Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Пацук


Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
У метро я здымаю шапку. Ніхто не здымае, а я, апускаючыся на экскалатары, трымаю сваю чорную шапку ў руцэ, так вальней. І сягоння я хадзіў па платформе без шапкі, прагульваўся ў чаканні цягніга ды згадваў далёкае мінулае, бо калі гэтым разам я сцягваў шапку, згадаўся хлеў дзеда Броніка.

Было мне тады гадоў сем, я зайшоў у хлеў і гэтаксама зняў шапку. Я стаяў у цемры і слухаў, як цяжка ўздыхае ў загарадцы наш кабан. Ён, пэўна адчуваў блізкі скон, таму і дыхаў цяжка. Снежаньскае святло лілося праз маленечкае вакенца на ягоную шырокую спіну. Цёпла пахла гноем. У суседняй загарадцы ляжалі невялічкія парсючкі. Іх наперадзе чакаў доўгі год сытага жыцця. А год нашага вялікага кабана скончыўся, і сягоння яго заколюць нямецкім штык-нажом.

Нашы мужчыны вывядуць кабана на двор і паваляць каля плота. Дзядзька Казік намацае-наслухае свіное сэрца, ударыць у наслуханае месца нажом, а потым яшчэ раз, прыслухаўшыся ды прымераўшыся, загоніць дзюбку штака глыбока ў сэрца. Кабан паторгаецца, аціхне, і з яго спусцяць кроў. Сусед нацэдзіць сабе ў жалезны кубачак яшчэ жывой крыві, пасоліць яе і вып’е. Недапітае ён вытрахне з кубка на чысты снег. Кабана абсмаляць паяльнымі лямпамі ды адчысцяць нажамі да залацістага бляску.

Адам Глобус. Паяльная лямпа
 Адам Глобус. Паяльная лямпа

Нашы жанчыны, ужо ў хаце, разбяруць кабана і насмажаць свежыны. Усе мы будзем есці смажаныя скабкі. Я заўсёды чакаў смажаных рэбраў. І калі стаяў без шапкі ў цемнай цяплыні дзедавага хлява, слухаючы цяжкія ўздыхі вялікага кабана, я не шкадаваў яго, я чакаў тлустай і саладкай смажаніны. Калі каго я і мог пашкадаваць у тым хляве, дык гэта маленькіх парсючкоў, якім я насіў з крамы хлеб. За хлебам я выстойваў вялізныя чэргі. Парсючкоў трэба карміць. Нашы кабанчыкі хлеб любілі. Ну і як можна не любіць хлеб? Хлеб з цыбуляю і салам я дагэтуль люблю. А парсючкоў у мяне няма. Кватэры, студыі, офісы, «мерседэсы» — ёсць. А парсюка ніяк не завяду. Нават пацука не трымаю. Але і аднаго пацука я даглядаў.

У брата жыў пацучок. Брат ехаў у камандоўку і пакінуў мне даглядаць свайго пацучка, а я не даглядзеў. Захварэў пацук, вока ў яго гноем і кроўю заплыло. Заперажываў я. Здаецца і карміў яго, і гаварыў з ім, а ён захварэў. Сумнае было відовішча. Нават, калі аднойчы забыў зачыніць клетку, абяссілены пацук застаўся ў клетцы сядзець. Так я пачаў гуляць з пачцучком і незачыненай клеткаю. І дагуляўся: уцёк братаў пацук. Я схадзіў у краму, дзе купіў смажанай мойвы. Вярнуўся пацук, бо любіць гад падсмажаную рыбку. Агледзіў я любімца, і настрой мой падняўся, бо вылекаваўся пацук. Не ведаю, да якога такога доктара схадзіў пацучок, але той доктар-чарадзей вылекаваў пацука. Праз некалькі дзён я купіў яму сушаных кальмараў, такім пачастункам я вырашыў адзначыць нашае развітанне, бо брат вярнуўся з камандоўкі і забраў свайго пацука з офіса дамоў.

А праз некалькі тыдняў да брата праехалі сваякі з Рыгі, і вось што здарылася: наша пляменніца адшчыкнула пацуку кіпцюр. Кроў. Плач. Слёзы. Каб суцешыць пляменніцу, якая скалечыла пацука, адрэзаўшы кіпцюр дзверцаю клеткі, я расказаў показку: «Па бруднай-бруднай канаве плыве вялізная-вялізная Пацучыха. У яе на карку сядзіць Пацучонак. Раптам Пацучонак пачынае трэсці маці за вушы і крычаць, паказваючы на Кажана, што вісеў на дрэве: «Мама, глядзі-глядзі — Анёл!!!» Ніхто не засмяяўся, бо ўсе шкадавалі скалечанага пацука.

Пазней высветлілася, што пацук скалечыўся зусім іншым чынам. Пляменніца ўключыла бегавы трэнажор і пусціла пацука на гумовую дарожку. Ён бег і бег па чорнай гуме, пакуль не скончыліся сілы. Пацука зацягнула пад дарожку і там скалечыла. Такі жорскі эксперымент паставіла наша пляменніца-падлетак. Бацькі насварыліся на яе, толькі пакаранне злачыннцы не дапамагае ахвяры. Пацук хварэў.

Брат зноўку з'ехаў і пакінуў пацука ў офісе, каб я даглядаў. Быў летні гарачы дзень, і пацук салодка спаў у сваёй драцяной клетцы. Я пабудзіў яго. Наліў вады, сыр паклаў, а ён не ўзрадаваўся. Праз дзень, у сонечны вечар, я адчуў салодкі водар смерці. Пацук памёр. Лёгкае здранцвелае цельца, я загарнуў у свежую газету і паклаў у сваю старую шапку. Пахаваў я нашага пацука ў двары, закапаўшы пад маладой ліпкаю. Клетку я старана вымыў, і доўга любаваўся драцянымі перапляценнямі абсыпанымі кропелькамі вады.

Патэлефанаваў брат, і я распавёў яму пра сыход нашага пацука ў лепшы край. «Старэнькі ён у нас быў, што тут зробіш…» — сказаў брат і цяжка ўздыхнуў. А я падумаў, што варта набыць новага пацука, клетка ж засталася. Ёсць клетка — з'явіцца і палоннік. Пабудаваўшы турму, людзі будуць яе запаўняць, такі наш сонечны свет. Новага пацука я ніяк не мог набыць, паход у краму адкладаўся і адкладаўся на заўтрашні дзень. Каб клетка не зеўрыла пустатою і не патрабавала сабе палонніка, я ўпрыгожыў яе кляновымі лістамі.

Брат вярнуўся, пабачыў упрыгожаную клетку і сказаў, што ў нашым офісе не хапае кветак.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


 

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Мнения колумнистов могут не совпадать с мнением редакции. Приглашаем читателей обсуждать статьи на форуме, предлагать для участия в проекте новых авторов или собственные «Мнения». Шаноўная рэдакцыя naviny.by, а можна для маіх тэкстаў гэтыя ж думкі і прапановы выкласці па-беларуску. Дзякуй )))