Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Замак


Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Падарожжы ў гісторыю мяне вабілі заўсёды. Здараецца, я нават шкадую, што не нарадзіўся ў час лютага паўстання рабоў пад кіраўніцтвам жорсткага гладыятара Спартака. А яшчэ мне хацелася працаваць разам з саркастычнымі энцыклапедыстамі ў перыяд Асветы...

Табе мае густы могуць падацца дзіўнымі, але і рамантыкаў, якія прыйшлі на змену класіцыстам, я паважаю не менш. Калі Дзідро супрацьпаставіў Бібліі сваю Энцыклапедыю, дык рамантыкі абвясцілі кнігу новым саборам. Віктор Гюго нават назваў раман «Сабор парыжскай Божай маці». А ў той самы час Мікалай Гогаль горка плакаў, гледзячы на ўзнёслую веліч гатычнай архітэктуры, і сам у сябе пытаўся: «…няўжо мінуў незваротна век архітэктуры?»

Але я нарадзіўся ў іншы час, я прыйшоў тады, калі мусіў прыйсці, і працую ў той літаратуры, у якой наканавана працаваць. На маіх вачах вялікая імперыя была разбурана, і мяне радуе, што ў яе разбурэнні я прымаў удзел. Энцыклапедыі і даведнікі я рабіў і раблю даволі паспяхова, а вось раман-сабор я так і не напісаў...

Для беларуса сабор заўсёды чужы. У нас свая хата, свой дом, свой кут, свой лес, сваё поле, свой шлях, а сабор адназначна чужы, накшталт прыезджага цырка з шатрамі. Выбачай за вульгарнае параўнанне.

Гаспадары ў тутэйшых саборных будынках надзіва лёгка мяняюцца з усходніх на заходніх, але ад гэтага саборы не робяцца нашымі, не набываюць беларускасць. Дый святары не вельмі рупяцца пра беларускасць цэркваў і касцёлаў, нават мова беларуская гучыць у іх праз раз. Касцёл збольшага польскі, а царква наскрозь руская, дык чаму ж тады мне там павінна быць цёпла? Халодна мне ў іх, халодна і сумна. І не толькі мне…

З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы…


Пісаў Анатоль Вялюгін, і я яго разумею, як разумею і другога Анатоля, які вымавіў роспачныя словы…

У гэтай краіне не маю я бога,
ушчэнт разапселі яго святары:
дзе церні павінны насіць — носяць рогі,
які ж тады бог, калі служкі звяры?

Пасля такіх словаў выглядае на тое, што вялікай любові ў беларускай літаратуры з саборам і вялікай архітэктураю не атрымалася і не атрымаецца, але такая выснова будзе паспешлівай і памылковаю.

Двудушны і знявераны беларус выбраў сабе замест сабора замак. Аспрэчваць правільнасць беларускага выбару не выпадае, бо час той, калі рабіўся выбар, незваротна мінуў, і вярнуцца туды немагчыма. Таму прымем тое, што маем.

Замак. Малюнак Адама Глобуса

Не выпадкова першым аб’ектам, які беларусы ўзяліся рэстаўраваць, быў Мірскі замак. Не выпадкова і тое, што дзве найбольш культавыя беларускія кнігі мелі ў сваіх назвах слова «замак». «Чорны замак Альшанскі» назваў свой самы папулярны раман Уладзімір Караткевіч. «Замкі Беларусі» Міхася Ткачова — адна з самых любімых кніжак у асяродку тутэйшых чытачоў.

Можа я памылюся, але дазволю сабе выказаць нечаканае меркаванне. Дзякуючы таму, што нашыя папярэднікі выбралі замак замест сабора, мы атрымалі і маем дзяржаўнасць. Так, мы выбралі зямное замест нябеснага. Беларусы выбралі каменнае, а не воблачнае. Выбралі абарону зямлі, а не напад на неба. Мы пачулі і прынялі старажытны беларускі праклён: «Каб ты ўсё жыццё камяні на замак цягаў!»

Тутэйшыя Сізіфы коцяць на гару праклятыя камяні, і з тых камянёў складаецца замак, наш беларускі замак.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • І ён аб"ядноўвае нас!
  • Мне очень понравилось. Замок романтичен и крут, он по-земному романтичен. И действительно сильный образ - белорусский замок.
  • Да, не припомню термина "царква-крэпасць" в других культурах.