Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Юрась Барысевіч. МЫ. Трэш па-беларуску

 

Юрась Барысевич
Юрась Барысевіч. Пісьменнік, мастак, тэарэтык мастацтва. Пераклаў на французскую мову “Санеты” Янкі Купалы.
Некаторыя крытыкі памылкова таясамяць трэш з “бульварнай” літаратурай, лёгкім пляжным чытвом (дамскія раманы, дэтэктывы, біяграфіі кіназорак і г.д.), бо грунтуюцца на перакладзе слова trash як “шматтыражныя нізкаякасныя творы, макулатура”. На беларускай мове камерцыйнай літаратуры выдаецца зусім мала (нашмат выгодней выдаваць яе на рускай), таму нашыя аўтары маюць крыху больш, чым рускамоўныя, свабоды ад імператываў рынку, часцей дазваляюць сабе эксперыментаваць, у тым ліку з брутальнымі вобразамі ці матэрыяламі.

Янка Купала любіў слова “труп”. Эпатажныя тэксты можна знайсці ў бальшыні пісьменнікаў пачынаючы з класікаў, прынамсі ў мужчынаў. З афіцыйнага гледзішча, нізкаякасным чытвом лічыцца нават буйнейшы недзяржаўны часопіс “Дзеяслоў”: адзін з аўтараў надрукаваў там нецэнзурнае слова, і часопісу цяпер не дазволена прадавацца ў кнігарнях, хоць для “Дзеяслова” творы такога кшталту – рэдкае выключэнне.

Англічане і самі не ведаюць, адкуль паходзіць слова trash: хутчэй за ўсё, яно нарадзілася як гукаперайманне ўдара, хрусту. Таму можна лічыць аднакарэннымі словы з іншых моваў: трэснуць, трэскі, траўма, трэпанацыя, рускія “затрещина” і “тряпка”, лацінскае tragula (удар), мажліва і traha (малацілка)...

Як ні дзіўна, ускосна роднаснае трэшу і слова “трагедыя”. У перакладзе назва гэтага найвысокага жанру значыць “казліная песня”: выканаўцы першых трагедый пераймалі паводзіны казлоў і сатыраў, якія славяцца сваёй гіперсэксуальнасцю. Што звычайна на розуме ў казла, пра што ён спявае? Натуральна, пра сэкс. Таму слова “трагедыя” ў першасным сэнсе – гэта “трахальная песня”. Скрайнайсці, як вядома, раней ці пазней сыходзяцца, тое самае з Эрасам і Танатасам, гламурам і трэшам: слова “трахнуць” мае два сэнсы – “ударыць” і самі ведаеце што яшчэ.

Трэш супрацьлеглы гламуру. Гламурныя творы, калі карыстацца тэрміналогіяй псіхааналізу, маюць падмуркам Эрас: яны апяваюць прыгажосць дзявочага цела, вечную маладосць, буянне жыццёвых сілаў прыроды (у салонным жывапісе), сукенкі і кулінарныя сакрэты, якія абяцаюць удала пабрацца шлюбам і працягнуць свой род. Гламурнымі я б назваў і тыя творы, што славяць радзіму, у тым ліку кіраўніцтва дзяржавы.

Творы ў трэшавым стылі, наадварот, эстэтызуюць другі “асноўны інстынкт”, Танатас, – падсвядомае імкненне да руйнавання і смерці. Характэрныя ў гэтым плане назвы кніг Валянціна Акудовіча “Мяне няма: роздумы на руінах чалавека”, Альгерда Бахарэвіча “Кароткі дапаможнік па руйнаванні гарадоў”, Іллі Сіна “Нуль”, Зміцера Пляна “Таксідэрмичны практыкум”, Віктара Жыбуля “Прыкры крык”, Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”, Уладзіміра Арлова “Рэквіем для бензапілы”, Сержука Сокалава-Воюша “Крывавы памол”, Вінцэся Мудрова “Ператвораныя ў попел”...

Безумоўна, меркаваць пра кнігу паводле адной назвы нельга. Напрыклад, у кніг Вальжыны Морт “Я тоненькая, як твае вейкі”, Веры Бурлак “За здаровы лад жыцця”, Зьміцера Вішнёва “Трап для сусліка”, Усевалада Гарачкі “Пралетарскія песні”, Вольгі Гапеевай “Рэканструкцыя неба” назвы больш мілагучныя, а брыдкіх качанятаў-вобразаў там хапае. З іншага боку, кнігі Акудовіча “Разбурыць Парыж” і Вішнёва “Тамбурны маскіт”, мая “Цела і тэкст” на першы позірк могуць падацца крывавымі трылерамі, а насамрэч яны даволі светлыя, аптымістычныя, хоць і не настолькі, каб спадзявацца, што чытачкі пакідаюць на старонках адбіткі фарбаваных вуснаў.

На ніве трэшу плённа папрацавалі штотыднёвік “Навінкі” (заместа яго цяпер выходзіць часопіс Taboo), некаторыя самвыдаўскія альманахі, асабліва “Вясковыя могілкі”, часопісы Nihil і “Тэксты”, бумбамлітаўскі зборнік “Тазік беларускі” і шмерцверкаўскі “Лінія фронту”. Усе яны нарадзіліся аднолькавым чынам: пад адну вокладку збіраліся тэксты відавочна таленавітыя, але празмерна вясёлыя ці празмерна змрочныя для існых выданняў.

Шмат гадоў літаратуразнаўцы старэйшага пакалення (напрыклад, Леанід Галубовіч, аглядальнік газеты “Літаратура і мастацтва”) заместа слова “трэш” скарыстоўвалі іншы тэрмін – “бумбамліт”, маючы на ўвазе ўсё ашаламляльнае, авангарднае, незразумелае. Доля рацыі ў такой падмене паняткаў ёсць. Бумбамлітаўцы сапраўды шмат эксперыментавалі, у тым ліку з фізіялогіяй цела і тэкста.

Адной з вяршыняў беларускага трэшу сталася “Антыкніга”, якую мы стварылі ўтрох з Іллём Сінам і Зміцерам Вішнёвым: склалі і сшылі пакрэсленыя, парваныя, пакамечаныя старонкі рукапісаў – адкіды літаратурнай вытворчасьці, знойдзеныя ў рэдакцыйных сьметніцах. Дзіўным чынам трэш спалучыўся тут з гламурам і аптымізмам: нават смецце можа апынуцца эстэтычным скарбам. Больш падобныя да папялушак, чым да франкенштэйнаў, іншыя эксперыменты з тэкстамі: таблеткі і гарчычнікі з мікравершамі, “друкапісы”, капіркі, аўдыёальбомы, перформансы і тэатралізаваныя акцыі. Паліграфічным развіццём ідэі друкапісу сталася нядаўняя кніга Іллі Сіна “Сапсаваныя лялькі”: яна не мае вокладкі, у канверт укладзеныя чатыры сшыткі па-снайперску трапных трызненняў і пакецік з попелам.

Тыя традыцыі эксперыментальнай літаратуры працягваюць некаторыя новыя аўтары. Напрыклад, паэт і выдавец Яўген Лосік надрукаваў у Германіі на скрутках туалетнай паперы перакладзеныя на нямецкую мову “Нобелеўскую лекцыю” Сіна і наш маніфест суполкі Schmerzwerk (некалькі дзесяткаў асобнікаў). А свае вершы скруціў у рулоны і заматаў скотчам – цяпер іх немагчыма прачытаць, але атрымаліся зручныя “эстафетныя палачкі”. Кнігі такога кшталту, вядома, не прызначаныя для масавага чытача, але могуць зацікавіць калекцыянераў, у тым ліку музеі.

Без чорнага гумару і эпатажу няма вышэйшага пілатажу. Нацыянальная літаратура амаль ва ўсіх краінах нарадзілася як жарты паноў на мове мужыкоў. Вось і для беларускіх аўтараў агульным дэвізам маглі б стацца словы Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце маветону вашага, каб ня ўмёрлі!”.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • а чаму б не напісаць mauvais tonУ? ці гэта было б парушэннем традыцыяў trashУ? "я nоnconformist, таксама ж як і пяць мільярдаў іншых жыхароў планеты...."