Адам Глобус. PLAY.BY. Ключ

Ключоў заўсёды шмат: ад кватэры, ад майстэрні, ад працоўнага кабінета, ад стала, ад сейфа, ад кодавых замкоў на пад’ездах...

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Ключоў заўсёды шмат: ад кватэры, ад майстэрні, ад працоўнага кабінета, ад стала, ад сейфа, ад кодавых замкоў на пад’ездах, ад паштовых скрынак дома і на працы… Ключоў столькі, што на адну звязку не збярэш. У мяне дзве звязкі штодзённых ключоў і ключыкаў. Яшчэ ёсць камплект маміных ключоў ды ключоў ад лецішча. А яшчэ ёсць кардонная каробка старых ключоў ад старых замкоў. Трэба іх выкінуць, трэба іх перабраць і занесці на сметнік, кожны раз так думаю, гледзячы на старыя ключы і адкладаю выкіданне. Шкада. Ну чаго іх шкадаваць? Шкадую… Ёсць людзі, што збіраюць калекцыі са старых ключоў, але я ніякіх збораў не раблю, і да старых рэчаў я не прывязваюся, ну хіба што да ключоў ад назаўсёды страчаных замкоў.

Раней ці пазней я абавязкова выкіну старыя ключы, але адзін ключ пакіну. З тым ключом ад кватэрнага замка звязана гісторыя аднаго кахання. Яго мне падаравала дзяўчына Алёна. Ключ быў прыклеены скотчам да паштоўкі, а побач з ім зроблены надпіс: «Ключ ад маёй маскоўскай кватэры. Вуліца Пятроўка, дом № 32, кватэра № 18. Можаш прыходзіць у любы час. Чакаю. Алёна». Паштоўка з ключом была ўкладзена ў капэрту, якая ляжала ў вялікай паштовай скрынцы. У той скрынцы, акрамя паштоўкі, было яшчэ два кілаграмы грэчнявых крупаў, набор кітайскіх пэндзляў і анталогія сусветнай паэзіі ў пяці тамах, дзе кожны верш падаваўся на мове арыгінала і ў перакладзе на расейскую. Тую скрынку Алёна не дасылала мне па пошце, а прывезла з Масквы ў Менск на цягніку і паставіла пад дзвярыма маёй кватэры. Падарункі знайшла мама, мне давялося ёй расказаць, што пазнаёміўся я з Алёнаю ў Мсціслаўлі, калі працаваў на рэстаўрацыі касцёла. Непадалёк ад касцёлу на гарадзішчы маскоўскія археолагі праводзілі раскопкі. Сярод археолагаў працавала і Алёна. Аднаго разу я запрасіў яе прагуляцца каля рэчкі. Было спякотна, я прапанаваў выпіць віна, мы выпілі, і мне зрабілася кепска. Мне зрабілася так блага, што я пакінуў Алёну каля рэчкі і вярнуўся ў гатэль, дзе лёг спаць. Праз некалькі дзён археолагі з’ехалі, і я забыў пра Алёну, але яна не забылася пра мяне.

Яна пачала пісаць мне лісты. Гэта былі вялікія, па восем старонак, справаздачы пра жыццё-быццё Алёны ў яе Маскве. З ветлівасці я адказаў на некалькі лістоў, а потым адказваць перастаў, бо лісты пачалі нагадваць занатоўкі вар’яткі. Алёна пісала пра сваю маці, якая неадступна сочыць за ёю. Пісала, што маці спіць і бачыць, як здае сваю адзіную дачку ў вар’ятню. Алёна пісала і пісала па два лісты на дзень. Я перастаў іх чытаць. Маленечкім ключыкам я адчыняў паштовую скрыню, даставаў лісты, рваў іх напалам і выкідаў у сметніцу. Алёна пісала мне цэлы год, а потым лісты перасталі прыходзіць. Некалькі месяцаў не было ніводнага ліста.

У калідоры нашага мастацкага інстытута да мяне падыйшоў парторг саюза мастакоў Уладзімір. Ён працягнуў мне зашмальцаваны тоўсты сшытак: «Я нічога не буду казаць пра пісьмо, я не буду нікога папракаць, я цябе папрашу. Зрабі так, каб у саюз мастакоў на маё імя больш не прыносілі падобныя сшыткі!» На першай староцы вялікімі крывымі літарамі было напісана чырвоным алоўкам: «Беларусь, Менск, Саюз мастакоў, Уладзіміру Стэльмашонку (перадаць Адаму Глобусу)». Ён і перадаў.

Ключ. Малюнак Адама Глобуса
Ключ.
Малюнак Адама Глобуса

На дзевяноста шасці старонках Алёна распавядала пра сваё бытаванне ў дурдоме. Маці ўсё ж паклала дачку ў лякарню. Пабытовыя малюнкі перамяжоўваліся з жорсткімі абвінавачваннямі ў мой бок. У хворых вачах я выглядаў нейкім монстрафашыстоўцам, які зачароўвае рускіх прыгажунь і забірае ў іх розум. Пра майго выкладчыка Стэльмашонка там было панапісвана яшчэ горш, бо, на думку хворай Алёны, менавіта Ўладзімір Іванавіч мяне і навучыў з’ядаць чужыя душы.

Сшытак я спаліў. Пайшоў на сметнік і спаліў усё да апошняга аркуша. Палячы сшытак, я спадзяваўся, што гэта апошні ліст ад Алёны, але я памыліўся. Замест лістоў пад маімі дзвярыма пачалі з’яўляцца паштовыя скрыні з прадуктамі, кнігамі ды прыладамі для малявання.

Аднойчы, побач са крыняю мая мама знайшла і Алёну. Тая стаяла і плакала. Мама запрасіла Алёну ў кватэру, напаіла яе морсам з журавінаў і ўгаварыла больш не прыязджаць у Менск. І Алёна больш не пісала мне лістоў і не прывозіла грэчнявыя ды рысавыя крупы.

Ад гісторыі пра неспраўджанае каханне ў мяне і застаўся ключ, які мне чамусьці шкада выкінуць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.