Адам Глобус. PLAY.BY. Палітвар’яты

Вар’яты-палітыкі на нашых вуліцах з’явіліся не так і даўно. Доўгі час у палітыку нельга было прыйсці з вуліцы, і з той вялікай палітыкі нельга было на вуліцу выйсці...

Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

Мастакоўскае вока заўжды прываблівала адметная знешнасць. Яно і зразумела, бо, ствараючы знешняе — форму, мастак у адначассе стварае і змест.

Часам замоўцы ставяць перад мастаком амаль невырашальную задачу. Напрыклад: просяць намаляваць прарока, якога мастак ніколі не бачыў і бачыць не мог. Задача пастаўлена і патрабуе вырашэння. Мастак пачынае шукаць выразныя твары, адметныя постаці. Шукае ён паўсюль і заўжды. Нічога дзіўнага няма і ў тым, што падобныя пошукі прыводзілі мастака ў месцы, схаваныя ад звычайных вачэй. Мастак мог маляваць і ў анатамічных тэатрах, і ў турмах, і ў вар’ятнях. Таму ў мастакоўскім асяродку выглядам вар’ята нікога не здзівіш.

Мастакі навучыліся спакойна ўспрымаць знешнюю выродлівасць, як і знешнюю прыгажосць, дарэчы. А яшчэ яны навучыліся, не горш за дактароў, адрозніваць хворага чалавека ад здаровага.

Асабіста мяне не моцна прываблівалі паходы ў анатамічку і маляванне пазелянелых і зафармаліненых трупаў. Але я, як і ўсе прафесійныя мастакі, хадзіў у смярдзючы анатамічны тэатар і вывучаў пластычную анатомію не толькі тэарэтычна, а і практычна — са скальпелем у руцэ. На маёй кніжнай паліцы доўгі час стаяў сапраўдны, а не муляжны, чалавечы чэрап, уласнаручна выкапыны на менскіх могілках. Адукацыйны працэс вымагаў доўгага малявання чалавечага шкілета, ну а чэрап ва ўсім шкілеце дэталь найгалоўнейшая.

Экскурс у мінулае мне спатрэбіўся для таго, каб напісаць адзін сказ… З вялікай верагоднасцю праўды я магу адрозніць чалавека нармальнага ад вар’ята.

Я маляваў і апісваў самых розных вар’ятаў шмат разоў. У гэтым эсэ я паспрабую зрабіць накід да партрэта найноўшага беларускага палітвар’та. Прашчура гэтага дурня толькі аднойчы ў нашай літаратуры паказаў Янка Купала, напісаўшы трагікамедыю «Тутэйшыя». Мікітка Зносак са сваімі гарлапанствам і ўскрыкамі «далоў-далоў», безумоўна, прашчур сучаснага палітвар’ята.

Вар’яты-палітыкі на нашых вуліцах з’явіліся не так і даўно. Доўгі час у палітыку нельга было прыйсці з вуліцы, і з той вялікай палітыкі нельга было на вуліцу выйсці. Цяпер палітычная жыццё так спрасцілася, што шмат людзей проста з вуліцы трапілі ў палітыку, а потым іх з той палітыкі на тую ж вуліцу і выкінулі. Не дзіва, што шмат хто з экс-палітыкаў не вытрымаў прыніжэння і звар’яцеў.

Замест таго, каб пачаць новае безпалітычнае жыццё, палітвар’яты спрабуюць іграць ролю сапраўдных палітыкаў. У людных месцах яны разгульваюць з прыціснутым да вуха сотавым тэлефонам і робяць выгляд, што даюць інтэрв’ю. Твары іх пасінелі ад п’янства. Вопратка паабношвалася. Рухі зрабіліся нервовымі, а галасы хрыпатымі. Вочкі іх мітусяцца…

Палітвар’ятаў я не шкадую. Яны ў мяне выклікаюць агіду. Чаму? А таму, што ўласна палітыкамі яны ніколі і не былі. Ніякіх палітычных поглядаў не мелі. Калі б яны мелі палітычныя погляды, яны б працавалі аналітыкамі, аглядальнікамі, распрацоўвалі і ўдасканальвалі б партыйную працу, чыталі б лекцыі і кансультавалі б моладзь. А гэтыя праглі адно ўлады, а калі яе страцілі, пачалі нудзіцца, співацца і вар’яцець.

У вар’ятні, што месціцца ў мястэчку Слабодка, пра падобных людзей казалі, што яны размаўляюць з Космасам. Па вялікаму рахунку, яны і размаўляюць з Космасам, і месца іх у той жа-ж Слабодцы. Толькі наша публіка яшчэ не прызвычаілася да простай думкі, што і сярод палітыкаў могуць быць сапраўдныя вар’яты.

Да таго, што вар’яты трапляюцца сярод мастакоў і паэтаў, усе даўно прывыклі. Нават прывыклі да такой дурасці: быццам бы сярод паэтаў і мастакоў вар’ятаў значна больш, чым сярод рабочых ды сялян. Мой вопыт і мае доследы паказалі цалкам супрацьлеглыя дадзеныя. Якраз большасць хворых на галаву — людзі простыя і да творцаў аніякага дачынення не маюць. Адпаведна, вялікай шкоды просты вар’ят зрабіць не можа. А вось звар’яцелы палітык можа нарабіць шмат шкоды. Таму да ўсіх вар’ятаў трэба прыглядацца пільна, асабліва цяпер, калі сярод іх з’явіліся новабеларускія гарадскія палітвар’яты.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Почему-то вспомнился деде Щукарь, который радовался, что при новой власти и ему доведется "с портфелем походить".
  • Бодхидхарме удалось понять, что единственным нормальным состоянием человека является глубокий транс, как активная его разновидность, так и пассивная. Все другие состояния, включая так называемое «бодрствование», нужно считать измененными состояниями сознания, а в каком-то смысле даже «больными» или «ненормальными» состояниями. Хороший индикатор явно «ненормального» состояния человеческого ума мы сегодня видим повсюду. Не будем далеко ходить за примерами, и говорить о войнах, наркотиках, распространении алкоголя и прочих явно дегенеративных явлениях [добавление хлопца: как, например, лишение мыши жизни в мышеловке]. Вся мировая литература, а также телевидение, искусство и другие отражения человеческого сознания, строятся на «роковых» страстях, трагедиях и конфликтах. http://www.japantur.ru/dzen-buddizm-prosto-o-slozhnom