Адам Глобус адзначае дзень народзінаў у кнігарні

Кожны жадаючы можа зайсці ў кнігарню “Ў”, каб асабіста павіншаваць знакамітага беларуса...

29 верасня ў кнігарні “Ў” адбудзецца ўрачыстае святкаванне дня народзінаў мастака і літаратара Адама Глобуса. А пакуль што Naviny.by пагутаралі з Уладзімірам Адамчыкам (так запісана ў пашпарце) пра планы на дзень народзінаў і самыя важныя падзеі года.

Адам Глобус

— Спадар Уладзімір, раскажыце, калі ласка, крыху падрабязней, як будзеце святкаваць дзень народзінаў?

— Планую святкаваць у кнігарні “Ў”. Таму што кнігарня вырашыла зрабіць на мой дзень народзінаў маю персанальную паліцу, на якой будуць стаяць толькі мае кнігі. І пад гэтую справу выйдзе мая новая кніжка — апавяданні розных гадоў: кніжка невялічкая, у ёй дзевяць апавяданняў. Будзе прэзентацыя кнігі і адкрыццё палічкі. Там жа выстаўлю тры свае новыя карціны. Пад гэтую справу я запрасіў выступіць Касю Камоцкую, каб гэта было весялей, не проста гаварыльня, не проста віншаванні. Мерапрыемства цалкам адкрытае, прыйсці можа кожны, мы ж нікога не баімся, ні ад каго не хаваемся.

— Але ў вас жа дзень народзінаў. Калі людзі захочуць нешта вам падараваць — што браць з сабой?

— Дастаткова ўсмешкі і пары цёплых словаў. Я чалавек слова, і калі мне гавораць добрае слова, то я гэта вельмі цаню.

— Акрамя падрыхтоўкі да дня народзінаў, чым вы яшчэ зараз занятыя? Якія планы на бліжэйшы год, напрыклад?

— Я заняты зараз падрыхтоўкай новай выставы. Адкрыцца можа новая галерэя, не буду пакуль гаварыць, дзе. Але ў гэтай новай галерэі будуць выстаўляцца 50 маіх малюнкаў: гарадскія краявіды Мінска і Віліі. Усё гэта яшчэ ў працэсе стварэння, але на працягу месяца, напэўна, ужо павінна адкрыцца.

Зараз усе пішуць 10 кніжак, якія яны прачыталі, і такія разумныя кніжкі пішуць, таленавітыя. І ніхто не напісаў 10 кніжак, якія “я напісаў”, ці “я выдаў”. А я планую яшчэ 10 кніжак напісаць: у мяне рыхтуецца кніжка гісторый, яна выйдзе, напэўна, у наступным годзе. Будзе таксама хутка новы альбом з маімі малюнкамі. Так што збіраюся яшчэ папрацаваць.

— Дзень народзінаў — гэта падстава зірнуць назад, ацаніць, што адбылося ў жыцці добрага ці дрэннага. Што адбылося за апошні год у вашым жыцці найбольш важнага?

— Кожны па-свайму мерае сваё жыццё, я дык мераю кніжкамі, як пісьменнік. І за апошні год выйшла пэўная колькасць маіх кніжак. Апошнім часам я пішу дакументальныя партрэты людзей, якіх я вельмі паважаю і люблю. І выйшла дзве кніжачкі з партрэтамі, з імёнамі людзей, якіх я вельмі люблю: Караткевіч і Стральцоў, Янка Брыль і Еўдакія Лось, Валодзя Жбанаў, Гаўрыла Вашчанка і іншыя.

— А калі не толькі свае жыццё мераць, але паглядзець і на тое, што адбывалася ў свеце? Тыя ж падзеі ва Украіне не могуць жа вас не турбаваць?

— Украіна ўсіх хвалюе, канешне. Расія паводзіць сябе, на мой погляд, агрэсіўна і неадэкватна ўсей сусветнай геапалітычный сітуацыі. Расія вельмі хоча абвясціць вайну Амерыке, але яна слабая, у яе не атрымліваецца. Яна крычыць пра нейкую трэцюю сусветную вайну, што яна абвесціць, вось зараз... А вялікія краіны, моцныя краіны кажуць: “Ты з нашымі братамі пазмагайся, а потым мы паглядзім”. Хаця я гляджу на сітуацыю вельмі аптымістычна, як ні дзіўна. Я назіраю агульную тэндэнцыю, як рухаецца вайна. І яна рухаецца з перыметраў былога Савецкага Саюза да яго цэнтра: разбурылася Берлінская сцяна, краіны сацыялізму сышлі ў Еўразвяз, потым пэўная колькасць рэспублік сышлі ў Еўразвяз. Цяпер і Украіна за Эстоніяй, Латвія, Літвой таксама сыходзіць у Еўразвяз. І калі раней рускі свет казаў, што яго межы праходзяць па Неману і па Карпатам, то цяпер бачна, што яны ідуць нават не па Дняпру, а па Дону.

— Так і нам ужо, напэўна, лагічна глядзець у той жа бок, у Еўразвяз?

— Вельмі шкада, што нас туды не запрашаюць... Гэта несправядліва. Я думаю, што Беларусь падрыхтавана да ўступлення ў Еўразвяз не горш за Балгарыю, ці краіны Югаславіі. Тое, што нас не запрашаюць, намі не займаецца Еўразвяз — гэта вельмі кепска. Але тое, што Украіна нахрапам абвясціла Еўрамайдан, які не чакаў свет, і выстаяла на Еўрамайдане — гэта важны паказчык.

Ведаеце, так мы пачалі спачатку рабіць еўрарамонт, а потым Украіна зрабіла Еўрамайдан. Але я лічу, што ў кожнай краіны, кожнай нацыі свае шляхі. Тое, што Руская імперыя згортваецца і межы яе ўсе меншыя і меншыя, то гэта адназначна — яна і далей будзе згортвацца і развальвацца. Тое, што гэта вельмі балючы працэс — то такім ён і будзе. Тое, што яны імкнуцца пашырацца і пашырыліся за кошт Крыма... То Крым ім давядзецца вярнуць Украіне.

Але я думаў пра палітычныя падзеі, якія на працягу майго жыцця былі самымі важнымі. І Украіна — не адна з іх. Таму што былі падзеі, якія нечакана змянілі ўвесь навакольны свет. Напрыклад, выбары чалавека з цёмнай скурай у прэзідэнты Амерыкі. Гэта сапраўды змяніла ментальнасць, светагляд. Развал Савецкага Саюза: што развалілася гэтая страшная імперыя. І развалілася з адносна малай крывёю. 11 верасня — што, аказваецца, кожная краіна, якая б яна ні была, можа пацярпець у вайне. І тое, што тэрарыстычная вайна, вайна тэрору зрабілася самай страшнай.

Такія падзеі, мне здаецца, паўплывалі і ўплываюць на мяне больш, чым падзеі ва Украіне. А Украіна — гэта актуальна, але ў маім жыцці не адыгрывае такой вялікай ролі. Канешне, я спачуваю ўкраінцам і перажываю за іх, але не трэба забываць, што мы ўсё ж не украінцы, што ў нас свой шлях. І ён не супадае ні са шляхам Рускай імперыі, ні са шляхам украінцаў.