Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Бліжэй да шчасця

У кожнага, хто з Беларусі выпраўляецца ў Вільню, ёсць магчымасць адведаць апошні прыстанак Каліноўскага — узысці на Замкавую гару...

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

2 лютага споўніцца 170 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Каліноўскі — герой нумар адзін нашага нацыянальнага эпасу. Сын свайго народа, змагар за справядлівасць, той, хто дзеля ідэалаў гатовы ісці да канца. Яму, як нікому іншаму, прысвечана вялікае мноства твораў літаратуры і мастацтва. Чаму? Бо ён, як ніхто іншы, аб’ядноўвае беларусаў самых розных, у тым ліку і супрацьлеглых, груп і поглядаў. Аб’яднаўчы патэнцыял гэтага імя і гэтага міфа ўнікальны.

Скарыстаюся каляндарнай нагодай, каб прыпадняць заслону таямніцы, якая ўжо шмат гадоў хавае праўду пра месца апошняга прыстанку героя.

Пахаваны Каліноўскі разам з паплечнікамі ў агульнай магіле на Замкавай гары ў Вільні — побач з мурамі замка Гедыміна. Але, падняўшыся на гэтую гару, вы не знойдзеце там ні помніка, ні інфармацыйнай табліцы, ніякага іншага знаку, які б успамінаў пра Каліноўскага. Таму распавяду вам гісторыю гэтага пахавання.

Адбылося гэта ўзімку 1864 году. 26-гадовы кіраўнік паўстання Кастусь Каліноўскі быў схоплены расійскімі вайскоўцамі на канспіратыўнай кватэры на вуліцы Святога Яна ў тагачаснай сталіцы нашага краю Вільні. Адсюль яго пераправілі ў Дамініканскія муры — у кляштар, які быў пераабсталяваны пад турму. Экзекуцыя адбылася на Лукішскай плошчы 10 сакавіка. Шыбеніца, на якой павесілі героя, стаяла паміж будынкамі учорашняга КГБ (сёння тут музей генацыду) і Кансерваторыі.

Пасля экзекуцыі цела героя перавезлі па праспекце — тады Юраўскім, а сёння Гедыміна — проста на Замкавую гару. Там тады стаяў расійскі гарнізон. Паколькі месцы пахавання забітых паўстанцаў адразу ж ператвараліся ў месцы паломніцтва, было вырашана пахаваць героя на тэрыторыі гарнізону. Больш за тое, на месцы магілы была абсталяваная пляцоўка для гульні ў крыкет. Так доўжылася да пачатку першай сусветнай вайны, калі расійскі гарнізон пакінуў Вільню.

У 1915 годзе віленскія археолагі зрабілі раскопкі магілы, апісалі яе і дакументальна пацвердзілі факт пахавання пятнаццаці паўстанцаў, у тым ліку і Каліноўскага. А ў 1921 годзе на магіле быў зроблены мемарыял. Ён складаўся з вялікага драўлянага крыжа працы віленскага архітэктара Антона Вівульскага і мармуровай шыльды з імёнамі ўсіх пахаваных.

У 1940 годзе, пасля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, крыж быў спалены, а шыльда знікла без следу.

З тых часоў колішняя «пляцоўка для крыкету» так сабе і выглядае. На самай вяршыні Замкавай гары сярод пакручастых рэльефаў яна такая роўная адна — адшукаць нескладана. Калі б вам давялося падымацца на гару на фунікулёры, дык вы і выйшлі б акурат да гэтай пляцоўкі.

Зразумела, што на месцы пахавання павінен быць хоць нейкі знак. Інакш беларусам, што прыязджаюць у Вільню, адшукаць апошні прыстанак свайго нацыянальнага героя цяжка. Праблема ў тым, што гара Гедыміна — галоўны сімвал літоўскай дзяржаўнасці. І літоўцы, натуральна, хацелі б захаваць гэты сімвал «чыстым» — без дадатковых асацыяцый. Адзіная магчымасць выправіць сітуацыю — гэта ініцыятыва беларускай дзяржавы. Калі б такая была. Словам, толькі на міждзяржаўным узроўні ў гэтай справе маглі б быць зробленыя пазітыўныя крокі насустрач.

Па вялікім рахунку, і літоўцам не выгадна, каб сітуацыя заставалася такой, як ёсць. Бо калі магіла Каліноўскага ніяк не абазначаная, не лакалізаваная, тады ўся Замкавая гара становіцца ў вачах беларусаў адной вялікай магілай Каліноўскага — як курган на месцы пахавання героя.

У свой час гэты вобраз выкарыстаў Уладзімір Караткевіч у п’есе «Кастусь Каліноўскі». Там у гутарцы з графам-вешальнікам Мураўёвым Каліноўскі кажа такую фразу: «Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл».

Заўважу, што Караткевіч дакладнага месца пахавання свайго героя не ведаў. Ведаў, што дзесьці на гары, а дзе канкрэтна — не. У нас жа сёння ёсць дакладныя звесткі. І ў кожнага, хто з Беларусі выпраўляецца ў Вільню (а такіх шмат) ці то па справах, ці на шопінг, ці проста на шпацыр, ёсць магчымасць адведаць апошні прыстанак Каліноўскага — узысці на Замкавую гару альбо проста, праязджаючы міма, кінуць вокам на замкавую вежу і згадаць імя таго, хто справядлівасць ставіў вышэй за сваё ўласнае жыццё.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.