Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. На сярэднім удойным


Папулярная на савецкіх кухнях праблема адносін мастака і ўлады напавер аказалася праблемай улады. Там, дзе закончыўся асфальт таталітарызму, закончыліся і размовы інтэлігенцыі на гэтую тэму. “Няправільны” пісьменьнік, “нячэсны” журналіст, музыка з “чорнага сьпісу” – нічога падобнага вы ня знойдзеце сёньня ані ў Польшчы, ані ў Літве, ані ва Ўкраіне. Па-вялікім рахунку, і ў Расеі, дзе на палітычныя тэмы “дзяржаюць і не пушчаюць”, з культурай і гуманістыкай улада стараецца адносін не высьвятляць. Нешта сказалі былі пра забарону групы “ДДТ” пасьля ўдзелу яе лідэра ў “Маршы нязгодных”, але зараз жа ад забароны і адхрысьціліся.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».  
Вайна палітыкі з культурай у нашым канцы сьвету вядзецца толькі ў Беларусі. Ва Ўкраіне дзіўна было б пачуць пра закрыцьцё выставы мастака, якому не падабаецца Юшчанка. У Польшчы абсурдна не выдаваць літаратара, які ня любіць Качыньскага. У Літве проста не зразумеюць, калі будзе адменены канцэрт музыкі, што крытычна ставіцца да Адамкуса.

Словам, лаяльнасьць творцы да самога творцы ніякага дачыненьня ня мае. Калі ж творца пераймаецца праблемай сваёй лаяльнасьці, гэта ўжо ня мае ніякага дачыненьня да творчасьці.

Не сакрэт, што абсалютная большасьць таго, што пішацца сёньня ў беларускай літаратуры, што мае эстэтычную вартасьць і рэальна запатрабаванае, – знаходзіцца ў “нелаяльным” полі. Маю на ўвазе тыя кнігі, якія насамрэч набываюцца і насамрэч чытаюцца. Культуру, у якой ёсьць публіка. Чаму яны ў той ці іншай ступені аднесеныя да нелаяльных? Можа быць, яны супраць дзяржавы? Не, іх аўтары якраз дзяржаўнікі. Можа быць, яны заклікаюць да чагосьці гвалтоўнага ці амаральнага? Не, яны ні да чаго не заклікаюць, бо гэта ня ёсьць задачай мастацкае літаратуры. Можа быць, у іх кнігах поўна брыдкаслоўя? Не, у гэтым сэнсе яны хутчэй “традыцыяналісты”.

Сказаць, што яны не адпавядаюць ідэалёгіі цяперашняга кіраўніка? Але ж гэта праблема кіраўніка. І гэта яму трэба задумацца, чаму кнігі, прасякнутыя любоўю да Беларусі, успрымаюцца ім як варожыя асабіста яму кнігі.

Ці павінен быў Васіль Быкаў даказваць сваю лаяльнасць Лукашэнку? Калі б ён гэтым займаўся, ёй ня быў бы найвялікшым пісьменьнікам сучаснасьці. Гэта ня Быкаў, а Лукашэнка стварыў праблему “нелаяльнасьці яму Быкава”. Спачатку пісьменьніка вымусілі пакінуць краіну. А сёньня, пасьля сьмерці Быкава, чыняць перашкоды распаўсюду Збору ягоных твораў, які выдаецца энтузіястамі за замежныя грошы і насуперак волі дзяржавы.

Ці павінен Алесь Пашкевіч, які ўзначальвае Саюз беларускіх пісьменьнікаў, даказваць сваю і Саюза лаяльнасць? Калі б ён гэтым займаўся (менавіта даказваннем лаяльнасці або нелаяльнасці), ці даверылі б яму лідэрства 500 літаратараў? Гэта ўлада разгарнула шырокамаштабныя дзеяньні, каб даказаць нелаяльнасць сабе Пашкевіча. Яго пачалі шальмаваць у дзяржаўным друку, яму перашкодзілі выкладаць і абараніцца як навукоўцу-філолагу.

Ці павінныя знакаміты паэт Уладзімір Някляеў ці самы чытальны сёньня празаік Уладзімер Арлоў даказваць сваю лаяльнасць? Але хто тады будзе іх чытаць? І да якога плінтусу яны павінны спусьціцца з нябёсаў сваёй творчасьці, каб прадэманстраваць вернападданства?

Выходзіць, праблема лаяльнасці ў наш час – гэта праблема маштабаў таленту. Выбар паміж творчым узьлётам і плінтусам. Незалежна ад таго, пра што піша літаратар – пра каханьне, прыроду ці Лукашэнку, незалежна ад таго, у якім ключы ён пра гэта піша – станоўча, адмоўна ці ніяк, – усё залежыць ад велічыні створанага. І чым больш таленавіты твор і яго аўтар, чым больш ён прызнаны дома і за мяжой, чым больш яго чытаюць і купляюць, тым болей шанцаў у яго трапіць у сьпіс нелаяльных.

Ясна, што ў дзяржаўных выдавецтвах ды часопісах сядзяць разумныя людзі, якія стараюцца не апускацца да поўнай графаманіі і бяздарнасці. Але іх задача – трымаць узровень “на сярэднім удойным”. Нешта патэнцыйна геніяльнае або ажыятажнае, у добрым сэнсе слова, у нас асуджанае на нелаяльнасць.

Верагодна, гэта адбітак усёй структуры цяперашняй улады, якая вельмі раўніва ставіцца да кожнай праявы сілы – да дужага чалавека, да моцнага палітыка, да здольнага творцы. Калі ў краіне па вызначэньні ўжо ёсьць самы дужы, моцны і здольны, іншых “самых” папросту ня можа быць. Ва ўсіх сфэрах жыцьця. Праблема толькі ў тым, што літаратура – не палітыка і не хакей. Тут спэцназамі не разгоніш і майку з нумарам “1” не надзенеш. Таму застаецца дзяліць пісьменьнікаў на лаяльных і нелаяльных і выціскаць найбольш таленавітых у нелаяльнае поле – за межы выдавецтваў і за межы краіны.

Сітуацыя нагадвае прыдуху савецкага часу. Тады таксама вітаўся “сярэдні ўдойны” ўзровень. Але. Тады можна было прабіцца. І калі ты ўжо прабіваўся, дык здабываў сабе наступны, вышэйшы ўзровень прызнаньня дзяржавы. З табой лічыліся, цябе аберагалі, як нематэрыяльную каштоўнасьць. Сёньня ж прабіцца (талентам, энэргіяй, агнём уваччу) можна толькі ў нелегітымнасьць. Геніяльнасьць тоесная антылукашызму. Ты можаш пісаць пра птушак, але калі робіш гэта геніяльна, твае птушкі ператвараюцца ў “Архіпелаг ГУЛАГ” і “будзе лепш, калі вы пакінеце нашу краіну”...

Прынцыповае адрозьненьне машэраўскай Беларусі ад лукашэнкаўскай у тым, што за саветамі ўлада імкнулася вырашыць праблему лаяльнасьці, гэта значыць, лаялізаваць усіх вядомых, чытэльных і значэнных у літаратуры творцаў, а ў постсавецкай РБ улада, наадварот, ставіць задачу НЕлаяльнасьці ўсіх чытэльных і значэнных. І першы і другі падыходы заганныя і характэрныя для аўтарытарных рэжымаў. Аднак пры першым падыходзе, як гэта ні дзіўна, улічваліся нацыянальныя інтарэсы, тады разумелі, што ўсесаюзная слава Мележа, Караткевіча ці Быкава – ніяк ня меншы актыў Беларусі, чым калійныя ўгнаеньні альбо трактары "Беларусь". Відавочна, што і ў сёньняшнім зьмененым сьвеце вартасьць такіх актываў толькі павялічваецца. Бо прэстыж краіны ў сьвеце, прыцягненьне турыстаў, выхаваньне патрыятызму ў нашмат большай ступені залежыць ад разьвіцьця і прэстыжу нацыянальнай літаратуры, чым ад калійных угнаеньняў і трактараў.  

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы
.
Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дзякуй спадару Дубаўцу за яшчэ адзін глыбокі і слушны артыкул. Вельмі рады, што Вы ўпарта падтрымліваеце высокі ўзровень айчыннай публіцыстыкі. Гэта як глыток паветра пасля смуроду зімоўскіх.