Прэзентацыя новага альбому Зміцера Вайцюшкевіча пройдзе ў фармаце “сустрэнемся і пагамонім”

11 чэрвеня Зміцер Вайцюшкевіч сустрэнецца з прыхільнікамі і прэсай у Галерэі TUT.BY, каб прэзентаваць свой новы альбом Канцэртная прэзентацыя дыска адбылася пры поўным аншлагу ў мінулыя выходныя ў Вільні.

У новы дыск увайшлі 12 песень на вершы беларускіх паэтаў розных часоў, у тым ліку на вершы Багдановіча, Арсеньевай, Русака і Някляева. Сярод іх і нядаўна прэзентаваная ў сеціве кампазіцыя “Жыве Беларусь”, а таксама новыя версіі песень “Я нарадзіўся тут”, “Магутны Божа”, “Сцяг”.

“Я выдатна разумею, што ў Вільню па розных прычынах змаглі прыехаць ня ўсе. Канцэрт у Мінску правесці мы не можам, таму проста сустрэнемся і пагамонім”, — кажа музыка.

Уваход на сустрэчу бясплатны, але толькі па папярэднім запісе. Пачатак сустрэчы ў чацвер, 11 чэрвеня а 19-й гадзіне. Галерэя TUT.BY знаходзіцца па адрасе праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх (БЦ "Амега Таўэр", ст.м. “Міхалова”).

Заяўкі на ўдзел дасылайце на адрас media@tutby.com з пазнакаю ў тэме “Вайцюшкевіч”. Заяўкі прымаюцца да 11.00 11 чэрвеня. У адказ на заяву вы мусіце атрымаць ліст з пацверджаннем. Колькасць месцаў абмежаваная!