Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Прозвішчы на слыху


Асаблівасці мовы – 3

Сяргей Дубавец
Cяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
...Словам, на змену спажывецкаму грамадству паўсюль у свеце прыходзіць грамадства інфармацыйнае. Такі паварот цывілізацыі. У нас, праўда, “свой шлях”, таму і спажывецкае, і інфармацыйнае да нас прыходзяць разам і ўперамешку – на змену грамадству савецкаму, дэфіцытна-цэнзурнаму.

Дастатак крамных прылаўкаў мякка перацякае у сыць тэлевізійнага вяшчання і наадварот. Усё гэта клубіцца-туманіцца ў галаве айчыннага інфармацыйнага спажыўца, нібы ў трызненным сне наркамана, і толькі халодны позірк патрульнага міліцыянта прымушае “навесці рэзкасць” і прайсці па простай лініі. Але ненадоўга. Варта пераступіць парог супермаркета альбо ўключыць тэлевізар (эфект той самы), як ты зноў пагружаешся ў бурлівы паток брэндаў і слоганаў, які панясе цябе кудысьці ў невараць, аж пакуль не ўвапрэшся позіркам у чарговага міліцыянта. Што б ты рабіў, бедны чалавеча, каб не гэтыя паставыя рэальнасці, што вяртаюць цябе на грэшную зямлю? Мабыць, заканамерна, што ў нас іх так шмат – не для таго, каб лавіць злачынцаў і караць парушальнікаў, а каб наш заблукалы народ не адляцеў канчаткова кудысьці ў нябёсы ўласнае цемнаты і бязвольнасці. Назаўжды.

Праміне пяцьдзесят, а можа быць, сто гадоў, і наш час выкліча цікавасць у наступных пакаленняў. Так бывае заўсёды. Але не тое іх прывабіць, каб пагрузіцца ў нашу інфармацыйна-спажывецкую нірвану. Іх прывабіць пазнанне таго, чаму мы былі такія, чаму жылі так, нібы ў сне, не надта разумеючы і зусім не хочучы разумець свайго свету і гэтага патоку брэндаў і слоганаў. Ім – нашчадкам – нашы брэнды многае раскажуць пра нас. І выснова будзе, як заўжды, несуцешнай. Бедныя-бедныя продкі! Як жа многага яны самі пра сябе не ведалі, не разумелі! Узяць хоць бы іхнія прозвішчы – тое, як самі сябе называлі, кім захапляліся або каго недалюбвалі. У бурлівым патоку брэндаў і слоганаў менавіта публічныя прозвішчы, растыражаваныя ў газетах, бясконца прамоўленыя праз радыё і тэлебачанне, найлепшым чынам раскажуць пра нас.

Вось, да прыкладу, ёсць такое прозвішча – Аляхно. Яно паходзіць ад старадаўняга імені – Алёхна. Недзе ў закалотах гісторыі мы такое імя згубілі. Як і мноства іншых імён. Самыя дзіўныя – Станка і Міцька, ад якіх пайшлі папулярныя прозвішчы Станкевіч і Міцкевіч. Гэтыя дайшлі да нас толькі з дадазеным да іх суфіксам. А вось Алёхна дайшоў амаль у чыстым выглядзе. Толькі – перакручаны праз мясарубку расійскай мовы. Царскія альбо камісарскія пісарчукі, натуральна, замест “ё” пісалі “е”, а на канцы ў такіх выпадках ставілі “о” – у парадку масавага перапісвання беларусаў на расійскі лад. Працэс быў татальны, Муха рабіўся Мухо, Птушка – Птушко. Карозія адбывалася не праз тое, што пісалася гэтае самае “о”, а таму, што змяняўся націск і гучанне змянялася непазнавальна! Па-расійску атрымлівалася чытэльна, бо “о” там не абавязкова пад націскам (молоко). У адрозненне ад беларускай мовы (малако). І калі прозвішча вярталася з Масквы ў сваю родную моўную стыхію з гэтым самым “о” на канцы, дык у сілу законаў беларускай мовы націск мяняў сваё месца і пераходзіў на апошні склад. Калі ж чалавек зноў трапляў у Маскву, дык цяпер ужо і са змененым “дома” націскам. Цяпер і па-расійску націск быў на апошнім складзе – АлехнО. У выніку старадаўняе імя, якое, між іншым, яшчэ і рэальная культурна-гістарычная каштоўнасць, не кажучы ўжо што прыгожае, гучыць ненатуральна, незразумела ды й рыфмуецца абы як.

Вы скажаце, шоў-біз, інтэрнэт, 21-е стагоддзе. А як удумаешся, бывае, у прозвішчы, дык падасца, што дагэтуль сядзім мы ўсе кропляй атраманту на пяры таго малапісьменнага Фількі, прысланага са свайго Ўрупінску, каб перапісаць новадалучанае да імперыі насельніцтва Беларусі ў расійскія рэвізскія казкі. Як, вы думаеце, запісваў той Філька (ці Сцёпка – оперупаўнаважаны НКВД з двума класамі, як правіла, адукацыі)? З голасу запісваў! “Как фамилиё?” – Алёхна. “Значит, А-ле-хно”...

Некаторым пашанцавала болей. Хоць, магчыма, гэта быў і не шанцунак, а іхняя ўласная воля. Да прыкладу, таксама старадаўняе і таксама прыгожае прозвішча – Аксюта, калі б з ім адбылося тое самае, што з Алёхнам, гучала б як АксютО – з націскам на апошнім складзе. На шчасце, абышлося. Можа быць, таму, што носьбіт атабарыўся ў Маскве і яму, у адрозненне ад тых, хто імкнецца ў Беларусі падкрэсліць сваю расійскасць, больш пасуе, хапае розуму і выгадна падкрэсліваць сваю якраз – беларускасць.

У нас жа часта здараецца наадварот. Як, напрыклад, з прозвішчам Кухто. Яно старажытнае, балцкае, тутэйшае. Не КухтО, вядома, а КУхта – з націскам на першым складзе. За ім у беларускай культуры стаіць унікальны сюжэт пра Максіма Багдановіча, які, паміраючы ў Крыме, апошні свой верш прысвяціў таму легендарнаму віленскаму друкару Марціну КУхту, што ў пачатку 20 стагоддзя друкаваў “Нашу Ніву” і першыя беларускія кнігі:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

А вось – што за прозвішча такое Ялфімаў? Адкуль тут у звычайнага Яфімава гэтае “л” узялося? Уся рэч у тым, што “Ефим” па-беларуску – Яўхім, а наша “ў” па-расійску чытаецца або як “в”, або як “л”, і недасведчаны розум выпадковага пісарчука мог аднойчы паблытаць гэтыя варыянты, запісваючы з голасу беларускае прозвішча на расійскі лад. (Памятаеце, была такая дыктарка ў Маскве родам з Брэста – Ангеліна Вовк – Воўк, значыць?) Так наш Яўхімаў і стаў калісьці Ялфімавым. Хоць, натуральна, больш граматна было б стаць яму па-расійску “Евфимовым” (як пісалі раней “Евфросиния Полоцкая” з беларускага Еўфрасіня. Таксама ж магла стаць – “Елфросинией” – калі б жыла гадоў на 700 пазней.)

У расійскай мовы свае законы, і аспрэчваць іх неразумна. Дысананс узнікае тады, калі беларускае прозвішча, прайшоўшы “карэкцыю” ў расійскай моўнай стыхіі, вяртаецца дадому ў такім вось змененым выглядзе. Гэта мала каго хвалюе, калі адбываецца ў межах бытавання аднаго канкрэтнага чалавека. Іншая рэч, калі прозвішча становіцца брэндам і слоганам і ўліваецца ў той інфармацыйна-спажывецкі паток, які ўвесь народ штодня прапускае праз сябе, а ў выніку страчвае тыя свае прыродныя “рэцэптары”, што адказваюць за адэкватнае ўспрыманне навакольнага свету праз свой уласны густ, слых і зрок.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.


 

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • ...сядзім мы ўсе кропляй атраманту на пяры таго малапісьменнага Фількі, прысланага са свайго Ўрупінску, каб перапісаць новадалучанае да імперыі насельніцтва Беларусі ў расійскія рэвізскія казкі. Як, вы думаеце, запісваў той Філька (ці Сцёпка – оперупаўнаважаны НКВД з двума класамі, як правіла, адукацыі)? З голасу запісваў! “Как фамилиё?” – Алёхна. “Значит, А-ле-хно”... -------------------- А што замінае беларусам па прыкладу Фількі казаць Алёхна замест Алехно? (перш за ўсё ўладальнікам тых перакручаных прозвішчаў) І Філек ўжо год 20 як няма... Вінныя не столькі Фількі, колькі ўласны пафігізм: ну Алехно, так Алехно, мая хата збоку...
  • Вы, жэншчына, прам як ня ў цырку. Пакіньце памяшканьне, прысажвайцесь у саатветствуюшчы тралейбус і дзьвігайцесь у обшчым патоку кудата ўдаль. Прабачце за мяккасць.
  • Напісана неахайна (“у сілу законаў беларускай мовы”, “у парадку масавага перапісвання беларусаў”, “дастатак крамных прылаўкаў... клубіцца-туманіцца ў галаве”). Можа, дастатак клубіцца ўсё ж у нейкай іншай частцы цела? І што вам так даўся гэты “паток брэндаў і слоганаў” (паўторана аж чатыры разы, прычым два разы гэты паток – “бурлівы”)? Здаецца, за савецкім часам у “Литературной газете” на апошняй старонцы рэгулярна абыгрывалася назва-штамп “рамана веку” нейкага аўтара-няздары -- “Бурный поток”. Прабачце за рэзкасць.