Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Тэст на правінцыйнасць

Пры ўсім жаданні сённяшнюю Беларусь нацыянальна развітай краінай не назавеш. Можна гэтага саромецца, можна гэтым...

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Пры ўсім жаданні сённяшнюю Беларусь нацыянальна развітай краінай не назавеш. Можна гэтага саромецца, можна гэтым ганарыцца, але аспрэчваць не выпадае. На месцы нацыянальнасці ў нас — правінцыйнасць. Не тая мілая ды праставатая местачковасць, паводле якой на сталічным вакзале пазнаеш пасажыраў аўтобуса з правінцыі. Якраз у гэтым сэнсе Беларусь адрозніваецца ад суседніх краін, і прыезджыя з Мядзела ці Клецка людзі нічым не вылучаюцца ў мінскім натоўпе. Але я не пра знешнія прыкметы. Правінцыйнасць у нас займае тое месца, дзе ў суседзяў — свая культура і завершаная мадэль уласнага сусвету.

Так адбываецца не толькі таму, што сталіцай або метраполіяй для нас, па вялікім рахунку, застаецца Масква. І не толькі таму, што вялікая расійская культура — гэта наша ўсё. І не толькі таму, што мы жывем ў расійскай медыя-прасторы, дзе свае ўласныя тэлепраграмы з’яўляюцца адбіткамі маскоўскіх. Калі зірнуць у корань, дык корань — гэта і ёсць тое, што адрознівае нацыянальнасць ад правінцыйнасці.

У дачыненні да краіны гэты корань — свае традыцыі, мова, край свету для цябе — на тваёй зямлі. «За намі Масква» ці «За намі Варшава» — гэта значыць, адступаць няма куды. А вось «За намі Мінск» — не гучыць. Няма ў нашага Мінска агульнапрызнанага статусу метраполіі.

У дачыненні да асобы я б параўнаў гэты корань з унутранай культурай, інтэлігентнасцю, прыстойнасцю. Такіх людзей у Беларусі нямала. Але для таго, каб адрозніць чалавека метрапольнага ад правінцыйнага, майго пераліку даволі абстрактных рысаў недастаткова. І вось аднойчы, назіраючы за нашымі публічнымі персанажамі, я ўрэшце сфармуляваў для сябе той адзіны крытэрый, што адрознівае сталічнага дзеяча ад правінцыяла. Гэта — адносіны да беларускай мовы. Не ў тым сэнсе, каб гаварыць паўсюль і заўсёды па-беларуску. Можна не толькі не карыстацца мовай, але і не ведаць яе. Гаворка пра адносіны, пра ўсведамленне таго, што мова — найвялікшая каштоўнасць і для гэтай зямлі, і для гэтага народа, і для гэтай культуры. Тая рыса, заступіўшы за якую, ты апынаешся па-за народам і па-за культурай.

Кожны факт, калі знакаміты чалавек выяўляе сваю неправінцыйнасць праз адносіны да беларускай мовы, выглядае на ўчынак, а часам і на подзьвіг. Да прыкладу, калі Расціслаў Янкоўскі, будучы дэпутатам, пераконваў (і пераканаў) Вярхоўны Савет прыняць закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы, ён выступаў як чалавек метрапольны насуперак нязгодным правінцыялам. Альбо — калі Міхаіл Фінберг выяўляе сталічнасць духу, адказваючы па-беларуску на пытанні журналісткі, якая з усіх сіл трымаецца сваёй правінцыйнасці і ўпарта звяртаецца да мэтра па-расійску. Ці — калі Барыс Луцэнка на пытанне вядучага «Панарамы» кажа, што яго непакоіць становішча беларускай мовы, а журналіст перабівае, маўляў, усё ясна, не трэба пра гэта, а Луцэнка зноў — пра гэта, бо менавіта гэта яго і непакоіць...

Пэўным апафеозам правінцыйнасці мне падалося галасаванне на сайце кампаніі «Velcom». Кампанія пыталася ў наведнікаў, ці заводзіць ёй беларускамоўную версію сайта. Варыянты адказаў былі «так» і «не». Фармальна ўсё, нібыта, як заўсёды. Але ўдумайцеся: якія матывацыі павінны быць у чалавека, каб націснуць на кнопку «не»? Зразумела, што з’яўленне беларускамоўнай версіі аніякім бокам не тое што не замінала б тым, хто карыстаецца гэтым сайтам па-расійску, але нават ніяк не трапілася б ім на вочы. З іншага боку, чым больш моўных варыянтаў сайта, тым больш у кампаніі кліентаў і тым лепш складваецца камерцыя. Не ведаю, колькі ні шукаў я ў сабе хоць якой прычыны, думкі, эмоцыі, каб у такой сітуацыі націснуць на «не», — не знайшоў.

Некалі я спрабаваў разабрацца ў феномене Мулявіна. Чалавек, які вярнуў да роднае мовы цэлае пакаленне беларусаў, сам па-беларуску не гаварыў. Аднак справа, паўтаруся, у адносінах. І адна мулявінская фраза мне ўсё растлумачыла. Цытую блізкага сябра Мулявіна мастака Лявона Бартлава: «Я яму кажу, Валодзя, ты нядрэнна спяваеш, а чаму ты па-беларуску не гаворыш? Ён кажа: «Мне Бог даў адно, а я не магу падмешваць сабе другое». Ён даў яму песню».

Пры гэтым дзіця сваё сям’я Мулявіных аддала ў беларускамоўны дзіцячы садок, што найлепшым чынам сведчыць пра адносіны да мовы і пра тое, дзе для Мулявіна быў край ягонай зямлі і дзе была метраполія.

Тым часам для многіх калег песняра метраполіяй была і застаецца Масква. Варта было яму сысці — і ўсё, рассыпаліся на шмат частак, кінуліся ў Расію — туды, дзе ў іх уяўленні — метраполія. А тыя, што не рынуліся, зацягнулі паланез Агінскага па-расійску. Усё адно, што «Лявоніху» на суахілі. Ці не, дакладней, — усё адно, што «Кацюшу» па-нямецку.

Магчыма, яны не адчуваюць тут дысанансу, бо не адчуваць краю сваёй уласнай зямлі і краю культуры, выйсці за які азначае — выйсці з культуры. Дзіва што тых учынкаў і подзьвігаў, пра якія я казаў вышэй, сённяшнія песняры не робяць. І сумна, што ніхто ад іх гэтага і не чакае.




Оставьте комментарий (0)
  • Значыць правінцыйны настаўнік, які проста капае гарод, садзіць агуркі ў цяпліцах, любіць Песняроў і Фабрыку Зорак, ніколі не выязжаў за межы РБ, любіць слухаць радыё Свабода і галасуе за КХП, а таксама клапоціцца лёсам роднай мовы ужо не правінцыял, а ""сталічная штучка""? Дарэчы, у англійскай мове ""правінцыйны"" privincial/parochial з"яўляецца антонімам sophisticated(прил. лишенный простоты, утонченный, отвечающий изощренному вкусу; искушенный в житейских делах, опытный; сложный, усложненный, с примесью; обманчивый, вводящий в заблуждение) Так што цалкам магчыма быць ""праставатым, безгустоўным, прамалінейным""(т.е. правінцыйным) прыхільнікам беларускай мовы. Такіх, здаецца, большасць.(што вытанчанага і ""ізашчроннага"" ў Івашкевіча, Валеры Буйвала, С. Шушкевіча, Мілінкевіча)?
  • Паважаны спадар Дубавец! Вялікі дзякуй за выдатны артыкул! Нутром адчуваю Вашую правату. Можа толькі для таго, каб такія "забеларусы" не чапляліся да слова, варта было б трошкі ўдакладніць менавіта сам тэрмін "правінцыйнасьць" у гэтым кантэксце? А пра "вялікі калгас" усе і так даўно ведаюць.
  • Вікіпедыя(англійская версія) дае наступнае азначэнне слову ""Правінцыйны""(у пераносным сэнсе)- нехта, хто мае абмажаваны, вузкі светапогляд, немудрагелісты склад розуму,надаючый ўвагу толькі абмежаванай частцы пытання.(стэрэатыпныя якасці жыхароў ""правінцыі""). Само паняцце ""правінцыйны"" куды шырэйшае за тыя сэнсы, якімі напаўняе яго ў сваім артыкуле сп.Дубавец, і адносіны да мовы з культурай не з"яўляюцца ""неабходнай і дастатковай"" умовай залічэння ў правінцыялы. Моўныя прыярытэты з"яўляюцца ўсяго толькі невялікай часткай светапогляду, стан якога ў сукупнасці вызначае мейсца індывіда на шкале ""правінцыйнасці"". Акрамя культурных прыярытэтаў існуюць яшчэ і эканамічныя, і міжполавыя, і экалагічныя, і ўнутрысямейныя, і рэлігійныя, і адукацыйныя - ды іх дзесяткі, калі не сотні... Так што ўсе развагі сп.Дубаўца гэта, як бы так мягчэй выказацца, правінцыйныя развагі аб правінцыйнасці(абмежаваныя, немудрагелістыя, аднабаковыя, надзвычай вузкія, (спадзяюся наўмысна штучна прымітызаваныя сп.Дубаўцом)
  • У розных краінах у розныя часы правінцыйнасць выглядае па-рознаму. Таму і крытэрыі яе вызначэння розныя. Сёння ў Беларусі гэта – адносіны да беларускай мовы. Дваццаць гадоў таму крытэрыі былі іншыя, і ў Ганалулу яны іншыя, і ў Казані іншыя. Хоць сутнасць правінцыяла заўсёды адна – ён адзінка насельніцтва, а не народа; жыхар задворкаў, а не краіны; ён не мае СВАЙГО светапогляду і не з’яўляецца прадстаўніком СВАЁЙ культуры; ён ніадкуль бярэцца і знікае, не пакідаючы пасля сябе працягу. У Беларусі сёння парадаксальная сітуацыя – метрапольнага чалавека часцей сустрэнеш дзе-небудзь на хутары, чым у сталіцы. Быццам і сапраўды сталічнасць у нас разлітая па ўсім целе краіны, а правінцыйнасць сканцэнтраваная ў Мінску. Таму, хто шмат падарожнічае па Беларусі, добра знаёмае такое адчуванне. Што да тэрміналогіі, дык я наўмысна ўзяў “правінцыйнасць” (хутчэй, знікомую характарыстыку, чым энцыклапедычны знак), а не рэгулярны тэрмін, які гучыць мне як агрэсіўнае клішэ-абзывалка – правінцыялізм. Таму ўсім ахвочым спрачацца пра дэфініцыі – не сюды.
  • Трэба разумець, што любоў да нечага прыціскаемага(у дадзеным выпадку - мовы) па меркаванні сп. Дубаўца аўтаматычна пазбаўляе правінцыйнасці? Ці не бывае беларускамоўных правінцыялаў? Выказванні з аднаго шэрагу: Хто не прыйдзе на Е.Марш - той не еўрапеец і каз.л Хто не любіць мову - той правінцыял І як быць з апалітычнымі "грамадзянамі планеты Зямля"? Ці тымі, хто адмовіўся ад сваёй культуы і прыняў іншую? Ці гэта тычыцца толькі тых, хто жыве ў РБ, і, напрыклад, эмігрантаў не датычыцца, і такім чынам новазацверджаннага пракурора ЗША Мюкэйсі(ён жа Мукасей) ці яго бацькоў на падставе невыказвання публічнай любові да мовы нельга абвінаваціць у правінцыйнасці? Адмова ад нацыянальнай культуры і правінцыйнасць гэта дзве розныя рэчы, першае можа быць(менавіта можа быць, а не абавязкова з"яўляецца) адной з прыкметаў другога.