяпер бярэм на сябе нават павышаныя абавязацельствы!”, — сказала дырэктар музея.