Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Дзедава пуга, бацькава дзяга

 

Сяргей Дубавец

 Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

У мяне такое ўражаньне, што людзей, якія кіруюць намі, у дзяцінстве моцна білі. Прычым, не за правіны, а — для выхаваньня. Для парадку. Адсюль столькі сілавікоў, столькі забарон і рэпрэсіўнае ў сутнасьці сваёй заканадаўства. Адсюль такая боязь жыцьця і боязь людзей. Дзедава пуга ўбіла ў косьць гэты да сьмерці невынішчальны комплекс. Людзі для ўлады – ня нацыя, ня “мой народ” і нават ня мама з татам, а зборышча (патэнцыйных) злачынцаў, бандытаў і недавумкаў, якім патрэбны штохвілінны і на кожным кроку жастачайшы кантроль. Паглядзіце, хто ў нас цяпер правіць баль. Адзін прыдумаў нейкую “ахраніцельную журналістыку” (ахраніцельную — ад каго?), другі заяўляе, што “парламент ня месца для палітыкі” (а для чаго? для сытага сну пра катэдж у Драздах?), а сам парламент прымае “крайне неабходныя законы” пра СМІ. Інакш, маўляў, капцы. Хана. Усім.

Я тут аднаму дэпутату, прадстаўніку ўлады, кажу: нашто вам закон пра інтэрнэт? А ён: ну трэба ж как-та кантраліраваць! Па-мойму, кажу, інтэрнэт зусім някепска спраўляецца з кантролем за вашымі мёртвымі шчытамі, судамі філолагаў за брыдкаслоўе, драздакатэджамі ды іншымі глупымі балячкамі на целе роднае Беларусі. Іншая рэч, што б’ецца наш бедны інтэрнэт над гэтым усім у глыбокай адзіноце. Можа быць, варта не пра яго закон, а — пра драздакатэджы, карупцыю, свавольства чыноўнікаў? Хай бы парламент уважліва чытаў блогі і адсочваў, што ў Беларусі кепска, а тады на кожную балячку рэагаваў законам... Дык не ж, — адказвае мне гэты кабінетны пухір, — усё наадварот: НАМ нада кантраліраваць інтэрнэт, ато... Ато што? Ато ўсякае могуць на нас напісаць. І на прэзідэнта. Дык файна, няхай пішуць. Калі хто паклёп напіша, падавай на яго ў суд. У нас хапае законаў пра паклёпы.

Аказваецца, не хапае. І ніколі ня хопіць тым, каго моцна білі ў дзяцінстве. Спачатку закон пра СМІ, потым пра інтэрнэт, потым пра пагалоскі й размовы ў краме, электрычцы і на вуліцы, потым — пра думкі (у сталінскія часы быў такі тэрмін — намеры, і расстрэльвалі за антысавецкія намеры, нават нявыказаныя, іх дастаткова было мець). А далей — увесь спектр судовага абсурду, шматкроць апісанага ў сусьветнай літаратуры. Пра нежаданьне быць вожыкам ці вярблюдам...

Можа, і сапраўды так цікавей жыць. Адно шкада, што нічога новага нашы бітыя ў дзяцінстве не прыдумляюць. Усё ў іх мышынага колеру. Што газэты, што тэлеперадачы, што лыжаролерныя сьвяты. Здаецца, розных колераў набухаюць, а выходзіць усё адно толькі адзін — мышыны. Тут нават не банальнасьць, якую называюць стомленай праўдай, а банальная пошласьць (мёртвая праўда).

Гэта зусім ня факт, што бітыя вырастаюць лепшымі. І мы б гэта ўбачылі, калі б у парламент патрапіў хоць бы адзін нябіты, з нармальнымі думкамі пра тое, што не газеты ствараюць у краіне карупцыю, жывыя шчыты і лаюцца матам, а службовыя асобы, пра якіх газэты пішуць. Прабачце, ужо ня пішуць, бо газэт, як такіх, у краіне не засталося, адна сэрвіроўка. А яшчэ раней не засталося нармальнага тэлебачаньня і радыё. Цяпер не застанецца інтэрнэту. І ўсё працягнецца такім вось перагорнутым дагары нагамі парадкам. Ад выбараў да выбараў. Дзе мільёны нябітых зноў выберуць адзінкі самых “дастойных”, самых закамлексаваных, самых змачаленых у маленстве на горкі яблык.

Рэгістрацыя, два папярэджаньні, закрыцьцё — у нармальным сьвеце гэтыя працэдуры ажыцьцяўляе ня ўлада ў дачыненьні да СМІ, а наадварот — СМІ ў дачыненьні да ўлады. Толькі называюцца яны інакш — прызнаньне, выкрыцьцё, імпічмент. У сьвеце, дзе законы пішуць бітыя, ня ўлада, а прэса становіцца аб’ектам кантролю і рэгістрацыі. Прычым, кожная новая рэдакцыя закону аб СМІ вымагае ад СМІ новай перарэгістрацыі. З гадамі гэтых “пера-“ робіцца так шмат, як у слове “прапрапрадзед” — перапераперарэгістрацыя.

Такім чынам біты ў дзяцінстве дэпутат знаходзіць сваю сатысфакцыю. Як тады ён разумеў, што дзед з пугай — не тэрарыст і не забойца, а справядлівы, хоць і суровы выхавальнік, так і сёньня разумее, што незалежныя СМІ нічыйму жыцьцю і здароўю не пагражаюць. Але ж крыўда засталася. Падсьвядомая крыўда на дзедаву пугу. Магчыма, калі б бітага не пусьцілі на дзяржаўны ўзровень, ён бы спакойна адыграўся на ўласных дзецях. Але лёс выкінуў яму туза і ён у ахвотку зрывае свой дзяціны комплекс, прыраўняўшы журналісцкае пяро да дзедавай пугі, да бацькавай дзягі. А што такое свабода, яму проста ніколі ніхто не сказаў.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Браво! Не в бровь, а в глаз.