Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Месца


Можа быць, ніхто з менчукоў так добра не ведае сталічныя краявіды, як ведаю іх я. Гадзінамі магу блукаць па вуліцах, каб намаляваць той ці іншы матыў. Толькі ў большасці выпадкаў я вяртаюся ў майстэрню без малюнкаў, бо мэта мая — не столькі маляваць, колькі любавацца прыгажосцю любімага Менска. Ні фотаздымак, ні малюнак, ні фільм не раскажа ўсёй праўды нават пра маленькі квартал, нават пра кароткі завулак, нават пра невялічкую зялёную выспу на ціхаплыннай Свіслачы.

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Можна нават сказаць, што маё жаданне маляваць Менск не настолькі і вялікае, яно значна меншае за жаданне проста глядзець на горад, на ягоныя сосны ў парках і клёны на могілках, на бляск вечаровага сонца ў шкле мікрараённых шматпавярховікаў.

Днямі я зайшоў на вуліцу Парніковая. Панылае месца, скажу табе. Пыл, шэрыя платы, зашмулянасць сценаў. Паныласць пачынаецца ў тым раёне ад кінастудыі, ад гэтага закутка непатрэбшчыны. Паныласць і гнятлівасць пануе на вуліцы Філімонава, а на перакрыжаванні Філімонава з Парніковаю гнятлівасць робіцца, як для мяне, то й невыноснай.

Блізу таго скрыжавання стаіць цагляны і крыху скасабочаны дом, у якім некалі даўно была аптэка. Тую аптэку перавялі ў іншае месца, а памяшканне аддалі пад майстэрню маёй акадэміі мастацтваў.

Чамусьці ніхто не хацеў ездзіць на Парніковую. Амаль усе майстэрні былі ў цэнтры, на праспекце. А тут нейкая Парніковая на краі свету. Ды і памяшканне было цемнаватае, як для майстэрні, у якой трэба пісаць карціны. Мэбля, што пазаставалася ад старой аптэкі, выклікала змрочныя думкі пра несупынныя хваробы і нікчэмнасць чалавечага існавання. Я адзіны, хто пагадзіўся ўзяць ключ ад няўтульнага памяшкання на Парніковай.

Днямі навылёт я маляваў у той майстэрні змрочныя карціны з чорнымі крыжамі і жанчынамі ў цёмна-чырвоных строях. І невядома, чым бы скончылася мая адзінота ў памяшканні былой аптэкі на вуліцы Парніковай, каб я не перабраўся на праспектную мансарду, якая месціцца каля дзяржбанку, над чыгуначнымі касамі. Мой настрой адразу змяніўся, і чорныя крыжы пазнікалі з карцін.

Пра змрочнасць вуліцы Парніковай я пачаў быў забывацца. І я б пра яе зусім забыўся, каб да мяне не завітаў мой таварыш — Валянцін. Ён прынёс дзве мае карціны, якія купіў на аўкцыёне. Ён папрасіў, каб карціны пастаялі ў мяне, бо сам вырашыў з’ехаць, а ўзяць мае карціны з сабою ня мае аніякай магчымасці. А яшчэ Валянцін сказаў, што яму кепска працуецца на вуліцы Парніковай, што былая аптэка цісне на яго, што карціны не пішуцца, а дзяўчына, у якую ён меў неасцярожнасць закахацца, яго зусім не любіць.

Мінорнасць Валянціна мяне зусім і не насцярожыла, ён заўсёды быў меланхалічны, як П’еро. Ягоная тонкая лірыка мела сумны каларыт… «Пыл — гэта пасевы смерці; выцірайце пыл» — пісаў Валянцін. Ці яшчэ: «Маці ўсё строчыць і строчыць на швейнай машынцы, нібыта хоча некуды з’ехаць».

Тым разам я выступіў у апмлуа аптымістычнага Арлекіна, сказаўшы, што вясна на вуліцы, што жанчын і каханняў у ягоным жыцці будзе процьма. Я жорстка памыліўся.

Праз некалькі дзён Валянцін зрабіў прыборку ў памяшканні былой аптэкі. Ён старанна выцер пыл і вымыў падлогу. Ён апрануў белую кашулю і павесіўся ў змрочным прапахлым лекамі памяшканні, на вуліцы Парніковай.

Можа быць, ніхто з менчукоў не задумваўся пра тое, што ў нашае сталіцы ёсць праклятыя месцы. А калі хто і задумваўся, дык ніхто дакладна не назваў выклятае скрыжаванне. Я назаву: перакрыжаванне вуліцы Парніковай з вуліцаю Філімонава — месца праклятае. Там паныла, пыльна і гнятліва.

Калі ў Менску і ёсць Богам выклятыя месцы, дык адно з іх там, дакладна. І калі нехта збярэцца на тым месцы пабудаваць царкву, то варта будзе яго адгаварыць.

...Заўтра пачнецца вясна, заўтра луснуць пупышкі, горад наш зазелянее. Нават вуліца Парніковая стане не такой змрочнай. Жанчыны будуць стаяць у залітых сонцам дварах і расказваць пра сваіх разумных дзяцей і ўнукаў. І на нейкі час ты забудзеш пра змрочную гісторыю, што некалі даўно адбылася з паэтам на вуліцы Парніковай, у праклятым месцы.

Малюнак Адама ГлобусаМалюнак Адама Глобуса

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Рэстарацыя "Журавінка" стаіць на паганым месцы.
  • Адам, а где ещё, на ваш взгляд, есть аналогичные "проклятые" места в городе?