“Хто такі Б.Святлоў, каб паніжаць статус Максіма Багдановіча?”

Дзеячы беларускай культуры звярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча...

Знакамітыя дзеячы беларускай культуры звярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча з нагоды пераўтварэння музея Максіма Багдановіча ў філію Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. 

Музей Максіма Багдановіча

Яны нагадваюць, што тры гады таму Савет міністраў Беларусі пастановай № 187 зацвердзіў план мерапрыемстваў да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Выкананне плана ўскладвалася на Міністэрства культуры. Згодна з пастановай Міністэрству культуры даручалася:

1. Сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам усталяваць у Гродне, горадзе дзяцінства паэта, помнік Максіму Багдановічу.

2. Сумесна з Міністэрствам замежных спраў стварыць выставачную залу Максіма Багдановіча ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

3. Сумесна з музеем М. Багдановіча адчыніць “Беларускую хатку” — філіял музея на Рабкораўскім завулку ў Мінску.

4. Сумесна з ТАА “Трайпл” аднавіць у Мінску дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч.

“Спіс можна было б прадоўжыць, але ў тым няма сэнсу, бо ніводнае з гэтых даручэнняў Савета міністраў не выкананае, — канстатуюць аўтары адкрытага ліста. — Ніводнае! У звязку з гэтым проста глумленнем над памяццю Максіма Багдановіча выглядае загад міністра культуры аб фактычным закрыцці музея паэта ў Мінску. Размова йдзе менавіта аб закрыцці, бо мы лічым, што з паніжэннем статусу музея да статусу філіялу з будынку ягонага будзе спачатку перанесеная экспазіцыя, а пасля будзе забраны і сам будынак. Вось што насамрэч стаіць за словамі пра “аптымізацыю дзейнасці музея” ў загадзе міністра культуры Б. Святлова, падставай для якога быццам бы стала рашэнне калегіі міністэрства”.

“Мы не пытаемся, хто такі Б. Святлоў, каб паніжаць статус Максіма Багдановіча, — гаворыцца ў лісце дзеячоў культуры да прэм’ер-міністра. — Мы не пытаемся, каму закарцела забраць музейны будынак. Мы, падпісанты гэтага адкрытага ліста, прадстаўнікі беларускай культуры, пытаемся: чаму ў беларускай дзяржаве не ўкараняецца, а мэтанакіравана вынішчаецца ўсё глыбінна беларускае, як такое ўвогуле можа быць?.. Разумеючы, што пытанне гэтае рытарычнае і наўрад ці вы на яго адкажаце, хацелі б мець адказ на пытанні канкрэтныя:

1. Чаму не выкананыя даручэнні ўрада, якім вы кіруеце?

2. Ці зацвердзілі вы подпісам кіраўніка ўрада загад міністра культуры пра паніжэнне статуса, а фактычна пра закрыццё музея класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча?”.

Адкрыты ліст падпісалі пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, мастак Алесь Марачкін, рэжысёр Валерый Мазынскі.

Нагадаем, 11 снежня ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная гэтай жа тэме. Падчас яе пісьменнік і філосаф Уладзімір Арлоў назваў рашэнне Міністэрства культуры аб паніжэнні статуса музея Багдановіча “вельмі моцным ударам па беларускай культуры”. А паэт Уладзімір Някляеў назваў гэта “спробай захапіць маёмасць, якая не належыць ні Мінкультуры, ні гораду, а належыць Беларусі, беларусам, нашай гісторыі і літаратуры”.