Мнения других авторов
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
Другие Мнения этого автора
- 11.10 // 14:12 Адам Глобус. PLAY.BY. Чэлес // Статья
- 06.09 // 14:29 Адам Глобус. PLAY.BY. Падарожнік і дамасед // Статья
- 30.08 // 14:27 Адам Глобус. PLAY.BY. Месцы // Статья
- 23.08 // 12:59 Адам Глобус. PLAY.BY. Рэха вайны // Статья
- 16.08 // 09:47 Адам Глобус.PLAY.BY. Зацьменні // Статья
Мнение
Адам Глобус. PLAY.BY. Сорам
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. |
Першы раз я адчуў невыносны сорам у школе. Нейкія злодзеі абакралі кабінет фізікі. За той кабінет адказваў наш клас. Каму і нашто спатрэбіліся амперметры? Здагадацца цяжка. Настаўнікі з дырэктарам пашнуравалі вучняў у калідоры, і дырэктарка пракрычала: “Буду ўглядацца вам у вочы, а хто пачырванее, той і абрабаваў кабінет фізікі, той і звалак амперметры!”. Мне зрабілася сорамна за гарлапаністую і дурнаватую дырэктарку, за слабахарактарных і ліслівых настаўнікаў, за прыніжаных і пакорлівых вучняў, за сваю занядбаную і бедную школу. Я пачырванеў, але той чырвані для дырэктаркі не хапіла, каб абвінаваціць мяне ў крадзяжы амперметраў. Той чырвані хапіла мне каб сыйсці са школы; балазе, да канца навучальнага году заставалася пару тыдняў. Я здаў іспыты, забраў дакументы і сышоў у мастацкую вучэльню.
У мастакоўскім асяродку мне было добра. Майстэрні, музеі, натуршчыцы, фарбы, палотны… Пасля занудлівага і паўтурэмнага школьнага жыцця, мастакоўскае асяроддзе падалося мне найлепшым у свеце. Такім яно і было ажно да моманту забароненай выставы, якую я зладзіў з сябрамі. Маю выставу забаранілі, прыйшлі людзі ў шэрых палітонах і загадалі зняць палотны са сценаў. Зняў. Спрачацца не мела сэнсу, бо людзі ў шэрых палітонах на ўсялякі выпадак выклікалі міліцыянтаў. Тыя перакрылі ўсе ўваходы ў памяшканне і гледачоў не пусцілі. А каб канфлікт з забаронаю не меў розгаласу, мне дазволілі выставіць свае палотны на адзін вечар у цёмным калідоры Саюза мастакоў. За гэты чортаў вечар розныя народныя і заслужаныя мастакі мусілі сказаць мне ў твар, які я паганы мастак, і тым замацаваць пазіцыю людзей у шэрых палітонах. Народныя, заслужаныя, ордэнаносныя сацрэалісты прыйшлі і нагаварылі гадасцяў. Мне было сорамна! І не за сябе, і не за свае палотны зрабілася сорамна, а за гэтых старых ілжывых нікчэмных людзей, які верылі ў нейкі сацыялістычны рэалізм. Мне больш не хацелася працаваць поруч з імі. Не хацелася выстаўляць свае палотны на адных з імі выставах. Двадцаць пяць гадоў я з імі не выстаўляўся. Яны адыйшлі, саюз мастакоў пераехаў у іншае памяшканне, і сорам знік, і я зноў паказваю свае палотны на розных выставах. Гэта я кажу дзеля таго, каб ты ведаў, што можна ператрываць і перачакаць сорам, што ён не ўсемагутны, і можа знікнуць так жа ж, як і з’явіўся.
А вось сорам за тэлевізійны асяродак у мяне адно мацнее. Уключаючы дывідыплэер, я часам бачу фрагменты тэлепрадукцыі мясцовых тэленяўмекаў. Бачу і чырванею ад сораму. Мне сорамна за іх і за сябе. І я не ведаю, ці змагу пазбыцца гэтага сораму. Узнік ён даўно. Напрыканцы васьмідзесятых — на пачатку дзевяностых гадоў я працаваў на тэлевізіі. Разам з сябрамі рабіў перадачы і здымаў фільмы. Свет мяняўся, мянялася тэлебачанне, і можна было наўпрост у камеру казаць тое, што ты думаеш. Можна было спрачацца, разважаць, пераконваць, палемізаваць. Можна было сесці ў студыі раза з тагачасным кіраўніком дзяржавы Стасікам Шушкевічам і распачаць спакойную гутарку пра цяжкі эканамічны стан у краіне. Толькі тое “можна” хутка змянілася на “нельга”. Яно ўжо змянілася, а я ўсё не мог паверыць у абсурдную змену. Я едзіў са здымачнай групаю і рабіў сюжэты: пра мастакоў у вар’ятні, пра міліцыянераў, якіх прымусілі пасяліцца ў дамках, пастаўленых проста на яўрэйскія могілкі, пра панявечаныя курганы і замчышчы… Мы здымалі, а людзі ў шэрых пінжаках размагнічвалі нашыя стужкі. Мы здымалі, а яны ціхенька нішчылі зробленае. Калі я даведаўся пра знішчэнне адзнятых матэрыялаў, мне стала сорамна. Не злосць, не крыўда, не жаданне помсты, а менавіта сорам запоўніў маю душу.
Цяпер я раблю кнігі. Часам у кнігарні мяне ахоплівае сорам за зробленае іншымі, а вось за свае кнігі мне ўсё яшчэ не сорамна. Гэта зусім не азначае, што я ў захапленні ад зробленага, ці мне заўсёды падабаецца тое, чым даводзіцца займацца ў кніжным асяродку, але ж не сорамна. Калі стане сорамна, адразу сыду. Часам, недасведчаныя людзі, як тая хамуйлаватая школьная дырэктарка, спрабуюць абвінаваціць мяне ў крадзяжы нейкіх амперметраў. Толькі я ўжо не школьнік, і магу спакойна сказаць дурню, што ён дурань, і што ў яго няма сораму.
Сяргей Малішэўскі развешвае карціны для выставы «1+1+1+1+1+1=6». Спінамі да гледача стаяць людзі, якія забароняць правядзенне выставы ў Доме літаратара. Праз тыдзень будзе атрыманы дазвол экспанаваць выставу на працягу аднаго вечара ў Саюзе мастакоў. Фота Алены Адамчык . Менск. 1984 год. |
Люда Русава, Адам Глобус, Ігар Кашкурэвіч напярэдадні адкрыцця ў Беларусі першай авангарднай выставы новага часу «1+1+1+1+1+1=6». Фота Алены Адамчык . Менск. 1984 год. |
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии