Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Пра талеркі пустыя і поўныя


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Італьянка Лідзія самастойна вывучыла беларускую мову. Калі мы пазнаёміліся, аказалася, што Лідзія не ўмее гатаваць пасту. Па-першае, таму, што ў доме яе бацькоў у Рыме ажно дзве кухаркі. Па-другое, самой Лідзіі крыху за дваццаць і ў кулінарнай справе ў яе ўсё наперадзе. Затое гаварыць мы маглі без перакладчыка. Праз мову Лідзія не толькі адкрыла для сябе новую краіну, але і пашырыла сваё ўласнае сэрца. Таго, што яна будзе ў гэтым жыцці любіць, стала болей.

Я ведаю шмат закаханых у нашу краіну замежнікаў. Закаханых праз мову. Ёсць паміж іх тыя, чые імёны на слыху, як, напрыклад, англічанка Вера Рыч або швед Стэфан Эрыксан ці літоўка Альма Лапінскене. Іх любоў выяўляецца ў дзеянні, яны перакладаюць творы беларускай літаратуры на свае мовы. Але ёсць і шмат такіх, як наша Лідзія, што ўзбагацілі душу дарагім вобразам і зрабілі Беларусь часткаю свайго прыватнага культу і сваёй унутранай культуры.

Мяне больш за ўсё ўражвае тое, што зрабілі яны гэта насуперак цалкам неспрыяльным абставінам, якія афіцыйная Беларусь стварыла для такіх, як яны. Між іншым, усё, што было ў Лідзіі для самастойнага авалодання нашай мовай, гэта невядома адкуль выцягнуты падручнік невядома якіх гадоў з цытатамі Леніна і пастановаў ЦК КПСС. Праўда, тагачасныя падручнікі жывучыя, бо іх тыражы і блізка не параўнаеш з сённяшнімі.

Цяпер Лідзія вярнулася з нашых краёў у свой вечны Рым і сувязь з беларускай мовай будзе падтрымліваць праз прыватныя каналы.

Ёсць, праўда, у нас і дзяржаўны канал. Тэлевізійны. «Беларусь ТВ». Ён, нібыта, адмыслова для такіх, як Лідзія. Але я не стаў ёй раіць настройваць сваю талерку на гэты канал. Бо ён хоць і называецца словам «Беларусь», насамрэч адпавядае слову «савок». А «савок» — гэта зусім не тое, у што можна закахацца, чым можна ўзбагаціць сваю душу і пашырыць сэрца. Бо «савок» — гэта заўсёды адкрытая альбо прыхаваная агрэсія, ад якой на душы — пуста.

90 адсоткаў «культуры» на гэтым канале — антыкультура. 90 адсоткаў музыкі — нізкаякасная расійская папса. 90 адсоткаў кіно — архіўныя фільмы Саратаўскай кінастудыі, разлічаныя на тых, чыя маладосць прайшла ў гады культу асобы Сталіна. 90 адсоткаў герояў — доблесныя ветэраны НКВД. Але самае галоўнае, што канал гэты на 90 адсоткаў па-расійску.

Я разумею рацыянальны разлік стваральнікаў гэтага «агітпропу» на аўдыторыю, што складаецца з неграмадзян Латвіі, ветэранаў інтэрфронту Эстоніі, на савецкі воінскі кантынгент у Прыднястроўі і адстаўную брэжнеўскую наменклатуру па ўсім свеце. Словам — публіка настолькі ж бесперспектыўная, наколькі дэструктыўная. Кажуць, нават у Маскве адмовіліся трансляваць такое «за так». Але, скажыце, пры чым тут наша Лідзія? І пры чым тут Беларусь? І пры чым тут любоў?

Цяперашнія мінскія тэлевізійшчыкі на пытанне: чаму не па-беларуску? — любяць адказваць: мову выбірае той, хто робіць перадачу. Натуральна, гэта не так. Бо анархія не можа быць падставовым прынцыпам працы тэлеканала. Тым больш, калі гэта «агітпроп». Таму мінскія тэлевізійшчыкі, мякка кажучы, жартуюць. Дакладней, жартавалі да нядаўняга часу. Бо рана ці позна ўсё тайнае становіцца яўным. Сёння змагары з беларускай мовай пайшлі ў адкрыты наступ. Яны пачалі дубляваць беларускамоўныя перадачы на расійскую мову. Ідзе, напрыклад, стары мульцік па-беларуску, а «зверху» роўны дыктарскі голас перачытвае па-расійску. Альбо глядзіш інтэрв’ю старэйшыны беларускай навукі Барыса Кіта. Унікальная магчымасць пачуць родную мову, практычна не кранутую 20-м стагоддзем. З тымі пракаветнымі інтанацыямі, словамі і вымаўленнем... Не, зноў роўны дыктарскі голас накладаецца «зверху».

Роўны дыктарскі голас — гэта работа, за якую нехта атрымлівае зарплату. А яшчэ перакладчык — работа. А яшчэ — той, хто гэта ўсё запісвае і мантуе. Вось вам ужо і цэлы бюджэтны артыкул — на выкараненне беларускай мовы з беларускага тэлебачання. Але тэлебачанне — хоць і вельмі прыкметная, усё ж толькі адна сфера нашага публічнага жыцця.

Тым часам знаёмая пісьменніца выступала нядаўна перад дзецьмі ў звычайнай мінскай школе. Расказвала простыя гісторыі простымі словамі. А пасля выступу настаўніца ёй і кажа: «Вы нас извините, но половину из того, что вы говорили по-белорусски, дети не поняли».

Як казаў некалі прысланы ў Беларусь генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік, «чаго не зробіць расійскі штык, тое зробіць расійская школа». 200 гадоў яны робяць-робяць, ніяк не зробяць. А тут яшчэ і тэлеканалы падключыліся. Няўжо, нарэшце атрымаецца за грошы беларускага народа цалкам пазбавіць яго роднай мовы? Падступны план варты кнігі рэкордаў Гінеса, бо нідзе ў свеце такога не знойдзеш.

Шчыра кажучы, я не асабліва перажываю. І нават не таму, што працуе закон захавання беларушчыны ў прыродзе. Мова нікуды не знікае. Вось Лідзія самастойна загаварыла па-беларуску. Не важна, што жыве яна ў Рыме. А вось, як процівага гэтаму «Беларусь ТВ», пачаў працаваць іншы спадарожнікавы канал — «Белсат». Праўда, транслюецца ён з Польшчы, але якая розніца, калі і першы і другі каналы мы прымаем з аднаго космасу. Толькі талерку наладжваем па-рознаму.

Вядома, «Белсат» адразу абвясцілі апазіцыйным і ледзьве не варожым. Бо там няма цэнзуры і не расказваюць пра поспехі ў будаўніцтве аграгарадкоў. Але справа зусім не ў палітыцы. У чым тут справа — гэта вялікі сакрэт. Сёння я адкрыю яго вам. І няхай гэта будзе мой калядны падарунак.

Справа ў тым, што «Белсат» цалкам выходзіць па-беларуску. А ўся палітыка ў Беларусі адбываецца толькі вакол беларускай мовы. Вакол яе плятуцца тайныя змовы. Дэмакратыя, свабода, сацыяльныя цяжкасці і палёгкі — толькі знешняе прыкрыццё той сапраўднай вайны палітыкі з культурай, што разгорнута сёння ў Беларусі ў нетрах чынавенскіх кабінетаў, у сакрэтных дырэктывах і глыбінях свядомасці нацыі. Гэта ўсё ніякім чынам не афішуецца, але столькі грошай, часу і чалавечых рэсурсаў, колькі цяпер дзяржава выдаткоўвае на русіфікацыю, яна з часоў Мураўёва-вешальніка не выдаткоўвала ніколі. Чаму вайна тайная? Таму што адкрытая вайна выклікала б натуральнае абурэнне людзей, якія б адчулі знявагу свайго чалавечага і нацыянальнага гонару. А так усё ідзе, нібыта, так, як таму і наканавана быць. Беларусы, нібыта, самі паступова адмаўляюцца ад сваёй мовы...

А ўчора тэлефанавала Лідзія. Пыталася, што ў нас новага. Я сказаў, што з’явіўся першы цалкам беларускамоўны спадарожнікавы канал. Трэба было чуць, як яна ўзрадавалася! Сказала, што сёння ж настроіць на «Белсат» сваю талерку.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


 

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дык "поўная талерка чаго"? Мовы? Ці глядзіць хто-небудзь тэлебачанне з-за мовы? Думаю, што, напрыклад, і Finencial Times, i Big Boobs Magazine пачытаць можна на адной мове, а вось напоўненыя яны рознымі субстанцыямі, негледзячы на лінгвістычныя нюансы. Мова, гэта, канешне, прыемна, аднак якасць перадачаў Белсату з Youtube пакуль проста палохае, больш за 60сек ні адзін ролік глядзець не змог. Пакуль - гэта райцэнтраўскае ТБ пра нерайцэнтраўскія праблемы.