Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Андрэй Хадановіч. МЕРКАВАНЬНЕ. Сакавіцкая дыктоўка


Пару гадоў таму я напісаў на адным літаратурным форуме такія радкі:

Ня стоміцца пісаць рука
Пра восьмага сакавіка! –

і атрымаў не скажу каб вельмі арыгінальны адказ ад старэйшага калегі па пяры:

Ня стоміцца пісаць рука
Пра дваццаць пятага сакавіка!

Рытмічная кульгавасьць радка пісьменьніка не зьбянтэжыла. Галоўнае – так бы мовіць, вызначыцца з прыярытэтамі.

Андрэй Хадановiч
Андрэй Хадановіч. Паэт, перакладчык, выкладчык, эсэіст, аматар сьвята 8 сакавіка.
Што ж, давайце вызначымся. У нас цяпер модна прапагандаваць сакавіцкія дыктоўкі, а мне якраз згадалася адна, пісаная, як ні дзіўна, таксама ў сакавіку. А дакладней, сёмага. Палова маёй пароўну падзеленай для ўрокаў францускае клясы тады засяроджана рыпела пёрамі пад дыктоўку настаўніцы: “Chère maman! A l’occasion de la fête de 8 mars…” (“Дарагая мама! З нагоды сьвята 8 сакавіка” і г.д.) Мы пісалі чарнавік віншаваньня, якое пасьля мусілі ахайна перапісаць на сьвяточныя паштоўкі. Ня ведаю, ці пісала ў той момант сваю дыктоўку другая палова клясы зь іншым настаўнікам францускае. Ці падпісвалі ў той момант у іншых клясах і школах паштоўкі мамам мае равесьнікі па-ангельску, па-нямецку, па-гішпанску. Але дакладна ведаю, што асаблівага душэўнага хваляваньня я не адчуваў, бо тое, што яшчэ летась было сьвятам мамы, раптам зрабілася сьвятам сымпатычнай аднаклясьніцы, якой падпісвалася іншая паштоўка, прычым больш нэрвова, з большай колькасьцю памылак і крэсьленьняў, хоць і зусім не па-француску.

Непадзельна маміным гэта сьвята было ў дзіцячым садку (“Дети хором скажут нам: «Это праздник наших мам!»), калі штогод вучылася неймаверная колькасьць маразматычных вершыкаў на гэтую тэму. Вершыкаў, што павінны былі выхоўваць і выхоўвалі. Памятаю, як, прачытаўшы нешта накшталт: “Проснется мама – чай готов”, я адной прыўкраснай раніцы, апальваючы пальцы запалкамі, упершыню спрабаваў самастойна запаліць фаерку газавай пліты. (А чаму раней навучыліся вы: чытаць ці карыстацца запалкамі?)

Але потым наставаў момант, калі ты віншаваў ня толькі маму, ня толькі бабулю ці сястру. Гэта было і не віншаваньне зусім. Тэкст францускай паштоўкі быў бы дарэчны: менавіта што “з нагоды сьвята 8 сакавіка…” Ты атрымліваў законнае права (нешта накшталт павольных танцаў для абдымкаў), цалкам легальную магчымасьць зрабіць учынак, які ў іншай сытуацыі выглядаў бы проста непрыстойным. Усе твае аднаклясьніцы сёньня атрымаюць стандартныя прэзэнты-віншаваньні ад сваіх стандартных аднаклясьнікаў, а ты рызыкнеш і нешта падарыш пэрсанальна ёй. Пэрсанальна ад сябе. Тым больш што яна ўжо рызыкнула на 13 дзён раней.

Ці сьвяткуеце вы 8 сакавіка (23 лютага)? Напісаў – і адчуваю, што гэтыя дзьве даты (адна зь якіх – у дужках) надта ж нагадваюць адзін і той самы дзень, проста запісаны паводле розных – грыгарыянскага і юльлянскага – календароў (ня верыце – палічыце самі й праверце). Напраўду, ці не адно гэта і тое самае сьвята, проста адзначалі мы яго паводле двух – мужчынскага і жаночага – стыляў? Такое сабе затарможанае вясельле, дзе “перерывчик небольшой” надта ж зацягнуўся – і бацька жаніха выступае са сваім сьвяточным тостам праз 13 дзён пасьля маці нявесты.

Сьвет, дыхатамічна падзелены папалам і прынесены ў ахвяру традыцыйнай (пост)савецкай гендэрнай сымэтрыі. Спачатку – мужчынскі дзень, потым – жаночы. (Цікава, як сьвяткуюць і ці сьвяткуюць гэтыя дні сэксуальныя меншасьці? Адзін мой украінскі стужкафрэнд напісаў учора ў сваім жывым дзёньніку: “лесбійкі: з 8 сакавіка!” Але ад надпісу: “гомасэксуалісты: з 23 лютага!” – чамусьці ўстрымаўся. Відаць, такі пабаяўся “абаронцаў айчыны” рознай полавай арыентацыі.)

Два сьвяты ў адным на адной шостай частцы зямлі, да якой яшчэ не дайшоў місыянэр каханьня сьвяты Валянцін. А як толькі дайшоў – сьвяты імкліва пачалі страчваць свой сэнс, саступаючы больш моцнаму наркотыку, расфасаванаму па аднаразовых валянцінках. Калі ад іх сёньня і засталося хоць нешта шчырае, то гэта (як калісьці ў нашых дзяцячых садках) пачуцьці дзяцей да сваіх матуляў і татуляў.

Як на мяне, беларусам цалкам хапіла б і 14 лютага – аднаго нармальнага лютаўскага і аднаго нармальнага сакавіцкага сьвята (я пра дваццаць пятага). А восьмага сакавіка засталося б днём народзінаў паэта і палітычнага пэрформэра Славаміра Адамовіча: адэпты адзначалі б гэтае міжнароднае сьвята ад Беларусі да Нарвэгіі, прычым хлопчыкі зашывалі б сабе рот, а дзяўчаткі пасьля дэфляравалі б хлопчыкам вусны нацыянальна сьвядомым пацалункам.

Ці дажывем мы да лютаўскіх дыктовак, калі на ўроках замежнай мовы, сьледам за сваімі настаўнікамі, дзеткі будуць выводзіць усімі мовамі сьвету валянцінкі – віншуючы ўласных бацькоў? Калі добра выхаваныя дзяўчаткі будуць майстраваць для таты з мамай прабітае стралой Амура сэрцайка, а дрэнна выхаваныя хлопчыкі – прабіты стралой Амура кандом са сьвяточным надпісам: “Хачу браціка ці сятрычку”? Гэта будзе азначаць, што два савецкія “полавыя” сьвяты канчаткова ляснуліся.

А пакуль што наш брат пісьменьнік можа цешыцца, што яшчэ існуюць два дадатковыя сьвяты, на якія па-ранейшаму дараць падарункі. Бо найлепшы падарунак у нашай краіне – па-ранейшаму кніга. Напрыклад, твая.

І да цябе – як, напрыклад, сёньня – можа падыйсьці чароўная дзяўчынка-ліцэістка з тваёй кнігай і сказаць: “Спадару Андрэю, калі ласка, падпішыце кніжку (тут ты ўсьцешысься)… для маёй мамы (тут ты крыху абломісься)… на восьмага сакавіка!” – тут ты рассмяесься, і падпішаш кніжку, і, магчыма, нават закладзеш у ёй – для мамы сваёй навучэнкі – такі сакавіцкі вершык:

бо сакавік разносіць па лёгкіх сваю праказу
бо спаць не даюць садысты – марцовыя каты
бо адзінаццаціклясьніцы думаюць зусім не пра члены сказу
і ўсё пазьней штовечар прыходзяць дахаты

бо пагаліцца зранку – зьбіваецца подых
і лязо спатыкаецца на падбародзьдзі
покуль усе капяжы крычаць аб правох і свабодах
кругазвароту вясны ў прыродзе

бо прадчуваючы працу касец газонаў ад хваляваньня
блытае словы прызнаючыся ў каханьні касілагазонцы
адаграваецца сонца па горла ў вясновай ваньне
і любая выйдзе бяз шаліка па горла ў вясновым сонцы

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева