Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Водгукі


 

 Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Рускі паэт Яфімаў напісаў водгук на мой першы зборнік вершаў. Я патэлефанаваў яму і выказаў удзячнасць, а ён вазьмі ды запрасі мяне на размову. За вокнамі стаяла снежаньская цямрэча, марозны вечар быў не вельмі спрыяльны для прагулянкі, але я не стаў адмаўляцца і паабяцаў хутка прыйсці. Мне зусім не хацелася пакідаць дзяўчат, да якіх я завітаў на вячэру. Марына з Тамараю нават зазлавалі. Толькі накрылі стол, а я, не паспеўшы сесці, уцякаю да нейкага там старога рускага паэта. Паабяцаўшы хутка вярнуцца, я пабег да Яфімава. Можна было паехаць кругам на тралейбусе, але я вырашыў прайсціся напрасткі, праз поле. Ісці праз поле было поўнай дуротаю, але мне заманулася лезці па снегу. І палез.

Кватэра ў Яфімава была маленечкая. У яго ўсё было маленькае: і стол, і лямпа, і попельніца пад лямпаю. Мы палілі папяросу за папяросаю, і Яфімаў распавядаў пра свае погляды на паэзію. Ён быў цалкам рускім паэтам, таму паэты, пра якіх вялася размова, таксама былі адпаведныя, Твардоўскі з Пастэрнакам. Я слухаў Яфімава моўчкі, бо меркаваў, што ён хутка выгаварыцца, і я вярнуся да Тамары з Марынаю, да бутэлькі віна і любові з Тамараю. Але Яфімаў гаварыў і гаварыў несупынна. Так бывае з чалавекам нявыгавараным; ён разумее, што яго не слухаюць і не чуюць, але спыніцца не можа, бо спадзяецца на разуменне. Сяброў ў Яфімава амаль не было. Яго выключылі з кампартыі, забралі афіцэрскае званне і выгналі з войска, бо ён прылюдна жорстка выказаўся супраць савецкай улады і не стаў адмаўляцца ад сваіх поглядаў. І пра ўсё гэта ён вырашыў распавесці мне. І я б з вялікім задавальненнем яго выслухаў, каб гэта было ў які іншы вечар. Таму я набраўся нахабства і сказаў, што не вельмі люблю Твардоўскага з Пастэрнакам і што руская паэзія мяне хвалюе значна меней за беларускую. Але рускі паэт таму і рускі, што ўсё адно будзе гнуць сваю лінію. “Няўжо ты нікога з рускіх паэтаў не любіш?” Я назваў Івана Буніна. Назваў, каб некага назваць, мог бы назваць Лермантава ці Забалоцкага, але назваўся Іван Бунін. “Твайму Буніну было лёгка жыць і дыхаць. Памятаеш, як у твайго Буніна сказана? Памятаеш? Зараз мы знойдзем пра чмяля, пра поле, пра летнюю спёку…” Яфімаў зняў з маленькай паліцы кнігу, паклаў пад лямпу і прачытаў:

И цветы, и шмели, и трава, и колосья,
И лазурь, и полуденный зной...
Срок настанет — Господь сына блудного спросит:
"Был ли счастлив ты в жизни земной?"

И забуду я всё — вспомню только вот эти
Полевые пути меж колосьев и трав —
И от сладостных слёз не успею ответить,
К милосердным коленям припав.


Памаўчаўшы, мы зноў закурылі. “У яго быў паратунак. А ў нас з табою яго няма. У Буніна заўсёды была надзея на выратаванне і быў Ён! А ў нас Яго няма…” Я змаўчаў. Убачыў святло і змаўчаў. Мяне чакалі Тамара з Марынаю, і я не стаў казаць Яфімаву пра святло.

Адам Глобус «Тома Карэлкіна» 1980 год. Кардон, алей 60х70см.

Ідучы праз снежнае поле, я згадваў светлы летні дзень. Было вяселле ў майго сваяка Толюся, які браў у жонкі Ядзю з Рубяжэвічаў. У тых Рубяжэвічах і гулялі вяселле. Толюсь падпрацоўваў арганістам у касцёле. Таму самая вялікая ўрачыстасць, зразумела, у касцёле і адбывалася. Толюсяў брат Генусь надзімаў арганныя мяхі, а я стаяў побач, каб яго падмяніць, калі стоміцца, але Генусь не стаміўся, бо Толюсь у той дзень мала іграў на аргане. Іграць шмат не выпадала, наогул іграць на аргане на ўласным вяселлі Толюсь не збіраўся, спадзеючыся знайсці іншага арганіста, але арганіста не знайшлося, музыкі баяліся іграць у касцёле. У Менску касцёлаў зусім не было, а бліжэйшы ад Менску касцёл быў якраз у тых самых Рубяжэвічах, дзе старэнькі ксёндз запрасіў нас усіх сфатаграфавацца на касцёльным падворку. Усё шматлюднае вяселле вышнуравалася каля касцёльнае сцяны. Было яснае неба, было сонца, такое сонца… Такое… Пра якое не скажаш словамі, пра якое трэба памятаць заўсёды. Казаць можна не казаць, а памятаць пра яго трэба, і бачыць яго трэба.

Калі я прыйшоў да дзяўчат, яны ўжо паклаліся спаць. Тамара адчыніла дзверы і пайшла на варэльню грэць вячэру. Я піў чырвонае віно і еў смажаную на сале бульбу з салёнымі агуркамі, а Тома сядзела побач у адной начной піжаме. Яна глядзела, як я ем, і салодка пазяхала. “І пра што ты з гэным рускім паэтам так доўга гаварыў?” – “Пра калені!” – “Пра якія такія калені?” – “Пра твае мае любімыя калені…” – “Ілжэш!” – “Ілгу. Зараз дап’ю віно і буду далей ілгаць пра твае мае калені, пра твае мае валасы і вусны, пра твае мае міласэрныя вочы…”

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы
.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева