Другие материалы рубрики «Экономика»

  1. Чем закончится правительственная реформа госсектора?
    Отмирание неэффективных производств будет происходить по объективным причинам. Поддерживать существующий уровень убытков государству неоткуда.
  2. Какие реформы проведут белорусские власти в обмен на евразийский кредит?
    Об этом Naviny.by рассказал директор Проектной группы по финансовым кредитам ЕФСР Алишер Мирзоев.


Экономика

Гомельская “Светлатэхніка” адпачывае два месяцы — без аплаты


Гомельскае ўнітарнае прадпрыемства “Светлатэхніка”, дзе 60% працаўнікоў — інваліды па зроку, на два месяцы выправіла сваіх рабочых у вымушаны адпачынак.




Раней плацілі — цяпер па нулях

“У мінулым годзе нам хоць плацілі дзве траціны тарыфу за падобныя кароткія адпачынкі. Цяпер два месяцы гуляем — і па нулях”, — апавядае адзін з працаўнікоў прадпрыемства, які мае трэцюю групу інваліднасці.

“Светлатэхніка” выпускае розныя свяцільнікі для арганізацый і ўстановаў, электрашчытавое абсталяванне, пластмасавыя сядзенні для спартовых ды іншых аб’ектаў, садова-агародны інвентар. Дарэчы, сядзеннямі гэтага прадпрыемства абсталяваны ня толькі Гомельскі лядовы палац, але й “Чыжоўка-Арэна” ў Мінску, стадыён БАТЭ ў Барысаве ды шмат што яшчэ.

“У папярэднія годы, калі дазвалялі фінансы, мы плацілі рабочым дзве траціны заробку, — тлумачыць дырэктар прадпрыемства “Светлатэхніка” Сяргей Раманюк. — Цяпер такой магчымасці ня маем. Я прасіў калектыў зразумець сітуацыю, пайсці насустрач і пагадзіцца на двухмесячны перапынак без аплаты — у сакавіку й красавіку. Спадзяемся выйграць тэндар на аснашчэнне нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Мінску і ў траўні аднавіць працу”.

Дырэктар дадае, што адпачынак на два месяцы не татальны. Калі заказы паступаюць, то паводле адмысловых распараджэнняў патрэбныя спэцыялісты выходзяць на працу — у Гомелі і ў мазырскай філіі “Светлатэхнікі”. Цяпер, у прыватнасці, працуе ўчастак сартыроўкі мэтызаў для Рэчыцкага заводу, дзе заняты пераважна інваліды па зроку. Частка рабочых выйшлі на ўчастак вырабу садова-агароднага інвентару.



“Скажу адкрыта, што мяне ў гэтай сітуацыі больш турбуюць не інваліды, а здаровыя чальцы калектыву. Інваліды атрымліваюць хоць нейкую дапамогу ад дзяржавы з прычыны свайго фізычнага стану здароўя. Усё ж астатнія такой падтрымкі ня маюць — а гэта больш за паўтары сотні чалавек”, — кажа дырэктар.


Светладыёды зацьмелі “Светлатэхніку”

Фінансавыя цяжкасці ў прадпрыемства пачаліся, калі асноўны спажывец разнастайных свяцільнікаў, суседняя Расея, стала адмаўляцца ад гомельскай прадукцыі. Да таго ж расейскі рынак стаў запаўняцца энэргазберагаючымі светладыёднымі свяцільнікамі, зь якімі “Светлатэхніка” канкураваць ня можа.

Ранейшыя кіраўнікі прадпрыемства, каб утрымацца на паверхні, бралі крэдыты й выпускалі прадукцыю, якая не заўсёды была запатрабавана на рынку. Новаму кіраўніцтву дасталася 11-мільярдная запазычанасць па банкаўскіх крэдытах, якую за апошнія два гады ўдалося скараціць да 6 мільярдаў.

Разгрузіцца часткова ад запасаў “Светлатэхніцы” дапамаглі мясцовыя ўлады, мэтава закупіўшы свяцільнікаў для арганізацый і ўстановаў рэгіёну на 5,6 мільярда рублёў. Каля паўмільярда рублёў спрабуе вярнуць прадпрыемства за пастаўленую прадукцыю праз пазовы ў эканамічны суд.



“Нейкая “зорка” яшчэ свеціць над прадпрыемствам, — лічыць Сяргей Раманюк. — У іншым выпадку мы маглі б закрыцца яшчэ летась, а то й раней. Паколькі на прадпрыемстве з чатырохсот працаўнікоў бальшыню складаюць інваліды, то было б правільным, каб улады развівалі з такімі прадпрыемствамі сацыяльнае партнэрства. Каб для такіх прадпрыемстваў меліся пэўныя дзяржаўныя заказы. Заробакі ў нас невялікія, але мы ўсё ж такі падтрымліваем значную частку інвалідаў 3-й групы, якім складана выжываць толькі на дзяржаўную дапамогу”.

Рабочыя “Светлатэхнікі”, дарэчы, сёлета звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з адмысловым лістом наконт укаранення ў краіне такога сацыяльнага партнэрства з спэцыфічнымі прадпрыемствамі. З Адміністрацыі прэзыдэнта ліст працаўнікоў пераслалі ў Гомельскі аблвыканкам, а адтуль — у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Гомеля.


Надзея — на мінскі футбольны стадыён

Аднаўленне працы ў траўні кіраўнікі “Светлатэхнікі” звязваюць найперш з атрыманнем заказу на выраб 25 тысяч пластмасавых сядзенняў для нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Мінску. Кошт заказу — 28 мільярдаў рублёў. Гэта на цэлых 3 мільярды больш, чымсці гадавы выраб прадукцыі “Светлатэхнікі”.

Адна толькі акалічнасць туманіць такую пэрспэктыву. Заказчыкам новага амбіцыйнага праекту коштам 95 мільёнаў даляраў выступіў бізнэсовец Юры Чыж, Мінгарвыканкам і Беларуская федэрацыя футболу. Але ж вядома, што бізнэсовец Чыж патрапіў за краты, і перспэктыва будаўніцтва футбольнага стадыёну цяпер пад вялікім пытаннем.

Гэтаксама, як і перспэктыва плённай працы “Светлатэхнікі” пасля вымушанага двухмесячнага адпачынку.



Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева