Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Амерыканскія штучкі

Студэнт кажа: свабода ад Бога, бо яна — гармонія. А ветэран: не ведаем мы ніякай свабоды і ведаць не хочам...

 

Споведзь аб паездцы ва Ўкраіну

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Надоечы, бацюшка, быў я ва Ўкраіне, ясі на небясі. Быў і на Хрышчаціку, і на Майдане... І так, ясі на небясі, мне там было хораша, нібы табе анёлы на душы спяваюць. Ну, іншы раз, як перад вялікім шчасцем, сэрца шчэміць, як на парозе будучыні.

Пасля, калі ў цягніку назад вярталіся, хлапец-студэнт кажа, што гэта, маўляў, было адчуванне свабоды. Калі ты па горадзе ідзеш, і нішто на цябе не цісне, нішто не напружвае ды яшчэ і бар’ераў няма — ні моўных, ні ментальных, ні ксенафобскіх.

— Якая свабода! — абурыўся на тое старэйшы дзядзька, ветэран міліцыі, — бардак там поўны, ні стабільнасці, ні парадку. Не тое, што ў нас...

— Правільна, — кажа студэнт, — у нас адзін толькі парадак і ёсць, а вось свабоды для чалавека не адчуваецца. Паўсюль міліцыя раскашуе, міма праходзіш — напружваешся, бо зараз спыніць без дай прычыны.

— І харашо! — радаваўся ветэран, — нашым людзям твая свабода не зразумелая і не патрэбная. Затое вынікі выбараў мы ведаем яшчэ да выбараў, не тое, што ўкраінцы — два гады разабрацца не могуць, хто ў іх перамог. Ка-а-апец тваёй Украіне! — і ўдарыў кулаком аб стол.

І вось, бацюшка, ясі на небясі, задумаўся я, што тут да чаго — свабода і парадак, што тут ад Бога, а што ад беса. Можа то і зусім не анёлы мне спявалі, а д’ябал па сэрцы лашчыў ды спакушаў?

Студэнт кажа: свабода ад Бога, бо яна — гармонія. А ветэран: не ведаем мы ніякай свабоды і ведаць не хочам, гэта не наш шлях, а ўсё амерыканскія штучкі! Галоўнае, каб у краіне быў парадак.

— Добра, — кажа студэнт, — парадак — гэта як геаметрыя: каб усе былі падраўняныя, падстрыжаныя і папрасаваныя і думалі больш-менш на адзін манер. Але ж у прыродзе геаметрыі няма, а мы так захапляемся прыгажосцю восеньскага краявіда. Ці ж цешылі б нам вока шэрагі ідэальна паралельных дрэваў альбо кветкі з квадратнымі бутонамі?

Тут і я свае тры капейкі ўставіў. Як гэта ў прыродзе геаметрыі няма? А вясёлка, а атам, а дыск сонца?

— Слушна, — зачапіўся за мае словы студэнт. — Толькі гэта не тая прырода, у якой мы жывем, а — ілюзорная, як міраж. Вясёлка з’явілася на хвіліну і знікла, сонца паказалася ідэальным кругам і вось ужо няма, каб малекулу разгледзець, трэба адмысловыя прыстасаванні. Таму ўсе спробы збудаваць на зямлі ідэальны парадак былі насамрэч пераносам ілюзіі ў наша рэальнае жыццё. Таму ніколі з гэтага нічога добрага і не выйшла. А нашто ілюзіі? Паглядзіце, як прыгожа, — і паказаў у вакно вагона, дзе пралятаў міма восеньскі лес. — Прырода існуе па законах гармоніі, а не парадку. І чалавечы свет павінен так існаваць. І хай сабе ўрад ніяк не можа стварыцца, жыццё ж ад гэтага не робіцца ані меншым, ані горшым. Галоўнае, што чалавек пачуваецца свабодным.

Пасля гэтага ўсе заціхлі, задумаліся. Не, — сказаў, урэшце, ветэран. — Нашаму народу гэтага не зразумець, і не трэба. Чыстата, парадак — вось гэта рэчы ясныя. А свабода...

І тут студэнт пачаў гаварыць нядобрае. Маўляў, парадак адрозніваецца ад гармоніі як красленне ад жывапісу. Маўляў, можна зачыніць усе незалежныя тэлеканалы, забараніць усе партыі і пасадзіць у турму ўсіх нязгодных лідэраў думкі. І гэта будзе парадак. А можна ўсё гэта зладзіць у адну карціну, дзе ўсёй разнастайнасці знойдзецца месца, як у восеньскім лесе, і гэта будзе гармонія.

— ... І вуліцы будуць пагразаць у смецці, — не здаваўся ветэран. Але не сунімаўся і студэнт:

— Гонар, які адчуваеш ад чыста прыбранага горада, на маю думку, роднасны таму задавальненню, якое прыходзіць падчас выдатна зладжанага пахавання. І дзеткі плакалі правільна, і люстэркі былі завешаны, і ніхто з блізкіх труну не нёс... Поўны парадак.

Ветэран махнуў рукою, дастаў газету, надзеў акуляры і зрабіў выгляд, што размова для яго скончаная.

Гэтак пад’язджалі мы, бацюшка, да Мінска. І адчуў я, ясі на небясі, што няма ўжо ўва мне таго адчування, як на Майдане, быццам анёлы на душы спяваюць (ці, можа, гэта бес быў спакушаў?). І дазволіў я сабе крамольна задумацца — з чым бы гэта параўналася маё цяперашняе адчуванне. І ўспомніў... Гэтаксама было на душы ў мяне ў музеі, у маўзалеі. Прыцішаная атмасфера... Пыл выцерты... Людзей не шмат, але й яны толькі замінаюць экспазіцыі. Яны й самі разумеюць гэта, таму ступаюць, нібы ў тапачках, усе крыху насцярожаныя, гатовыя да вокрыку, заўвагі, пачуваюцца без віны вінаватымі.

У Беларусі ўсё, што яшчэ перашкаджае поўнаму парадку, — гэта жыццё. А яно, як правіла, несанкцыянаванае, віхрастае-задзірастае, дурное і няўстрымнае, як сама маладосць. Таму жыццё трэба расклініць, як дэманстрацыю, ізаляваць, знішчыць.

Між тым, натуральны «беспарадак» навакольнай прыроды і чалавека не павінен парадкавацца пад лінарку, а павінен — гарманізавацца. О, гэта стакроць больш складана, чым сагнаць народ на падмятанне вуліц і падстрыгчы ўвесь бізнес пад палубокс. Згарманізаваць інтарэсы ўсіх — гэта вялікая творчая задача, якая патрабуе мудрасці, натхнення і вялікай любові да гэтай краіны і гэтага народа.

Як ні круці, жыццё — у гармоніі, у парадку — смерць...

... Госпадзе, даруй — як бы ачнуўся я, нібы задрамаў і проста ўдарыла кроў у галаву — што гэта я сабе такога надумаў?! Госпадзе, ясі на небясі, Госпадзе, можа, і праўда, бес мяне ў гэтым Кіеве папутаў? Зусім заблытаўся я паміж Богам і бесам. Страціў правільную ўстаноўку і арыенцір... Таму, як толькі цягнік спыніўся, дык адразу да вас, бацюшка, ясі на небясі, прыйшоў. Даравання прасіць. І каяцца, каяцца, каяцца...