Ваша "Крынiца" пахнет "Балтикой"



Непростые отношения, сложившиеся у правительства Беларуси и российской пивоваренной компании "Балтика", в скором времени могут еще более усложниться. Российские пивовары не исключают, что их 10,5 млн. долларов, "застрявшие" в Беларуси, были использованы при реконструкции "Крынiцы", тогда как белорусская сторона утверждает, что завод модернизировался "за свои". Этой проблеме посвящен материал корреспондента белорусской службы "Радио Свобода".





30 жніўня, у свой дзень нараджэньня, Аляксандар Лукашэнка асабіста будзе адкрываць рэканструяваны бровар "Крыніца", які апошнім часам быў у цэнтры скандалаў, зьвязаных зь няўдалай спробай піцерскай "Балтыкі" інвэставаць сюды грошы. Прадстаўнікі "Балтыкі", у сваю чаргу, канстатуюць, што мадэрнізацыя "Крыніцы" абышлася Беларусі вельмі танна, намякаючы на 10,5 мільёнаў даляраў, якія "Балтыка" пералічыла паводле ранейшых пагадненьняў і якія беларускі бровар выкарыстаў як свае.





Кіраўніцтва "Балтыкі" ўпэўненае, што ніякай гаворкі пра сумесныя праекты зь беларускімі броварамі блізкім часам быць ня можа. Нават выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу НТВ — маўляў, "няхай прыяжджаюць, дзе пакажуць пальцам, там і будуць будаваць завод", у адміністрацыі "Балтыкі" не ўспрымаюць як сыгнал да дзеяньняў.





А заявы Лукашэнкі наконт таго, што яму не падабаюцца піцерскія рэцэпты піва, якія быццам зусім і не піцерскія, а замежныя, расцэньваюць як прыватны густ. Дарадца кіраўніка "Балтыкі" Аляксей Кедрын гэтаксама пакінуў без камэнтароў словы Лукашэнкі пра тое, што менавіта кіраўніцтва расейскага бровару ў аднабаковым парадку адмовілася выканаць двухбаковыя пагадненьні, а таму чаканага СП з "Крыніцай" не атрымалася.





Кедрын: Не хацелася б камэнтаваць выказваньні першай асобы дзяржавы... Адзінае, што магу сказаць ў пытаньнях рэцэптураў — калі абстрагавацца ад сытуацыі вакол Беларусі, рэцэпты ў нас свае: "Балтыка" выкарыстоўвае толькі арыгінальную расейскую рэцэптуру, а не набытую дзесьці за мяжой. Так, колісь замежнікі ўклалі ў "Балтыку" 20 мільёнаў даляраў — якраз у той час, калі Пуцін быў намесьнікам Сабчака, і пад іхныя гарантыі, як кіраўнікоў гораду, гэтыя інвэстыцыі сталіся магчымымі. Цяпер кампанія каштуе паўтара мільярду — гэта тое, што мэнэджмэнт кампаніі зарабіў і інвэставаў цягам дзесяцігодзьдзя. Больш ніякіх інвэстыцыяў не было.





Пасьля няўдалай спробы замацавацца на беларускім рынку "Балтыка" беспраблемна пабудавала два заводы ў Расеі. Аляксей Кедрын кажа, што страчаныя ў Беларусі 10,5 мільёну даляраў вельмі спатрэбіліся б дзеля новых капіталаўкладаньняў, таму ў Санкт-Пецярбургу ня страчваюць надзеі на вяртаньне шматмільённых крэдытаў.





Кедрын: Грошы нам не вярнулі, але беларускім бокам, беларускім судом рашэньне легалізаванае — доўг прызнаны, Беларусь нам вінна 10,5 мільёну даляраў. Дакладней, нам павінна "Крыніца". Дзе яна будзе браць гэтыя грошы — пытаньне іншае, гэта ўжо не нашыя праблемы. А што тычна абсталяваньня, то яно ў Менску; уласна кажучы, гэта і ёсьць сродкі, патрачаныя на абсталяваньне. Але ў дадзеным выпадку мы вядзём гаворку пра грошы, укладзеныя ў праект, не пра абсталяваньне. Калі грошы вяртаюцца, прэтэнзіі ўсе зьнікаюць.





Адміністрацыя "Крыніцы", у сваю чаргу, адмаўляецца гаварыць пра лёс нявернутага крэдыту, накіроўваючы звароты ва ўрад — маўляў, усе пагадненьні з "Балтыкай" падпісваліся безь непасрэднага ўдзелу кіраўніцтва бровару. Разам з тым, адзін з прадстаўнікоў "Крыніцы" пацьвердзіў, што насамрэч мадэрнізаваная вытворчая лінія, якая мусіць удвая павялічыць выпуск піва, амаль 100-адсоткава набытая на грошы "Балтыкі". Але цягам усяго часу кіраўніцтва "Крыніцы" не ўздымае пытаньня вяртаньня расейскага крэдыту.





Дый Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на НТВ, наўпрост з гэтай нагоды выказаўся: "Самі рэканструявалі, мадэрнізавалі... Бяз "Балтыкі" абышліся". Таму прадстаўнік "Балтыкі" Аляксей Кедрын, камэнтуючы навіну пра хуткае адкрыцьцё абноўленай "Крыніцы", абмежаваўся толькі адной фразай — "Танна ім гэтая мадыфікацыя каштавала".





Ігар КАРНЕЙ, Радыё Свабода