Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Дыктатура можа дапамагчы беларускім творцам дайсці да еўрапейскага чытача
    Вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава наведала Мінск для ўдзелу у фестывалі еўрапейскай прозы «Еўрапеана»...
  2. Беларускі спектакль трапіў у атмасферу ўсерасійскай гістэрыі
    Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра скандал пасля спектакля “Бі-Лінгвы” ў Маскве…


Культура

Зміцер Вайцюшкевіч заспяваў беларускі шансон у саўне


Прэс-аташэ музыкі Змітра Вайцюшкевіча Зміцер Безкаравайны да апошняга не распавядаў журналістам, дзе адбудзецца прэс-канферэнцыя з артыстам з нагоды выхаду яго новага альбома беларускага шансону “Варанок”. “Гэта будзе цікавае месца”, — толькі і паведамляў раз за разам Зміцер. Літаральна за некалькі гадзін да пачатку прэс-канферэнцыі высветлілася, што яна адбудзецца ў… саўне.

На ўваходзе мы распрануліся і пераабуліся ў мяккія белыя тапачкі. Вайцюшкевіч у святочныя белым строі, сіняй кашулі і цёмных акулярах, якія журналісты празвалі нешансонскімі, сядзеў на скураной канапе і распавядаў пра сваю новую турэмна-лірычную праграму, якая склала “Варанок”.



Зміцер адчуваў сябе разняволена, час ад часу ўключаў “блатнога парня”, праз кожныя дзесяць хвілін прапанаваў частавацца півам і шашлыкамі і прасіў паболей правакацыйных пытанняў. На піджаку ў Змітра была стужка колераў украінскага сцяга. “Мы падтрымліваем Украіну!” — некалькі разоў знянацку выгукаў артыст.


Натхнёны Генадзем Бураўкіным

На стварэнне свайго шансону, які замест рускага прапануе ўсім слухаць Вайцюшкевіч, музыку натхніў паэт Генадзь Бураўкін, які і напісаў большасць тэкстаў да альбома. «Варанок» складаецца з 13 песень: 12 асноўных і адна бонусная кампазіцыя. Адна з асноўных песень напісаная на словы Уладзіміра Някляева.



“Гэта для мяне вельмі цікавы вопыт, бо атрымліваецца, што на вершы Бураўкіна гэта мой другі альбом. Што тычыцца Някляева, ёсць песні, такія як “Красуня-вясна” ці “Жыве Беларусь!”, якія яшчэ не запісаныя, і іх давядзецца неяк выдаваць. Гэтыя два аўтары сталі маімі надзейнымі сябрамі, такімі ж пакутнікамі — мы ўсе забароненыя”, — дзеліцца музыка.

Нядаўна рэпер Vinsent сумесна са Змітром Вайцюшкевічам прэзентавалі сумесную песню «Дачакайся, матуля», якая і стала бонусным трэкам. Кампазіцыя была зробленая пры ўдзеле вакалісткі гурта Apple Tea Сашы Захарык.




Першы беларускі шансон

Калі вам скажуць, што гэта не шансон — не верце. Гэта шансон, менавіта яго я бачу ў альбоме. Больш за тое: гэта першы беларускі шансон, першы каменчык, з якога можа нарадзіцца чарговы альбом, калі нехта іншы асмеліцца зрабіць гэта па-свойму, можа, лепш, чым я. Маё асабістае ўражанне ад альбому — пазітыўнае. Мы досыць доўга рыхтаваліся, а пасля досыць хутка запісалі альбом з добрымі музыкамі.


Не зусім турма

Вельмі важна: тое, што ёсць ў гэтым праекце — гэта не хі-хі і не ха-ха. Канечне, ёсць крыху і гэтага, але збольшага гэта спроба распавесці пра чалавека, які пражыў свае сорак-пяцьдзесят гадоў, зразумеў, што жыў не так, як хацеў, і не ведае, што з гэтым рабіць. Гэта не зусім турма. Можна сказаць, што гэта рэстаранны альбом. Прыйшоў чалавек з пані трошку ў гадах, і з яго выходзіць усё, што набалела за гэтыя гады. Праз размову, праз алкаголь ці, як кажа Бартосік, праз боль. Трэба вызначыцца: што гэта: блатныя песні, альбо песні пра чалавека ў складаных жыццёвых абставінах, у якіх ёсць месца смеху, іроніі, пародыі…



Песнямі зацікавіліся кабацкія музыкі з Магілёва

Пакуль яшчэ моцнага фідбэку няма, але нядаўна мне пазванілі два магілёўскія кабацкія музыканты, якія знайшлі мой нумар праз трэціх ці чацвёртых людзей — хочуць граць мае кампазіцыі. “Колькі ты хочаш аўтарскіх працэнтаў за гэтыя песні?” “Пацаны, дамовімся па-брацку”, — адказаў я. Галоўнае, каб яны гучалі, бо ў Расіі, ва Украіне ёсць свой шансон, а ў нас ён як маветон. Толькі дзеля гэтага варта рабіць такую музыку, нават калі акажацца, што гэта першы і апошні такі альбом.




Я хацеў аб’яднаць чатыры пакаленні

Ідэя мікса з Вінсэнтам і Сашай Захарык нарадзілася таму, што я хацеў аб’яднаць чатыры пакаленні. Матулі Бураўкіна споўнілася сто гадоў, самому Бураўкіну 77, мне 42, ну а Захарык разам з Вінсэнтам па 24-26 год. Атрымалася чатыры пакаленні, гэта так сімвалічна, мне здаецца.



У беларусаў няма песень пра маму

Аказалася, што тысячы беларусаў ні на водным “Славянскім базары” не могуць спець песню пра маму. Народныя калектывы такія песні стваралі, але яны чамусьці не сталі такімі папулярнымі як “Касіў Ясь канюшыну” альбо “Я нарадзіўся тут”. І я захацеў зрабіць такі прэцэдэнт — падарыць белусам песню пра самага дарагого чалавека. Я бачыў, як падчас выканання “Дачакайся, матуля” людзі плачуць. Я і сам ўжо без мамы, без таты, таму і мне асабіста гэта важна.




Беларускі шансон — ад Мінска да Берліна

Пачынаюцца міні-прэзентацыі праекту. Першая прэзентацыя ў Мінску 12 снежня ў “Арт-сядзібе”, другая — 16 снежня на сядзібе БНФ, магчыма, туды будуць запрошаныя нашыя былыя палітвязні і сваякі тых, хто зараз у турме. Плануюцца прэзентацыі ў Маскве, Пецярбурзе, потым Варшава, Познань, Гданьск, Беласток. У Берліне ўжо прэм’ера абдылася. Можа, атрымаецца зрабіць праект Літва-Беларусь. Лондан, Антвэрпэн, Брусэль у планах. Па электрычках думаем прайсціся… Я асабіста з гітарай буду ездзіць паўсюль, куды можна заскочыць з беларускім шансонам. А наогул — харошая песня распаўсюдзіць сябе сама.



Альбом для цёці Марусі

Праект не для экспертаў. Гэтыя песні для маёй цёці Марусі, для Казіка, для слухачоў радыё “Рацыя”. Гэта альбом для тых беларусаў, якія ссумаваліся па беларускай песні на канцэртах. Зараз нават “Бяседа” ператвараецца ў рускі калектыў — па кацюмах, па настроі, а народ наш гэта адчувае, бо яго не падманеш, людзям хочацца нешта сваё пачуць.



Песня для “Славянскага базара”

Песня “Ты — залаты” на словы Някляева — для “Дажынак” і для “Славянскага базара”. Ёй можна закрываць гэты фестываль. Дарэчы, друга назва песні “Віцебск-2030” — менавіта ў гэтым годзе, я мяркую, мяне запросяць на “Базар” з гэтай песняй. Вось я толькі думаю, каго ўзяць на падпеўкі — Бабкіну ці Кадышаву.



“Ну што, пытанні скончыліся? Хадзем тады парыцца! Каго папарыць?” — звярнуўся да журналістаў Вайцюшкевіч, беручы прасціну і накіроўваючыся ў саўну.


Фота Вольгі Кляшчук

Оценить материал:
Средний балл - 4.43 (всего оценок: 7)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева