Артур Клінаў напісаў раман пра “блядкі, пляшкі, смурод” і не толькі

Раман “Шклатара” — шчыры і праўдзівы аповед пра бурапеннае жыццё самага, бадай, багемнага месца творчага Мінску...

Пісьменнік, мастак і выдавец Артур Клінаў напісаў раман “Шклатара” — шчыры і праўдзівы аповед пра бурапеннае жыццё самага, бадай, багемнага месца творчага Мінску — галерэю “Ў”. Як прызнаўся сам аўтар, гэта рэалістычны твор, выхаплены з жыцця.

Нягледзячы на тое, што аўтар напачатку аповеда прадбачліва пазначыў стандартнае “усе героі і падзеі прыдуманыя, а супадзенні выпадковыя”, многія сталыя наведнікі галерэі сябе пазнаюць, некаторыя, мабыць, пакрыўдзяцца на пісьменніка.

Пра гэта і іншае Артур Клінаў распавёў перад аўтограф-сесіяй, што абдылася вечарам 8 студзеня — правільна! — на месцы падзей рамана, у галерэі “Ў”.

“Не толькі блядкі, пляшкі, смурод”

Напачатку далі слова рэдактарцы кнігі Ірыне Герасімовіч. Пакуль яна чытала ўрывак з рамана і апавядала, Артур Клінаў сціпла стаяў побач, апусціўшы галаву, час ад часу хістаў ёй і паціскаў плячыма, пагаджаючыся ці, наадварот, унутрана спрачаючыся з прамоўцай.

Рэдактарка павіншавала прысутных з тым, што ў Мінску ёсць людзі, “якія далюбліваюць галерэі”, і з тым, што ў галерэі “Ў” не толькі “блядкі, пляшкі, смурод і гэтак далей, але і цудоўныя кнігі. І сёння мы маем магчымасць бліжэй пазнаёміцца з кнігай, што выйшла тут нядаўна”.

Найбольш каштоўным, паводле Ірыны Герасімовіч, з’яўляецца тое, што раман Клінава яскрава і дакладна перадае атмасферу гэтага месца: “У гэтым памяшканні былой шклатары, акрамя блядак, пляшак і ўсяго пералічанага, ёсць яшчэ атмасфера. І яна атрымала сваё ўвасабленне — цяпер не толькі ў градусах, але і на паперы. Калі б у галерэі не было гэтай атмасферы, не было б і раману “Шклатара”, які вельмі адэкватна і чулліва яе адлюстроўвае”.

Рэдактар зрабіла акцэнт на тым, што “Шклатара” апавядае не толькі пра галерэю, не толькі пра “угарню”, як называе аўтар кнігарню “Логвінаў”, але і “пра аднаго асобнага чалавека, які шчыра дзеліцца сваім досведам. Тут вядзецца гаворка пра каханне, сэкс, страх, нянавісць — пра ўсё тое, што не можа не чапляць кожнага з нас. Таму, на мой погляд, гэта кніга мае больш шырокае кола чытачоў, чым тыя, хто часта бывае тут”.

Калі Ірына скончыла віншаваць прысутных і аўтара з выхадам “вельмі асабістага для яго раману”, яна прапанавала паламаць традыцыю і зрабіць аўтограф-сесію наадварот: чытачы мелі магчымасць падпісаць кнігу для аўтара. Праўда, жадаючых пакінуць свой след у “Шклатары” знайшлося няшмат: усяго тры чалавекі…

“Я хацеў напісаць раман пра Беларусь”

Артур Клінаў паабяцаў вялікую прэзентацыю рамана і крыху распавёў пра ўласнае бачанне твора.

“Я хацеў напісаць раман пра Беларусь, — прызнаецца аўтар. — Пісаў так, каб ён быў праўдзівым, рэальным: з рэальнымі месцамі, людзьмі, падзеямі, у рэальным часе”.

Пісьменнік падкрэсліў, што не хацеў бы, каб яго кнігу ўспрымалі як аповед пра чырвона-зялёную ці бел-чырвона-белую Беларусь, бо ўсе мы жывем у адной краіне: “Нас усіх аб’ядноўваюць рэчы і пачуцці, агульныя для нашай краіны, усе мы плывем на адным караблі пад назовам “Беларусь”.

“Атрымаўся раман ці не, меркаваць чытачам”, — справядліва скончыў сваю кароткую прамову Клінаў і пачаў падпісваць кнігі будучым чытачам.

Пасля таго, як кнігі былі падпісаныя, а кампліменты і віншаванні прынятыя, Артур Клінаў адказаў на пытанні Naviny.by.

— Спадар Артур, што для вас асабіста значыць галерэя “Ў”?

— Для мяне гэта знак таго, што Мінск нарэшце стаў горадам. Да таго, як гэтае месца з’явілася, у нас не было галерэй. Гэта нейкая анамалія: у двухмільённым мегаполісе ніводнай галерэі! А ведаеце, чаму? Таму што галерэі з’яўляюцца ў тых гарадах, дзе жывуць гараджане, а не вясковае насельніцтва, бо на вёсцы яны не патрэбныя, там іншы космас. Адразу, як з’явілася галерэя “Ў”, пачаўся актыўны працэс: гэтае месца абуджала, выяўляла тое, што доўга назапашвалася ў творчым асяродку. Гэта галерэя знакавая для мяне.

— Ці мае галоўны герой раману рысы Артура Клінава?

— Калі я скажу, што не, не мае, усё наадварот, гэта будзе няпраўдай, але і не атаясамліваю яго з сабой цалкам. Няхай чытач вырашае, наколькі галоўны герой спісаны з аўтара…

— Калі выйшаў ваш перадапошні раман “Шалом”, вы гучна заяўлялі, што ён стане бестсэлерам, зладзілі цэлую рэкламную кампанію. Ці ёсць у вас спадзеў, што і “Шклатара” стане бестсэлерам?

— Што тычыцца “Шалома”, то вы разумееце, што гэтая кампанія была PR-ходам. Мы зладзілі буфанаду, гульню, бо і герой рамана Андрэйка — персанаж гратэскны, батлейкавы. Але я мяркую, што “Шалом” стаў бестсэлерам у нейкім сэнсе. Ён быў перакладзены на замежныя мовы, выдадзены за мяжой… Але бестсэлер — гэта тое, што прадаецца, а ўсе мы ведаем, што літаратурай наш аўтар рэдка калі можа зарабіць. Ніхто з пісьменікаў даўно са сваёй творчасці не жыве. Не толькі ў Беларусі, але паўсюль так. Толькі ідыёт спадзяецца, што ён сваім творам можа нешта зарабіць. Тыя, хто сёння жыве з літаратуры — гэта, хутчэй, выключэнні.

“Шклатара” мае больш шырокую аўдыторыю, чым “Шалом”. Бо ў тым рамане ў тэкст убудаваная пэўная гульнявая канцэпцыя. Гэта цалкам постмадэрнісцкая рэч. А “Шклатара” — твор чыстага рэалізму, у ім няма ніякіх канцэпцый, ён пра само жыццё, непрыдуманы, таму я спадзяюся, ён будзе шмат каму цікавы.


Артур Клінаў — мастак, пісьменнік, выдавец, галоўны рэдактар часопіса pARTisan. З 2009 года працуе ў кіно (мастак фільмаў «Масакра» і Hard Reboot, рэж. А. Кудзіненка). У 2011 годзе прадстаўляў Беларусь на 54-й міжнароднай Біенале ў Венецыі. Аўтар кніг «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» (перакладзеная на нямецкую, польскую, шведскую, расейскую і венгерскую мовы), «Шалом. Ваенны раман» (перакладзеная на расейскую мову).