Тэатральнае жыццё “Пана Тадэвуша” пачынаецца са скандалу?

Па сеціве распаўзаюцца чуткі, што з пастаноўкі прыбралі сцяг з выявай “Пагоні”…

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 15, 16 і 17 студзеня пройдуць прэм’ерныя паказы спектакля “Пан Тадэвуш”. Рэпетыцыі пачаліся шчэ ў верасні, але пастаноўшчык Мікалай Пінігін нават зараз не можа сказаць, ці задаволены ён тым, што атрымалася.

“Гэта як пытаць бацьку, ў якога дзіцяці нарадзілася толькі ўчора, ці задаволены ён сынам, — жартуе Пінігін. — Пакуль яшчэ рана казаць пра вынікі”.

Мікалай Пінігін

“Калі я толькі ўзяўся ставіць “Пана Тадэвуша”, то падумаў, наўжо беларусам не цікава, што пісаў вялікі польскі паэт беларускага паходжання Адам Міцкевіч, які нарадзіўся пад Навагрудкам і сваё дзяцінства і юнацкія гады правёў там. Нават калі ён пісаў “Litwo! Ojczyzno moja!” — ён гаварыў менавіта пра гэтыя мясціны, што раней былі Вялікай Літвой, а ў той час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. А ў паэме ўзгадваецца і Наваградак, і Мір, і Мінск, і Пінск — вось што гэта была за Літва”, — адзначае Пінігін.

Пра гастролі ў Парыжы ён пакуль падрабязнасцей не раскрывае. “Пакуль невядома, на якой пляцоўцы мы будзем выступаць. Нас запрасіла французская амбасада, зараз яны шукаюць нам сцэну, каб выканаць дасканала тэхнічны райдэр. Гэта даволі няпростая справа, бо ў нас шмат складаных дэкарацый”, — гаворыць Пінігін.

Дарэчы, ён упэўнены, што французам будзе цікава паглядзець пастаноўку, бо “сто восемдзесят год спаўняецца сёлета, як Міцкевіч у Парыжы напісаў гэтую паэму. Там ёсць вялікая бібліятэка Міцкевіча. Канешне, яго там ведаюць, гэта ж сусветнавядомае імя”.

Сама паэма для пастаноўшчыка вельмі важная, ён гаворыць, што “калі Міцкевіч быў у эміграцыі, ён вельмі сумаваў па радзіме. І таму яна ўся як бы афарбавана гэтай тугой. У паэме цудоўная рамантычная паэзія, а самае галоўнае — у нас ніколі не ставілі “Пана Тадэвуша”.

Касцюмы для спектаклю — гэта стылізацыя на тэму 19-га стагоддзя. Але і зброя, і адзенне выглядаюць вельмі натуральна. Сцэнаграфія пастаноўкі незвычайная, у ёй выкарыстана відэапраекцыя ўрыўкаў кінастужак “Пан Тадэвуш” Анджэя Вайды (1999 год) і нямога фільма Рычарда Ардынскага (1928 год). Апошні палякі здымалі ў ваколіцах Наваградка.

Для Мікалая Пінігіна гэтая пастаноўка ў нейкай меры асветніцкі праект: “Я хачу, каб пасля пастаноўкі людзі пайшлі і набылі сабе твор Адама Міцкевіча, каб яны атрымалі асалоду ад гэтай моцнай паэзіі”.

Паэма займае больш за 400 старонак, а сцэнар атрымаўся ў 60 старонак. Пастаноўшчык адзначыў, што пры скарачэнні і адаптацыі тэкста не згубілі ніводнай сюжэтнай лініі.

“Трэба трымаць сюжэт, бо без яго ўсё распадаецца. Можна ўзяці таго ж “Яўгенія Анегіна” ці “Анну Карэніну” і зрабіць версію твора, бо ўсе ведаюць змест. А “Пана Тадэвуша” не ведаюць, таму і версію зрабіць немагчыма, бо спачатку трэба расказаць усё як ёсць. Таму зрабіць такі дайджэст было складана, бо Міцкевіч — гэта цэлая паэтычная планета”, — распавядае Мікалай Пінігін.

Ідэю таго, што для гледача спектакль будзе няпростым, падзяляе і народны артыст Беларусі Сяргей Журавель, які грае ў спектаклі ксянза Робакa.

Сяргей Журавель

“Для гэтага спектакля патрэбна падрыхтоўка і веданне падзей, якія адбываліся ў тыя часы. І п’еса, і паэма, яны як бы канцэнтруюць падзеі пачатку вайны Напаліёна з Расеяй. І там так шмат гістарычных нюансаў, што я шмат чаго не зразумеў, калі летам прачытаў гэтую п’есу. Я проста якіх дэталяў не ведаў”, — кажа Журавель.

“Мне ужо ўчора сябры тэлефанавалі і казалі, што пасля спектакля адразу залезлі ў інтэрнет і сталі папаўняць недахоп сваіх ведаў пра той гістарычны перыяд. І гэта выдатна”, — адзначыў артыст.

Праца над п’есай даволі сур’ёзна ўплывала на ўдзельнікаў пастаноўкі. Сваімі ўражаннямі падзялілася выканаўца галоўнай жаночай ролі Зосі Марта Голубева:

Марта Голубева

“Насамрэч, я сутыкнулася з “Панам Тадэвушам” толькі тады, калі мяне запрасілі на гэтую ролю. Раней я была знаёмая толькі з “Дзядамі”, цяпер я радая, што для мяне адкрыўся яшчэ адзін твор. Магу сказаць, што я шчасліва ўдзельнічаць у пастаноўцы гэтай п’есы. Тым больш, што з беларускай мовай я сутыкалася толькі ў школе, мала хто сярод маіх знаёмых выкарыстоўвае яе. А калі я прыйшла ў Купалаўскі, пачала размаўляць з акторамі на беларускай мове, бо абуджаецца жаданне і нават патрэба карыстацца менавіта гэтай мовай. Спадзяюся, атрымаецца справакаваць і гледача гаварыць па-беларуску ў штодзённым жыцці”.

Марта Голубева лічыць, што дзве гадзіны пастаноўкі — гэта мала для такога твора. “Можна было яе расцягнуць і на чатыры гадзіны і ўсё адно было бы цікава, таму што сам твор шыкоўны, вельмі шмат неверагодна вострых надзённых момантаў”, — адзначае акторка.

“Мы хочам паказаць, абудзіць у нашых людзях разуменне сваёй прыналежнасці да гэтай краіны, да сваёй мовы і той гісторыі, што, на жаль, мае забывацца”, — падкрэсліла яна.

Адчуванне чароўнасці і перанясення ў іншую эпоху пануе і ў выканаўца ролі Графа Рамана Падалякі.

Раман Падаляка

“Мне здаецца, што Міцкевіч валодаў такой шалёнай энергетыкай, што яна прабіваецца праз творы цягам стагоддзяў. У мяне такое адчуванне, што я сам вяртаюся ў тыя часы, але не ў сваёй постаці, а Графа, вяртаюся да тых звычаяў, таго ладу жыцця, які быў ў 19-м стагоддзі”, — кажа ён.

Галоўную ролю пана Тадэвуша грае Павел Харланчук. Ён старэйшы за свайго героя, 20-гадовага юнака, таму на рэпетыцыях сутыкнуўся з некаторымі цяжкасцямі.

Павел Харланчук

“На рэпетыцыях сутыкнуўся з праблемай, калі трэба «ўскочыць» хлопчыка, які шчыра любіць сваю зямлю. Шкада, што гэта пачуццё любові да Радзімы шмат у каго страчана”, — гаворыць ён.

У адной са сцэн “Пана Тадэвуша” выкарыстоўваецца сцяг з выявай “Пагоні”. Яшчэ падчас генеральнага прагону гэты сцяг лунай па-над сцэнай, але зараз па тэатру ходзяць чуткі, што на прэм’еры “Пагоні” ўжо не будзе. 

Прэм’еру можна назваць дoўгачаканай, таму амараты беларускай класікі загадзя раскупілі квіткі. Але ў тэатры супакоілі: тыя, хто не патрапіў на першыя паказы “Пана Тадэвуша”, змогуць пабачыць спектакль 19-20 лютага.