Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Скандал на прэміі «Дэбют». Як «Паэзія» засталася без пераможцаў
    У беларускай літаратурнай прасторы разгарэўся скандал. 23 сакавіка ў Мінску ўручалі прэмію «Дэбют», але намінацыя «Паэзія» засталася без пераможцы.
  2. Олег Молчан & Янка Купала: современник, достойный классика
    30 марта в Большом зале Белгосфилармонии пройдет авторский концерт композитора Олега Молчана, на котором состоится премьера цикла песен «Молитва» на стихи Янки Купалы.


Культура

Кнігарня “Галіяфы” з’ехала ў нікуды, але не назаўжды


Кніжная крама выдавецтва “Галіяфы” існавала пяць месяцаў. За гэты час у яе прасторы адбыліся дзесяткі канцэртаў, прэзентацый і творчых сустрэч. І былі вялікія планы надалей. Але ў нашай краіне падпісаныя дакументы не заўжды могуць быць гарантам бяспекі.



Сярод сяброў кнігарні падтрымаць “Галіяфы” прыйшлі Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Вольга Гапеева, Сяргей Сыс, Алесь Камоцкі, Анатоль Кудласевіч, Ілля Сін, Віктар Жыбуль, Адам Шостак і іншыя.

Імпрэзу планавалі як літаратурны вечар, але настрой больш пасаваў да развітання з блізкім: цёпла, па-свойску і без лішніх словаў.


Альгерд Бахарэвіч: “Калі зайсці ў дзяржаўныя кнігарні, там амаль нічога не змянілася за апошнія дваццаць год. А ў прыватных крамах заўжды ёсць нейкі рух. У Мінску павінна быць такіх крам па пяць-шэсць на адной вуліцы, а не адна-дзьве на горад. Так што сёння даволі сумнае свята”.


Але майстар інтрыгі, дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў да апошняга не распавядаў, што зараз вядзе перамовы пра новую пляцоўку.

“Зараз мы сыходзім у нікуды. Але замыкаем гэтае месца і падбіраем ключы да новага, — адзначыў Вішнёў. — Мы вядзем перамовы з рознымі арганізацыямі і маем надзею, што кнігарня не знікне сёння, а пераедзе на іншае месца. Праўда, пакуль нічога дакладнага”.

Па словах Змітра, ён меў з самай раніцы цудоўны настрой, бо справы пакрысе пачалі паляпшацца: “Цягам двух месяцаў з’явіцца новая культурніцкая пляцоўка”.


Валянцін Акудовіч: “Усё мае свой сэнс. Варта і адкрыццё і закрыццё разглядаць як пэўны этап, які быў вельмі патрэбны ў жыцці “Галіяфаў”. Заўтра будзе наступны. Абавязкова будзе. А я ведаю гэтых хлопцаў, яны яшчэ такога наробяць!”


Гэты этап навучыў Вішнёва быць абачлівым: “Мы цяпер будзем усё пераправяраць. Не таму, што такія з нас перастрахоўшчыкі, а таму, што ў беларускіх умовах не варта давяраць нават дакументам. У нас былі падпісаныя дамовы на тры гады, а пасля ўсё было перакрэслена. І мы ў такой сітуацыі ніяк не маглі абараніць свае правы”.




Унікальнае месца і ўнікальны досвед

“За час існавання кнігарні мы атрымалі ўнікальны досвед, — распавёў намеснік дырэктара выдавецтва “Галіяфы” Аляксей Харужка. — Так, мы рабілі шмат памылак, але і вучыліся нечаму кожны дзень. Мы нават кнігі спачатку ставілі, каб было прыгожа, а не каб зручна”.


Андрэй Хадановіч: “Напэўна і “Логвінаў” трымаецца дагэтуль толькі таму, што існавала канкурэнцыя”.


Адной са здзейсненых мар стала першая у Мінску літаратурная кавярня. Праўда, лёс яе быў яшчэ больш кароткі.

“Мы адкрывалі літкавярню, паставілі кававы апарат, запланавалі імпрэзу, запрасілі гасцей. А за некалькі дзён да прэзентацыі мы атрымалі паведамленне аб тым, што уласнік будынку, дзе мы месцімся, не выканаў некаторыя патрабаванні закону, і мы не можам весці гандль. То бок, фактычна, нам сказалі, што цягам двух тыдняў прыйдзецца закрыцца”, — гаворыць Аляксей.


Альгерд Бахарэвіч: “Былі за мяжой у кнігарні, дзе ўздымаешся на другі паверх, а там сядзіць кот. І ўсе яго лашчаць. Так вось і ў кнігарні “Галіяфы” быў у пэўным сэнсе свой кот. Мяркую, яны яго забяруць з сабой і на новае месца”.

Дарэчы, столікі ў літаратурную кавярню рабіў бацька Змітра Вішнёва, а аздаблялі дзяўчаты-прадавачкі ўласнаруч. І калі верыць ідэі, што зробленае сваімі рукамі мае пэўную цёплую энергетыку, то кнігарня была тым самым месцам.

“Збіралі і скручвалі паліцы і шафы, лакіравалі падлогу, самі фарбавалі фасад у колеры выдавецтва. Адна з дзяўчат, Ганна, сшыла падушкі, каб было зручней сядзець. Рабілі навесы для карцін. Недзе тут нават засталася палова інструментаў, што мне жонка падарыла на народзіны”, — узгадаў Аляксей Харужка.

І вядома, усе гэтыя ўкладанні і рамонт старога завадскога памяшкання ніхто “Галіяфам” не кампенсуе. “Будзем з'язджаць адсюль, я аддзяру мацаванне для карцін”, — плануе Зміцер Вішнёў.


Фота Valentin Antipenko

Кнігарня сучаснай беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы» адкрылася 14 сакавіка 2014 года, а закрылася напрыканцы жніўня. Афіцыйнай прычынай стала новая рэдакцыя закону «Аб гандлі», па якім уласнік будынку павінен быў перарэгістраваць памяшканьне як гандлёвы аб’ект, але не зрабіў гэтага. З-за чаго гандляваць кнігамі тут стала нельга.

На месцы кнігарні адкрыецца майстэрня па рамонту камп’ютараў і іншай тэхнікі.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева