Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Дом з пацукамі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Беларускі інтэрнэт усімі сваімі сайтамі, форумамі і блогамі настолькі ж прываблівае, наколькі і адварочвае. Некаторыя пісарчукі наўпрост спецыялізуюцца на «зліве» даносаў і хлусні. Але гэта іх работа — пісаць даносы. Іншая рэч, хапае і такіх, хто паклёпнічае ды наязджае на іншых ад дурнога ўнутранага свербу. Калі ж першыя і другія зліваюцца ў адзіным хоры, тады і сапраўды ўся наша інтэрнэт-супольнасць пачынае выглядаць як адна каналізацыйная яма, у якой і людзі прыстойныя — усяго толькі светлыя плямкі ў бруднай вадзе.

Аднак пакінем тых, хто піша даносы па працы, і звернемся да астатніх.

Ёсць розныя матывы, з якімі чалавек бярэцца абмазваць бліжняга дзярмом. Адзін з такіх матываў — прыроджанае мізантропства. Распазнаць яго проста. Такі пісарчук заўсёды гіпертрафаваны эгаіст і любіць ён ва ўсім свеце толькі адну асобіну — сябе. Але важна разумець, што праявы мізантропіі не бываюць сістэмнымі і метадычнымі. Нагрэўся — астыў. Калі ж «мізантроп» сістэмны і метадычны, яго смела можна аднесці да першай катэгорыі — да тых, хто «на рабоце».

Самая пашыраная катэгорыя віртуальных паклёпнікаў аб’ядноўвае людзей у гэтай справе выпадковых. І, каб зразумець іхні матыў, трэба разабрацца з абстрактным паняткам свабоды.

Свабода — слова прыгожае, але агульнае. Як яго растлумачыць? І як зразумець, што табе свабода — патрэбная? Колькі разоў даводзілася чуць ад людзей паспалітых: на халеры нам ваша свабода? Свабоду на хлеб не намажаш! Свабода — ад чаго і ад каго свабода?

Ёсць даволі пашыранае ўяўленне, што поўная свабода — гэта ўседазволенасць. Свабодны — значыць, як хачу, так і рагачу. А процілеглы свабодзе стан — няволя, турма. Нават у крымінальным кодэксе запісана — пазбаўленне волі, значыць, свабоды.

Але насамрэч гэта не так. Уседазволенасць — гэта вызваленне ўласных цёмных інстынктаў, здзічэнне. Якая ўжо свабода — у неўсвядомленым шаленстве? Што да турмы, дык ёсць мноства прыкладаў, калі менавіта за кратамі людзі пачувалі сябе свабоднымі. Унутрана, вядома.

Насамрэч свабода — гэта адказнасць. Чым менш ты падзяляеш сваю адказнасць за сябе, за блізкіх, за свае думкі з іншымі — з дзяржавай, з бацькамі, з начальнікам — тым больш ты свабодны ў сваіх думках і ўчынках. Пра такіх людзей кажуць: ён сам — цэлы свет.

Калі ж казаць пра супрацьлегласць свабоды, дык гэта — спакуса. Якраз тая цемень істоты, што глыбока схаваная ў кожным чалавеку недзе пад страўнікам, спакушаецца выйсці на паверхню і ператварыць нармальную істоту ў сапраўднага мярзотніка як для атачэння, так і для сябе самога.

Такім чынам, мы ўжо можам апісаць працэс свабоды, які адбываецца ў чалавечай асобе. Гэта змаганне адказнасці і спакусы. Чалавек спакушаны (царкоўнікі дадалі б — спакушаны д’яблам) — безадказны і несвабодны. Ён можа ўбірацца ў розныя адзенні. Напрыклад, мастака, якому трэба «выйсці за межы прыстойнасці», альбо пінкертона, які павінен даведацца чыюсьці тайну і таму бясконца ператрасае брудную бялізну, альбо нават суддзі, які выкрывае і асуджае сабе падобных за існыя і прыдуманыя грахі.

Звычайна людзі стараюцца не паказваць свае ўнутраныя рогі ды капыты. Спачатку выхаванне не дазваляе нам парушаць спакой іншых і разбураць дыстанцыю дачыненняў. Потым наша ўласнае жаданне свабоды робіць нас адказнымі за нашы словы і ўчынкі. Так, прынамсі, склалася ў традыцыйным свеце.

Але вось, як выпрабаванне традыцыі, з’явіўся інтэрнэт. Многія адчулі, што ў віртуальнай прасторы ты — гэта, быццам, не зусім ты. А значыць, можна даць волю спакусе выставіць свае капыты і выпусціць на волю тую падстраўнікавую цемень, што так свярбіць тваёй істоце.

Што казаць, далёка не ўсе спраўляюцца з гэтым выпрабаваннем. Ад таго беларускі інтэрнэт і выглядае часам клаакай, і ўся інтэрнэт-супольнасць быццам замазаная гэтым. Нават тыя, хто паводзіць сябе прыстойна. Не скажу, што мяне надта турбуе выгляд нашай супольнасці — урэшце, выключыў кампутар, і ты да яе не належыш. Быццам бы. Але найперш мяне турбуе «цёмная вада», у якой ловяць сваю рыбу тыя, хто прыходзіць у гэтую памыйку як на працу з самымі пэўнымі мэтамі — абмазаць брудам тых, на каго ўказалі працадаўцы, дэмаралізаваць і перасварыць нашу супольнасць паміж сабою.

Дык вось. Давайце ўсе разам пазбавім дэмаралізатараў шанцаў. Давайце лакалізуем «цёмную ваду». Проста з Новага году і пачнем. Давайце дамовімся — не пісаць у інтэрнэце гадасці і наветы, усялякую мізантропскую хлусню і даносы. Нават калі вельмі хочацца. Урэшце, можна перацярпець. У тым выпадку, калі гэта не ваша работа і калі вы такім чынам не ўтрымліваеце сям’ю, альбо не прыкрываеце свой бізнес.

Калі перацерпім, тады адразу стане ясна, хто тут проста чалавек, а хто «працуе», гэта значыць, «злівае» тое, што атрымаў ад кампетэнтных органаў. На гэтага другога не варта ані злавацца, ані крыўдаваць. Але і шкадаваць яго не варта. Будзьма прыстойнымі, спагадлівымі, ветлівымі. Створым вобраз беларускай інтэрнэт-супольнасці не як клаакі, а як утульнага дому. Хай сабе і з пацукамі. Галоўнае, каб яны не гаспадарылі па ўсёй хаце і каб мы ведалі норы іх.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дзякуй.
  • А я стаўлю свой подпіс пад такім пагадненьнем! Спадар Дубавец, мы ўжо ўдвох! Ой, а я такім выпадкам на Вас не данёс? :-)
  • Давайце дамовімся — не пісаць з Новага году ў інтэрнэце гадасці і наветы, усялякую мізантропскую хлусню і даносы. ================= То, значыць, немізантропскую хлусню пісаць можна? ... А што рабіць калі не адрозніваеш беспамылкова “мізантропа” (адпаведна, хлусню і даносы)? А як адрозніць дурны ўнутраны сверб, ад гэтакага ж свербу – але недурнога? Мізантропы, бадай, не канечне гіпертрафаваныя эгаісты, бо гэтак жа, як і іншых, не любяць і сябе. Гавару з уласнага досведу:) ...У цэлым выглядае падобна за закліку з панядзелка кінуць курыць. Але ж Васпан, здаецца, не жартуе?