Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Белорусы простились с народным поэтом Нилом Гилевичем
    Тысячи людей пришли сегодня в Минске проститься с последним народным поэтом Беларуси Нилом Гилевичем.
  2. Родныя песні Алега Молчана разбураюць стэрэатыпы
    30 сакавіка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылася прэм'ера праграмы “Малітва” кампазітара Алега Молчана на вершы Янкі Купалы.


Культура

Ніл Гілевіч: “Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых”


Ніл Гілевіч — цэлая эпоха. Як яго лепш ўспомніць, пра што расказаць? Вучоны, паэт-трыбун, грамадскі дзеяч, дэпутат — гэтыя бакі яго жыцця добра вядомыя.

Мы ж распавядзем, якім ён быў дома, як у 1988 годзе здолелі за адну ноч надрукаваць «Сказ пра Лысую гару» і даведаемся, ці звязвала яго асабістае сяброўства з сааўтарам самай знакамітай песні. І, вядома, паслухаем яго самыя папулярныя хіты і новыя песні.


Як Гілевіч пісаў прыпеў да сваёй песні

— Калі Ніл Сымонавіч першы раз прыйшоў у музычную рэдакцыю Рэспублiканскага радыё, мне падалося, што ў нашым кабінеце стала вельмі мала месца — такі ён высокі ды з магутнай фігурай. У той час я працавала музычным рэдактарам і адной з маіх праграм была “Прэм'ера песні”. А тады як раз мы рыхтавалі прэм'еру песні Ігара Лучанка на вершы Ніла Гілевіча “У бацькоўскім кутку" — збiралiся выконваць яе Алеся і Дзмітрый Смольскі, у той час ён быў у моладзевай студыі “Сяброў”, — успамінае Людміла Палкоўнікава. — Уявіце, у нас замоўлена студыя для запісу, а кампазiтар паведамляе, што запiс можа і не адбыцца, таму што ў паэта няма часу напiсаць прыпеў. Вядома, я прыспешвала Ніла Сымонавіча, усё тлумачыла яму (як быццам ён гэтага не ведаў), маўляў, прыпеў павінен рытмічна адрознівацца ад усяго тэксту.

Часу заставалася ўсё менш, і я, ведаючы, што паэты і кампазітары часам дораць, часам выменьваюць радкі, прапанавала Нілу Гілевічу: “Дык, можа, няхай Саша Лягчылаў, цi Валодзя Някляеў напiшуць, у iх добра атрымлiваюцца прыпевы”. Ён паглядзеў на мяне і сувора так сказаў: “Я вам патэлефаную”. Увечары паведамiу, што напiсаў прыпеў i ўжо надыктаваў яго Лучанку. У прызначаны час адбылася прэм’ера. 



А я, напэўна, толькі пазней зразумела, што, вiдаць, сама таго не жадаючы, пакрыўдзiла творцу, i што звяртацца з такой прапановай можна не да кожнага, і ўжо дакладна не да Гілевіча.

Гісторыя мела працяг. У навагодняй віншавальнай паштоўцы Ігару Лучанку Ніл Гілевіч напісаў пастскрыптум: “Больш не дасылай да мяне Палкоўнікаву, каб яна вучыла мяне пісаць песні". Распавядаю ўсё гэта з лёгкім сэрцам, успамінаючы нават як гумарэску.

Ніл Сымонавіч застауся вельмi задаволены вынікам працы: яму спадабалася i мелодыя, i выкананне, i аранжыроўка. Нiякай крыўды не выказваў. Упэўнена, ён разумеў мой рэдактарскі клопат. А песня, як адна з лепшых у той год, атрымала “Залатую лiру” на аднаймёным телефестывалi. Ужо пасля гэтай паштоўкі мы некалькі разоў сустракаліся ў вялікіх канцэртах пачатку 90-х гадоў, заўсёды па добраму віталіся, часам і тэмы для размоў знаходзіліся.

На вершы Ніла Гілевіча напісана не так ужо шмат песень, але ні адну з іх не назавеш прахадной, а “Вы шуміце, бярозы” стала народнай яшчэ пры жыцці паэта.


Кліп «Вы шуміце, бярозы» здымалі ў Казахстане

— Першай песняй на вершы Ніла Гілевіча ў рэпертуары “Сяброў” была “Вы шуміце, бярозы”. Яна хутка набірала папулярнасць, хоць паэт і засмучаўся, што яе ўспрымалі як “песню гультая”, а яна пра любоў да сваёй зямлі, — кажа народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка. — У пачатку 80-х нас запрасілі ў Алма-Аты на вялікі тэлевізійны канцэрт, і там жа на Медэо знялі кліп на песню “Вы шуміце, бярозы”. 



Песня ўжо даўно народная, людзі спяваюць яе за сталом з розным настроем, але важна, што яна жыве і, я ўпэўнены, будзе жыць і далей. У пачатку 90-х у нашым рэпертуары з'явілася песня Мікалая Сацуры на вершы Ніла Гілевіча “Шлях ла Беларусі”. І па сённяшні дзень я лічу гэтыя песні галоўнымі ў нашым рэпертуары. 



“Жаўраначку” Эдуард Ханок напісаў адмыслова для Алесі — гэта быў яе дэбют на сцэне ў якасці салісткі. Тады яна была зусім дзяўчо, ячшэ ў школе вучылася, і песня ідэальна пасавала ёй — гімн юнацтву, вясне. 



Мне было прыемна, што Алесю сталі называць “жаўраначкам беларускай эстрады”. На адным з канцэртаў Ніл Сымонавіч падышоў да Алесі і падзякаваў за выкананне песні. Вядома, гэта быў хвалюючы момант, а для Алесі і вялікі стымул у працы. Пазней Алеся і Дзіма Смольскі запісалі “У бацькоўскім кутку” — таксама надзвычай прыгожая песня, а ў 90-я і вельмі папулярная.

З Нілам Сымонавічам мы так і не сталі блізкімі знаёмымі, я лічыў, што між намі велізарная дыстанцыя: ён — Народны паэт, мы — папулярны ансамбль.

Цяпер кажуць, што разам з Гілевічам сышла цэлая эпоха, а я думаю, што паэт назаўжды застанецца побач з намі — у песнях, вершах. У нас у сям'і ёсць некалькі зборнікаў паэзіі Ніла Гілевіча — сам чытаю, чытае мой ўнук, а некалі, можа, і новыя песні напіша.


Дасціпна напісаў аб сучасным шоў-бізнесе

— На жаль, асабіста не была знаемая з Нілам Гілевічам. Але ў маім рэпертуары ёсць тры песні на яго вершы, — гаворыць заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч. — “Клёны-ясені” кампазітара Уладзіміра Будніка — вядомая і палярная песня, спяваю яе амаль 30 гадоў. Вершы Ніла Сымонавіча надзвычай прыгожыя і пявучыя, а мова — вельмі багатая.



У яго неверагоднае пачуццё гумару. У адным са зборнікаў яго паэзіі ўбачыла “Песню пра вераб’я, які ведае, куды ён прэцца” і проста здзівілася: як дакладна і дасціпна ён напісаў аб сучасным шоў-бізнесе. Да гэтага верша я сама напісала музыку. Песня прымаецца публікай на ўра.

Вядома, я хацела паказаць гэтую песню Нілу Сымонавічу, але саромелася патурбаваць. Запіс ёсць на радые, я спадзяюся, ён яе чуў. Трэці твор — “Песня пра апошняга з аднапалчан”. Здаецца, пра вайну столькі напісана... Але Ніл Гілевіч здолеў сказаць так пранізліва, так па-чалавечы... Сапраўдны Майстар і чалавек з вялікім сэрцам. Спяваю яе толькі ў канцэртах, прысвечаных Дню Перамогі, і бачу, што людзі плачуць.






Верш Ніла Гілевіча — сродак ад маркоты

— Гісторыя ў нас вельмі цікавая. Мы не сябравалі, нават не былі прыяцелямі, а сустракаліся толькі на канцэртах, — прызнаецца народны артыст Беларусі кампазітар Эдуард Ханок. — Добра памятаю, як я напісаў “Вы шуміце, бярозы”. Толькі пераехаў з Брэста ў Мінск, а пераезд — заўсёды стрэс. Мая першая сталічная кватэра была ў Малінаўцы, вось я там нешта музыцыраваў, спрабуючы разагнаць нуду. Потым узяў зборнік вершаў Ніла Гілевіча, убачыў там “Бярозы” і напісаў музыку на адным дыханні.

Эдуард Ханок

Сёння я магу сказаць без лішняй сціпласці, што хітоў у мяне шмат, але песня, якая стала народнай — адна. Гэта, вядома, “Вы шуміце, бярозы”, за што я ўдзячны Нілу Гілевічу. Песня не ведае межаў, адлегласцяў: нядаўна я выступаў у Маскве на юбілеі высокапастаўленага чыноўніка, і ўсе госці спявалі разам са мной “Вы шуміце, бярозы”. Гэта дае мне падставы думаць, што песня стала народнай не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.






У «Вожыку» былі здагадкі, што аўтар паэмы — Ніл Гілевіч

— З Нілам Сымонавічам пазнаеміўся, калі працаваў у часопісе “Вожык”. Ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй, а акрамя гэтага яго звязвала асабістае сяброўства з галоўным рэдактарам часопіса Валянцінам Болтачам, — апавядае мастак Анатоль Гармаза. — Напрыканцы 1988 года мяне і калегу Аляксандра Каршакевіча выклікаў галоўны рэдактар і сказаў, што мы вызваляемся ад усёй бягучай працы ў рэдакцыі, нам даецца тры дні, каб аформіць паэму “Сказ пра Лысаю гару” Францішака Ведзьмака Лысагорскага. Валянцін Уладзіміравіч асабліва падкрэсліў, што заданне — сакрэтнае, і акрамя нас траіх у рэдакцыі ніхто аб ім не павінен ведаць. Адзін дзень мы зачыніліся ў кабінеце з Каршакевічам, але калегі выказвалі крыўды — што ў вас там за таямніцы, таму наступны дзень працавалі кожны ў сябе дома — мы загадзя размеркавалі, хто які раздзел афармляе. Калегі, прызнаюся, і пасля выхаду паэмы крыўдзіліся: чаму ўсё ад іх хавалі.



Калі макет быў гатовы, яго адправілі ў вытворчы аддзел і літаральна за ноч паэму надрукавалі. Думаю, у Болтача была на гэты конт дамоўленасць з дырэктарам друкарні, таму ніхто не змог перашкодзіць. Хоць ужо і пачыналася перабудова, але партыйныя ідэолагі ды цэнзары ўсё яшчэ адчувалі сябе ў сіле.

У дзень выхаду брашуры ў бібліятэцы “Вожыка” я назіраў з рэдакцыйнага акна, як у бліжэйшых кіёсках людзі куплялі зялёныя кніжачкі літаральна пачкамі. А наклад-то быў 30 тысяч асобнікаў! Неўзабаве надрукавалі дадатковы наклад па шматлікіх званках чытачоў — не ўсе ж змаглі набыць. Паэма была неверагодна папулярная! Потым у 1991 годзе выйшла другая рэдакцыя “Сказу”, яе афармляў мастак Юры Рыжыкаў, а аўтар па-ранейшаму хаваўся за псеўданімам.

Я добра памятаю, як пасля выхаду першай кніжкі ў рэдакцыю зайшоў Ніл Гілевіч і часам хітравата так усміхаўся. Наогул, у “Вожыку” былі здагадкі, што аўтар паэмы — Ніл Сымонавіч. Для сябе я ўпэўнена вырашыў, што гэта менавіта ён пасля таго, як прачытаў яго раман ў вершах “Родныя дзеці” — па майму ўспрыманню — абодва творы напісаны адной рукой.



Калі паэма толькі выйшла ў “Вожыку”, усе яе героі былі жывыя. І вось прыходзіў хто-небудзь з іх у рэдакцыю і адразу ў памяці ўзнікалі радкі з паэмы. Сёння “Сказ пра Лысую Гару” ўжо класіка — напісана проста, па-народнаму, але моцная рука прафесіянала добра адчуваецца.

Мая апошняя сустрэча з Нілам Гілевічам адбылася ў дзень пахавання Рыгора Барадуліна. Мой сябар і, як я лічу, біёграф Ніла Сымонавіча Іван Малец прапанаваў: “Давай наведаем апошняга жывога народнага паэта”. Мы тады доўга прабылі ў Ніла Сымонавіча. Стан здароўя ў яго ўжо быў цяжкі, але ён бадзёрыўся. Душэўна пагутарылі, а я атрымаў некалькі кніжак з аўтографамі, у тым ліку і першае выданне “Сказа”.

Ніл Гілевіч больш, чым паэт. Уся яго творчасць — паэзія, публіцыстыка — не даюць нам забыць, што мы — беларусы, у нас ёсць свая мова, свая гісторыя, свая родная зямля — і ўсё гэта мы павінны любіць і аберагаць.


Мы марылі, каб прэм'ера “Талісмана” адбылася на беларускім тэлебачанні

— Мая кар'ера пачыналася, калі песні на вершы Ніла Гілевіча шмат гучалі па радыё і на тэлебачанні. У пачатку 90-х мы з Алесяй часта і з вялікім поспехам выконвалі песню Ігара Лучанка на верш Ніла Гілевіча “У бацькоўскім кутку”, — расказвае спявак і кампазітар, лідэр гурта “Талент” Дзмітры Смольскі. — Не памятаю дакладна той момант, калі імя Гілевіча стала “непажаданым”, але нават пры такіх абставінах яго песні гучалі без указання імя паэта. Для апошняй “Залатой калекцыі беларускіх песень” зрабілі новую аранжыроўку песні “У бацькоўскім кутку”. Такую больш сучасную, мне хацелася, каб песня атрымала другое жыццё. Мы яе зноў праспявалі з Алесяй і адчулі цеплы прыем публікі.



Ведаеце, у мяне была нязбытная мара беларускага артыста — паехаць на “Еўрабачанне” з песняй на беларускай мове. За вершам я звярнуўся да Ніла Сымонавіча. Ён вельмі хацеў, каб яго верш “Талісман” стаў песняй. Я напісаў музыку, а Уладзімір Ткачэнка зрабіў цудоўную аранжыроўку. Я вельмі цесна працаваў з Нілам Сымонавічам, прыходзіў да яго дадому, паказваў песню на розных этапах працы.

Мы ўсе марылі, каб прэм'ера “Талісмана” адбылася на беларускім тэлебачанні, але прабіцца туды не было магчымасці. На шчасце, песню ўзялі на Першы канал нацыянальнага радыё. На чэмпіянаце свету па футболе сярод артыстаў, у якім я ўдзельнічаў, зразумела, быў і вялікі канцэрт. З гонарам за сваю краіну праспяваў “Талісман” на пляцоўцы “Зялёнага тэатра” ў Маскве.

Пры жыцці Ніла Сымонавіча была завершана праца над песняй “Мелодыя кахання”. Яна незвычайная тым, што напісана на трох мовах — беларускай, рускай і ўкраінскай. Украінская частка верша належыць Яўгеніі Краўчук, рускую скаладаў я, беларускую — Ніл Сымонавіч. Шчыра кажучы, прыклаў ён руку і да майго тэкста.

Яшчэ дзве песні ёсць у чарнавым варыянце. У памяць аб Ніле Сымонавіче мы з Валодзем Ткачэнка дапрацуем іх у музычным плане. Потым сустрэнуся з роднымі паэта, пакажу вынік нашай працы і калі атрымаю дабро, то займуся папулярызацыяй гэтых песень.

Я хачу сказаць, што Ніл Сымонавіч — найвялікшы паэт сучаснасці. А вось у зносінах з людзьмі ён быў просты і даступны. У ім назаўсёды засталася выкладчыцкая жылка. Кожны раз, калі быў у яго ў доме, ён абавязкова распавядаў штосьці цікавае аб нашай мове, гісторыі, культуры. Ніл Гілевіч валодаў энцыклапедычным ведамі і шчодра дзяліўся імі. У яго кватэры мяне ўразіла колькасць кніг.

Пасля сыходу Ніла Сымонавіча я адчуваю сябе сіратой. Ён вельмі цёпла ставіўся да мяне, нават непакоіўся. Неяк сказаў мне: “Зьміцер, ты абраў цяжкі шлях, але самы верны. Вакол — шоў, а ты бярэшся за беларускую песню”. І цяпер для мяне гэтыя словы як наказ, чым займацца ў жыцці.

Калі развітваліся з Нілам Сымонавічам, некалькі чалавек мяне папракнулі, што ў інтэрнэце немагчыма знайсці “Талісман”. Таму сёння я рады адгукнуцца на вашу просьбу і перадаць для публікацыі на Naviny.by дзве песні.






Ад аўтара. Ніл Сымонавіч умеў падняць суразмоўцу да свайго ўзроўню

Ніл Сымонавіч быў маім універсітэцкім выкладчыкам. А потым я двойчы брала ў яго інтэрв'ю. Не такое ўжо вялікае знаёмства... Але Гілевіч нібы магнітам прыцягваў да сябе людзей. І знаёмства вымярае не колькасць сустрэч, а ўспамін пасля іх.

У 2001 годзе галоўны рэдактар газеты “День” Аляксандар Тамковіч прыдумаў рубрыку “Маэстра і палітыка”. У палітычным ключы і было наша інтэрв'ю. Я патэлефанавала паэту, дамовіліся аб сустрэчы. І вось прыйшла ў знакаміты дом пісьменнікаў на Карла Маркса, 36. Першая фраза пасля ўзаемных прывітанняў: не трэба здымаць абутак — Гілевічы не прыніжалі гасцей гэтай працэдурай. Мне вельмі падабаўся кабінет Ніла Сымонавіча — на вялікім стале ўлетку заўсёды былі букеты кветак, узімку — высушанае калоссе, а для гасцей — цукеркі.



Мы крыху пагаварылі аб СМІ, новых кнігах. Перажывала, што не здам “экзамен”, але Ніл Сымонавіч на здзіўленне ўмеў падняць суразмоўцу да свайго ўзроўню. Праца над інтэрв'ю ішла такім парадкам: я пакідаю падрыхтаваныя пытанні, Ніл Сымонавіч пісьмова на іх адказвае. Мяне ўразіла вельмі паважлівае стаўленне да нашай прафесіі. Народны паэт цікавіўся тэрмінамі (!) падрыхтоўкі адказаў, каб не парушаць рэдакцыйныя планы. Што яшчэ здзівіла? “День” толькі пачаў выходзіць, а ў Гілевічаў ўжо стос газет быў прачытаны, нейкія артыкулы пазначаны як асабліва вартыя ўвагі.



Прызнаюся, мне значна больш падабаецца другое інтэрв'ю. Ведала, што Ніл Сымонавіч прыватнае жыццё ніколі не выстаўляў на паказ, ды і да таго часу Ніна Іванаўна пакінула гэты свет. Але ўжо вельмі хацелася паменьш палітыкі і больш чалавека. І мы дамовіліся менавіта аб такім інтэрв'ю. Калі газета выйшла з вынаскай "За 9 гадоў працы ў СП Ніл Гілевіч страціў у зарплаце на дзве "Волгі", захвалявалася. Раптам спытае: “Гэта тут самае важнае”? Прыхапіўшы штук пяць газет, паўстала перад вачыма прафессара. А Ніл Сымонавіч на дзіва лагодна паставіўся, ацаніўшы “замануху” для чытачоў. Ён разумеў, што пераклад інтэрв’ю на рускую мову даў бы большую чытацкую аўдыторыю, але на такі крок пагадзіцца не мог.

У пачатку 2000-х разгарэлася спрэчка аб аўтарстве “Сказа пра Лысую гару”, а потым прачытала, што Ніл Сымонавіч выдаў паэму і ўжо пад сваім імем. Купіла кніжыцу і папрасілася ў госці за аўтографам. Тады я проста атрымлівала асалоду ад таго, што размаўляю з жывым класікам і нічога не трэба запісваць-канспектаваць, а толькі частавацца цукеркамі. Мы ж зусім не гаварылі аб высокіх матэрыях — так, пра жыццё: як праца, як здароўе бацькоў. Ніл Сымонавіч ўмеў з такой далікатнасцю задаваць самыя складаныя пытанні, што яму распавядаеш усё, як на духу. Тады здавалася, што “для вечнасці” яшчэ паспеем пагутарыць.

Апошні раз сустракалася з ім улетку 2014 года і прапанавала зрабіць відэаінтэрвью для Naviny.by. Яму гэта ідэя спадабалася, бо “па іншаму тэлебачанню даўно не паказваюць, нібыта і няма мяне”. У тую сустрэчу Ніл Сымонавіч падарыў мне сваю кніжку вершаў “З Божай ласкі — дасеўкі”. Невялічкую па колькасці старонак і па накладу — вядома, што і збор твораў ён друкаваў за свой кошт.





“Тут самае важнае — апошні верш. Ніне прысвяціў. І пасля яго — ні радка больш на напісаў”, — сказаў Ніл Сымонавіч. У яго вачах бліснула сляза — ён павярнуў галаву да партрэта жонкі... А я дома глытала слёзы, чытаючы гэты верш. Успомніла, як усяго толькі адзін раз бачыла іх разам на філфаку: прыгожыя, стыльныя, з ціхім замілаваннем глядзелі адзін на аднаго.



У той раз я з захапленнем адзначыла, што Ніл Сымонавіч, нягледзячы на стан здароўя (на яго стале была цэлая аптэка), у хатняй вопратцы — усё такі ж элегантны як некалі ў БДУ. Абапіраючыся на кіек, ён трымаў спіну прама. Яго старасць была вельмі прыгожай.

На жаль, відэаінтэрвью так і не адбылося: паэт хварэў, а потым, крыху ачуняўшы, сказаў: “Не, міленькая, я ўжо не фотагенічны, такога не трэба паказваць”. І ўсё роўна у мяне была надзея: можа паразумеемся і да юбілею зробім.



Моцная прастуда не дазволіла мне прыйсці развітацца з Нілам Сымонавічам. Але ўжо на наступны дзень пасля пахавання прыйшла на Кальварыю. Аказалася, нас такіх шмат. Пакуль я ішла ад магіл Гілевічаў, тры невялікія кампаніі ўдакладнілі, як да яе прайсьці. Гэта былі зусім маладыя людзі, значыць, зорка Паэта будзе толькі ярчэй разгарацца.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 8)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Сумна вістка прийшла з Бєлорусі. Не стало народного поета братнього народу Ніла Гілєвича. У першій половині вісімдесятих знаменита пісня гурту «Сябри» « А я лягу-прилягу» на слова поета – була чи не єдиним проявом бєларуської мови в суцільно русифікованому совєтському телерадіопросторі. http://khanasv.blogspot.com/2016/03/blog-post_29.html