На рамонт будынку, дзе будзе музей Алеся Адамовіча, трэба сабраць мільярд рублёў

У Бабруйскім раёне ў пасёлку Глуша можа з’явіцца музей пісьменніка, публіцыста ды грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.

У Бабруйскім раёне ў пасёлку Глуша можа з’явіцца музей пісьменніка, публіцыста ды грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.

Адкрыты адмысловы рахунак і абвешчаны збор сродкаў на рамонт будынку, у якім плануюць размясціць музей. Паводле спецыялістаў, каб адрамантаваць дом, які два дзясяткі гадоў быў без гаспадара, патрабуецца блізу мільярда рублёў. Калі музей прыме першых наведнікаў, пакуль казаць зарана.

Карэспандэнт БелаПАН пабываў у родным мястэчку Алеся Адамовіча, наведаў ягоную магілу ды пагутарыў з землякамі знанага беларуса.


На магіле Алеся Адамовіча

Заснежаныя глушанскія могілкі, на якіх спачывае Алесь Адамовіч, сустрэлі цішынёй. За каванай агароджаю чатыры магілы. Пасярэдзіне — магіла самога Алеся Адамовіча з вялізным валуном і схіленым да яго ядлоўцам.

Злева мармуровае надмагілле брата пісьменніка Яўгена. З краёў пахаваныя Вера Сямёнаўна, жонка аўтара несавецкай «Вайны пад стрэхамі», і Марыя Васільеўна, жонка брата.

Мястэчка Глуша, якое стала родным для сям’і Адамовічаў, за чатыры кіламетры ад могілак. Ідучы шашою да Глушы, дазвоньваюся да дачкі пісьменніка Наталлі Адамовіч.

Яна зазначае, што гаворка пра музей Адамовіча ў Глушы вядзецца больш за дваццаць гадоў. У 1994-м на пахаванні пісьменніка пра музей казалі яго калегі-пісьменнікі, тыя, з кім партызаніў творца, ды ягоныя землякі.

«Ні пра якую экспазіцыю і сам музей гаворкі пакуль няма. Адкрыццё рахунка, безумоўна, добрая навіна. Патрэбныя сродкі на капітальны рамонт будынка і неабходную для гэтага дакументацыю. Сабраць трэба блізу мільярда рублёў. У будынку раней месцілася аптэка. Яе зачынілі дваццаць гадоў таму, і больш дом не выкарыстоўвалі. Ён у аварыйным стане. На колькі зацягнецца рамонт, казаць цяжка», — удакладняе Наталля Аляксандраўна.


Дом, дзе плануюць размясціць музей Адамовіча

У аптэцы ад 1931 году спачатку шараговай аптэкаркай, а потым загадчыцай працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Як у Глушу прыйшлі фашысты, яна, будучы партызанскай сувязной, дамаглася ад акупацыйных уладаў дазволу на працу аптэкі. Адпрацавала медычная ўстанова два гады. Адчуўшы небяспеку выкрыцця, Ганна Мітрафанаўна і двое ейных сыноў сышлі да партызан. Аптэку адразу зачынілі, а жытло Адамовічаў паліцаі разрабавалі.

«Мы хочам, каб дом захаваў сваю аўтэнтычнасць. Застаўся такім, якім быў у 1930 гадах», — зазначае Наталля Аляксандраўна.

На яе думку, у музеі варта прысвяціць асобную экспазіцыю зніклай аптэцы.

«Яна, як і людзі, пра якіх пісаў тата, таксама гісторыя роднага для яго мястэчка і ўсёй Беларусі», — заўважае дачка пісьменніка.

«Тата пісаў дакументальную прозу, і героямі ягоных твораў былі ня выдуманыя, а рэальныя людзі, — дадае яна.— Таму музей будзе прысвечаны ня толькі Адамовічу, але і жыхарам Глушы ды самому пасёлку».

Алеся Адамовіча цікавілі людзі і іх адносіны ў складаных умовах, зазначае ягоная дачка.

«Фашысты ж прыйшлі ў Глушу на пятыя суткі вайны, і ніхто ня ведаў, ці надоўга яны затрымаюцца тут. Фашысцкая акупацыя доўжылася доўгія тры гады. За гэты час шмат усяго адбылося. Людзям трэба было неяк выжываць і прыстасоўвацца да зменлівай сітуацыі. Алесь Адамовіч жа першым у 1961 годзе паказаў іншую вайну, вядомую тым, хто перажыў акупацыю — “Вайну пад стрэхамі”. Музей мае перадаваць гэты пісьменніцкі пасыл наведнікам», — аргументуе сваё бачанне музея Наталля Аляксандраўна.

Цяперашняя Глуша выглядае дагледжаным пасёлкам з даволі развітай сацыяльна-культурнай інфраструктурай. Школа, вялікі Дом культуры, сельсавет, некалькі крамаў, сталовая.


Дом культуры Глушы

Цэнтральная вуліца мястэчка — Кастрычніцкая. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць вуліцу з савецкай назвай на вуліцу імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтр, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Саюз беларускіх пісьменнікаў, на чале якога стаяў Уладзімір Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Яна, аднак, не была ўхваленая уладаю.

На Кастрычніцкай і стаіць будынак аптэкі. Агледзець знутры гэты аднапавярховы дом з глуха зачыненымі аканіцамі не ўдалося. Звонку ж ён і сапраўды выглядае кінутым, але яшчэ надзіва трывалым.

Па суседству — сельсавет. Яго старшыня Марыя Сушчэнка прыязна вітае журналіста ў сваім службовым кабінеце. Намеры адкрыць музей Адамовіча ў Глушы ёй даспадобы.


Сельсавет

«Музей — гэта наша даніна памяці Алесю Адамовічу. У ягоным творы “Вайна пад стрэхамі” паказана жыццё нашай Глушы, хоць і назваў яе аўтар Лясной Сялібай. Чытаючы твор, мы пазнаём тых людзей, якія жылі ў пасёлку, і кожны дзень вайны рабілі выбар: як дзейнічаць і як выжыць у няпросты час», — зазначае старшыня сельсавету.

На ейную думку, жыхары Глушы здольныя забяспечваць функцыянаванне музея. З часам у пасёлку, кажа яна, можа ўтварыцца і грамадская арганізацыя, якая зоймецца пытаннямі захавання мясцовых гісторыка-культурных адметнасцяў.

Алесь Адамовіч не забыты ў Глушы, зазначае суразмоўніца. На штогадовым фэсце народнай творчасці «Глушанскі хутарок» пісьменніка згадваюць. Яго дачка Наталля Аляксандраўна — заўжды ганаровы госць фестывалю.

«Прыязджае шмат гасцей, і многія для сябе адкрываюць, што на Глушанскіх могілках пахаваны Алесь Адамовіч. Дэлегацыі з бабруйскіх школ прыязджаюць менавіта сюды, каб сустрэцца з дачкой пісьменніка. У Доме культуры распрацаваныя метадычныя брашуры пра творчасць Алеся Адамовіча. Жыхары Глушы ганарацца, што яны землякі славутага творцы», — даводзіць Марыя Сушчэнка.

Адна з вуліц у Глушы названая імем Алеся Адамовіча. Не даходзячы да яе некалькі дзясяткаў метраў, стаіць пасляваенны дом роду Адамовічаў з бярозамі на падворку. Іх неаднойчы згадваў пісьменнік у сваіх творах.


Пасляваенны дом Адамовічаў

Вуліца Адамовіча знаходзіцца на ўскрайку мястэчка. На шыльдах назва вуліцы пададзеная на рускай мове. Раней гэту вуліцу называлі Школьнай, бо ад шашы асфальтаваная дарога вядзе да мясцовай школы. Па дарозе гутару з землякамі пісьменніка.

Адзін з першых суразмоўцаў заяўляе: музей Адамовіча мусіў быць у Глушы даўно, аднак далей пустых абяцанняў ня зроблена нічога. Чаму, абураецца ён, дзяржава штогод ладзіць тут свае мерапрыемствы, а пра музей дагэтуль не парупілася.

«Пра музей гавораць даўно, але акрамя валуна на магіле пісьменніка мала што нагадвае ў Глушы пра Адамовіча», — даводзіць сваю пазіцыю жыхар пасёлка.

«Няўжо такі вялікі чалавек, як Адамовіч, не заслужыў большага, — ня стрымліваючы эмоцыяў працягвае суразмоўца. — Чаму дзяржава ў абвешчаны Год культуры ня знойдзе сама грошы на адкрыццё музею, а прапаноўвае іх збіраць? Хіба Адамовіч не заслужыў сваёй творчасцю сабе месца, куды можна было б прыйсці і пакланіцца яму і ягонай памяці? А грошы народ збярэ абавязкова».

Не дайшоушы крыху да школы, пераймаю тлумную грамаду вучняў. Пачуўшы пытанне, хто такі Алесь Адамовіч, падлеткі разгублена расступіліся, даючы слова смялейшаму са сваёй кампаніі.

«Гэты наш зямляк. Музея Адамовіча ў нас нібыта няма, але дом пісьменніка, той што на пачатку вуліцы, лічыцца мясцовай славутасцю. Зразумела, што мы ганарымся нашым земляком», — рапартуе хлопец.


Мясцовая школа

У Глушанскай школе руская мова навучання. Школьнікаў разам з дзетсадаўскай малечай набіраецца крыху болей за дзве сотні. Звозяць у школу дзятву з некалькіх суседніх вёсак. Разлічаная навучальная ўстанова на паўтысячы чалавек. Будынак школы вялікі і дагледжаны.

Адміністрацыя школы сустрэла журналіста прыязна. Настаўнікі паказалі бібліятэку з выстаўленымі кнігамі Алеся Адамовіча. Сярод кніг чытальні нямала рарытэтаў з аўтографамі беларускіх літаратараў.

«Вучні ведаюць, што ў Глушы прайшло дзяцінства і юнацтва такога вядома чалавека як Алесь Адамовіч. На пачатку навучальнага году класныя кіраўнікі абавязкова згадваюць яго і ягоную творчасць. Хоць у школьнай праграме твораў Алеся Адамовіча няма, але настаўнікі для вучняў старэйшых класаў у аглядавых тэмах па сучаснай беларускай літаратуры творчасць пісьменніка абавязкова прыгадваюць», — зазначыла завуч школы Таццяна Петухова.

Школьная бібліятэкарка Алена Кісляк памятае Алеся Адамовіча жывым. Кажа: як пісьменнік бываў у Глушы, то не прамінаў наведваць школу і абавязкова прыносіў гасцінцы.


Партрэт Алеся Адамовіча ў школьнай бібліятэцы

«Апошні раз ён прыйшоў у школу за некалькі дзён да смерці, — згадвае Алена Уладзіміраўна. — Прынёс аўтарскі экземпляр часопісу „Полымя“ са сваім апавяданнем Vixi. Старонкі часопісу былі пакрэмзаныя праўкамі аўтара. Мне дужа дарагі гэты Адамовічаў прэзент. Як адкрыецца музей, абавязкова туды яго перадам».


  • Дык в чём проблема? Те деньги, что наши оппы собирают в поддержку АТО, пусть отправят сюда, и будет вам щастье! "Белорусские футбольные фанаты, посетившие 5 сентября во Львове отборочный матч чемпионата Европы по футболу 2016 года Украина — Беларусь, передали для украинских бойцов в зоне антитеррористической операции на Донбассе немного денег и продовольствия. По информации украинских ультрас в социальных сетях, это 592 доллара США, 75 евро и 1100 гривен (50 долларов), а также четыре ящика сгущенного молока и ящик чая..." Читать полностью: https://naviny.by/rubrics/abroad/2015/09/09/ic_news_118_463149/ Не считая гривны, это уже по действующему курсу примерно 14 млн. рублей. Так что немного поднапрячься, подключить оголтелых из Чехии, не устраивать дурацкие митинги, а сэкономленные на штрафах деньги отправить на благое дело - и соберёте нужную сумму!
  • Нажмите, К.Рика, хоть на тормоз, привычно гоняючи "оппов". Хоть что-нибудь из Алеся Адамовича читали? Он вне сегодняшней белорусской власти, как и Василь Быков... Опасаетесь смачного писательского плевка этих личностей в спину? - Вы его заслуживаете.
  • [quote="Danis"]Хоть что-нибудь из Алеся Адамовича читали? Он вне сегодняшней белорусской власти, как и Василь Быков...[/quote] Как же-с, читали-с. Вот это, например, - http://vivovoco.ibmh.msk.su/VV/PAPERS/HONOUR/LETT42.HTM - "ПИСАТЕЛИ ТРЕБУЮТ ОТ ПРАВИТЕЛЬСТВА РЕШИТЕЛЬНЫХ ДЕЙСТВИЙ" от 5 октября 1993 года. Или это какие-то другие Адамович и Быков подписали? И если Адамович требует "кровопролитиев" от российской власти, тем более непонятно, каким боком он к Беларуси имеет отношение? Ну разве что Алексиевич его своим учителем считает. Что кагбэ символизирует.
  • [quote="G R"]Или это какие-то другие Адамович и Быков подписали? И если Адамович требует "кровопролитиев" от российской власти, тем более непонятно, каким боком он к Беларуси имеет отношение? Ну разве что Алексиевич его своим учителем считает. Что кагбэ символизирует.[/quote]Наши мнения разнятся, но мне, пожалуй, проще: я не служу и не прислуживаюсь. Просто гражданин РБ, который имеет другие взгляды, но не стремится их никому навязать. Друг другу мы ничего не докажем, оставшись каждый при своём. От этой истины я обычно и отталкиваюсь. Мой добрый привет!
  • алесь адамович http://su0.ru/Wl3U мужская версия новодворской http://su0.ru/TR92