Vinsent прадставіў песню «Жывы» і кліп на яе з новага альбому Vir

Хіп-хоп артыст Vinsent прадстаўляе песню «Жывы» і кліп на яе. Трэк увойдзе ў новы альбом артыста пад назвай Vir, паведамляе artsiadziba.by.

Жывая прэзентацыя альбому Vir адбудзецца 16 снежня ў мінскім клубе «Пляцоўка Хол». А 19 снежня Vinsent прэзэнтуе новы альбом у Лондане ў клубе Theatre Delicatessen.

«Мы радыя прадставіць першы сінгл з новага альбому. Кліп на песню „Жывы“ знялі рэжысёр Арцём Лобач і аператар Аляксандр Алейнікаў. Файна, што ў кліпе атрымалася адлюстраваць урбан, заняткі маладых людзей у горадзе. У нашым кліпе зняліся многія сучасныя маладыя і харызматычныя людзі. Яны дапамаглі адлюстраваць у відэа сэнс гэтае песні пра веру ў свае сілы, пра надзею, пра духоўную моц. Таксама гэты кліп у многім адлюстроўвае альбом Vir. Назва альбому гэта беларускае слова „вір“ ці беларускай лацінкай vir. Вір — гэта сімвал няспыннага руху, падзеяў вакол нас. Мне падаецца, альбом атрымаўся як той няспынны вір — хваля энэргіі, якая несумнеўна ўсё падхопіць і панясе наперад», — пракаментаваў Vinsent.