Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Трыюмф Біслана

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Люблю рускіх. Такая думка прыходзіць мне ў галаву ўсё радзей. Напэўна, тых, хто ў Расеі варты любові, менш ня стала. Але я іх ня бачу. Прынамсі, на расейскіх тэлеканалах усе героі ды пэрсанажы зьліваюцца ў зборны вобраз нейкага ўмоўнага Уга Чавэса — у небясьпечную клаўнаду. Небясьпечную для ўсіх.

Вось і заўчора ў марным пошуку сваёй любові да рускіх я ўцякаў ад гэтага Чавэса, ад імпэрскага трыюмфатарства з нагоды апошніх перамог у спорце і на эстрадзе, і з расейскіх тэлеканалаў саскочыў на польскі. А там — фільм пра Чачню. І не адарвацца. Даглядзеў да канца і нарэшце супакоіўся — люблю рускіх.

Фільм расказваў пра захоп закладнікаў на Дуброўцы і паралельна — пра зруйнаваны вайною Грозны. Дакладней, не пра гэта, а пра людзей у гэтым. Цяпер рэдка пабачыш дакумэнтальнае кіно ў канонах жанру — без камэнтароў. Гавораць толькі ўдзельнікі падзеяў. Кадры з Дуброўкі — людзі ў залі яшчэ жывыя, пераглядаюцца, у кагосьці нават усьмешка на вуснах, нехта падміргвае на камэру. Самы пачатак захопу. А вось — бабулька на вуліцы Грознага плача ўжо каторым сваім бяссьлёзным плачам. Кажа, што яна сама руская і нічога не разумее, што тут адбываецца, але жыве тут даўно і, як спадзявалася заўсёды, так і цяпер спадзяецца толькі на чачэнцаў.

Фільм не за тых і не за тых. І ня супраць. Яго задача — даць праўду. І калі гэта ўдаецца, падзеі нашай сучаснасьці набываюць гучаньне шэксьпіраўскае трагедыі. Шкада, што такі фільм не пакажуць на расейскіх тэлеканалах. А не пакажуць якраз з-за гэтага: няма яснай раскладкі — хто свой, а хто вораг.

Каб любіць рускіх — усім сэрцам, праз суперажываньне і шкадаваньне — патрэбная хоць бы махатка праўды пра іх. Рускі чалавек адкрыты ў сваім горы. Асабліва, калі раптам апынаецца адзін на адзін з несправядлівасьцю сьвету. Тады на яго сыходзіць прасьвятленьне. Як на гэтага дзядзьку. Яго дачка сядзіць у захопленай тэрарыстамі залі на Дуброўцы. Яна затэлефанавала яму і папрасіла, каб ён выйшаў на плошчу з патрабаваньнем спыніць вайну ў Чачні. І ён выйшаў разам з іншымі сваякамі закладнікаў. Як умелі, намалявалі транспаранты... Іх сюды, быццам на Марс, занесла з нейкага іншага жыцьця. Але хто ж мог ведаць... Яны гавораць з такімі вачыма, быццам упершыню пачулі свой голас. «Мы пра гэта ніколі ня думалі, у нас пра гэта ня кажуць, здавалася, гэта дзесьці далёка...»

Рускія людзі вельмі чалавечныя ў сваім прасьвятленьні. Як дзеці. А як не любіць дзяцей.

Ведаю я такіх рускіх, якія й не «прозревали», а такімі прасьветленымі нарадзіліся. Звычайна ім цяжка жывецца і яны ніколі не прабіваюцца на экран тэлевізара. На Уга Чавэсаў ня цягнуць і не прэтэндуюць. Бо не замбаваныя, свабодныя ў сваіх думках і меркаваньнях.

Іх я шкадую з-за той лавы бед і «пабед», што шырокім бэтонным патокам кладзецца на іхныя галовы. Паток настолькі аднародны, што трагедыі ў ім набіраюцца духу перамог, а перамогі прасякаюцца духам сьмерці. І «буйняк» у хакеі адгукаецца выбухамі ў Буйнацку, а вялікае футбольнае рысталішча замежных каманд «Nord» і «Ost» упершыню адбываецца ў расейскай сталіцы пры вялікім наплыве заўзятараў з-за мяжы. І Дзіма Біслан атрымлівае доўгачаканы трыюмф Расеі на Эўравізіі...

Дзень «пабеды» з прысмакам сьвінца, з гусянічным лязгатам і са сьлязьмі ў вачах.

... Аднак, фільм на польскім канале скончыўся. Я пабачыў шмат рускіх і пераканаўся, што па-ранейшаму люблю іх. І пасьля яшчэ доўга-доўга глядзеў у пусты экран.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева