Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Сініца ў кішэні і разьбіты нос журналіста

Зрабілі бойку. Справакавалі ўладу на чарговую акцыю застрашэньня. Зноў скарацілі рады сваіх прыхільнікаў...

Гэтым разам перад Днём Волі асабліва настойліва шукаўся “крэатыў”. Незалежныя СМІ задаваліся пытаньнем: што гэта для вас і як бы вы адзначылі? Не сказаць, каб нехта ўразіў, але чырвонай ніткай у адказах праходзіла просьба: не рабіце бойкі! Зрабіце сьвята.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Зрабілі бойку. Справакавалі ўладу на чарговую акцыю застрашэньня. Зноў скарацілі рады сваіх прыхільнікаў. Аслабілі і аддалілі магчымасьць таго сацыяльнага выбуху, якога ўсёй душою чакаюць – каб узначаліць.

За гады няўдач лідэры дэмакратычных сіл даўно зьмірыліся з падменаю маштабных задач на тую “сініцу ў кішэні”, што гарантаваная ім толькі пры ўмове захаваньня status quo. Магчыма, я памыляюся, але наш палітычны расклад нагадвае мне трохбаковае пагадненьне ўлады, апазыцыі і замежных спонсараў, дзе кожны так ці йнакш вырашае свае штодзённыя задачы.

Ясна, што пазытыў зрабіць больш складана, чым “карцінку”. Асабліва ва ўмовах дыктатуры, якая сама дзейнічае антыкрэатыўна, адміністрацыйна і экстэнсіўна. Апазыцыя даўно ператварылася ў alter ego ўлады – яна такая ж антыкрэатыўная і экстэнсіўная, толькі што без адміністрацыйнага рэсурсу. Таму ўсё, што ёй застаецца, гэта дбаць не пра ўдалае сьвята, а пра “вынікі акцыі”. Замест новых прыхільнікаў у актыў залічваюцца фота з разьбітым носам журналіста, колькасьць пасаджаных на Акрэсьціна і заява Дзярждэпа. І так з году ў год.

Пасьля таго, як пачаў вяшчаньне на Беларусь спадарожнікавы канал Белсат, галоўнае пытаньне да яго стваральнікаў было такое: чаму вы са спадарожніка Астра, які ў Беларусі глядзяць адзінкі, не пераходзіце на Сірыюс, які глядзяць дзясяткі тысяч? Адказам былі пасулы, маўляў, некалі пяройдзем. А самі сабе падумалі: пяройдзем і атрымаем статыстыку “пшык”. І чым тады апраўдаем мільённыя ўкладаньні ў канал? Па ідэі, адзіным апраўданьнем тут можа быць рэйтынг. Але гэта толькі па ідэі. Гэтаксама, як у сытуацыі з Днём Волі выбіраецца не прырост колькасьці прыхільнікаў, а разьбіты нос журналіста.

Трохбаковае пагадненьне можа быць і нефармальным – як пагадненьне інтарэсаў. Таму скарачэньне бюджэту канала Белсат у Польшчы супадае з пагромамі ў ягоных офісах у Беларусі. Тутэйшы рэжым, зацікаўлены ў задушэньні альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, учыняе аблаву на журналістаў тэлеканала, чым дапамагае яму “закрыць справаздачнасьць”, а Польшчы, як фінансісту гэтага дзела, скараціць выдаткі на затратную справу і адначасова захаваць вобраз правадніка дэмакратыі ў суседнюю краіну.

Тое самае адбылося і з Радыё Рацыя, і з Эўрапейскім Радыё для Беларусі, якія таксама вяшчаюць з Польшчы. Іх таксама “ператрэсьлі” – тут. Ім таксама ўрэзалі бюджэт – там. Сёлета яны перасталі выходзіць на самых даступных сярэдніх хвалях, дзе іх магла слухаць чвэрць або нават траціна насельніцтва Беларусі. Сярэднія хвалі ёсьць у кожнай машыне, і я з уласнага досьведу магу пацьвердзіць, што на частаце 612 кгц з Віленскага рэтрансьлятара слухаў гэтыя перадачы ажно пад Мазыром, натуральна, заглушыўшы рухавік. Вобразна кажучы, дзьве гэтыя радыёстанцыі таксама перайшлі з Сірыюса на Астру, а не наадварот, як таго чакаюць ад Белсату патэнцыйныя тэлегледачы гэтага абсалютна неабходнага Беларусі канала.

Такім чынам, вымалёўваецца тэндэнцыя трохбаковых дачыненьняў: апазыцыя і незалежныя СМІ атрымліваюць сякую-такую магчымасьць выжываньня, спонсары асвойваюць капіталы і захоўваюць міну, дыктатар здавольваецца тым, што ў этэры гучыць толькі ягоны голас.

За апошнія гады назьбіралася так шмат прыкладаў на адну тэму, што грэх не напісаць пра гэта кнігу або дысэртацыю: Чаму эфэктыўныя праекты ў галіне СМІ або альтэрнатыўнай палітыкі ў Беларусі заўсёды сканчаюць сваё існаваньне на ўзьлёце? Захад раптоўна сканчае фінансаваньне, рэжым абрушваецца з разгромам. Тыя, каму ўдаецца выжыць, павінны ўвесь час даказваць сваю неэфектыўнасьць і спонсарам, і рэжыму.

Чыстыя словы пра дэмакратыю, свабоду ці пераможаны страх у такім кантэксьце парадаксальным чынам ператвараюцца ў той бруд, які мы маем на ўвазе, калі называем палітыку “бруднай справай”. Бо за гэтымі словамі і за гэтым гульнямі напроч забытым застаецца беларускі народ – адлучаны ад палітыкі, як дзяржаўнай, так і апазыцыйнай, пазбаўлены інфармацыі, бяспраўны аб’ект цынічных маніпуляцыяў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.