Зміцер Вайцюшкевіч заспявае для беларусаў у Вільні

6 чэрвеня ў Вільні адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Змітра Вайцюшкевіча «Наша песня»...


6 чэрвеня ў Вільні адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Змітра Вайцюшкевіча «Наша песня» — гэта будзе першы «выяздны» выступ артыста для беларускай публікі з бясплатнай візавай падтрымкай.



Зміцер Вайцюшкевіч — адзін з галоўных прадстаўнікоў сучаснай беларускай нацыянальнай песні. На яго рахунку паўтары дзясяткі альбомаў канцэртных праграм на вершы беларускіх паэтаў — Камоцкага, Барадуліна, Някляева, Бураўкіна ды іншых. А таксама замежных (японскіх, шведскіх, польскіх) паэтаў у перакладзе на беларускую. Шмат хто нават жартуе, што дзеля прапаганды беларускай паэзіі і мовы Вайцюшкевіч зрабіў больш, чым міністэрства культуры.

Праз актыўную грамадзянскую пазіцыю Зміцер двойчы (у 2004-2007 і 2011-2014 гадах) трапляў у неафіцыйныя спісы «забароненых» музыкаў, чые выступы ў Беларусі, а таксама эфіры на радыё і тэлебачанні сустракаюць усе магчымыя перашкоды, а таму фактычна немагчымыя.



У кастрычніку 2014-га Вайцюшкевіч даў першы за тры з паловай гады (пры гэтым аншлагавы) сольны канцэрт, але пасля гэтага яшчэ два выступы ў Мінску былі сарваныя. Праз адсутнасць іншых магчымасцяў для сустрэчы з беларускай публікай, музыка вырашыў даць першы ў сваёй кар’еры «выяздны» канцэрт у Вільні.

Выступ адбудзецца ва ўтульнай зале Дома польскай культуры (Naugarduko gatve, 76), разлічанай на 500 гледачоў.

«Плануем вялікую двухгадзінную праграму з двух аддзяленняў. Першае — прэм’ера новага альбома на вершы беларускіх паэтаў. Другое — найлепшыя песні розных гадоў, — распавядае Вайцюшкевіч. — Гэта будзе прыгожы выступ поўным складам WZ-Orkiestra. Нягледзячы на ўсе знешнія абставіны, падтэкст канцэрта, як і альбома, будзе пазітыўны, лірычны і жыццесцвярджальны. Вясна ж на двары!»

 

Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў, тэрмін дзеяння з 5 да 7 чэрвеня ўключна) паступяць у продаж 4 мая.

Набыць іх можна толькі ў «Тэатральнай касе» по адрасе: Мінск, вул. Калініна, 5. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў ў амбасадзе Літвы (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Апошні тэрмін падачы — 29 мая.
 
Квіткі без візавай падтрымкі ўжо можна набыць у сістэмах Kvitki.by (Беларусь) і Bilietai.lt (Літва). Кошт квіткоў — 400 тыс. руб.
 
Інфалінія: +375 29 636 56 16 і +375 29 239 56 16