Адам Глобус. PLAY.BY. Рэха вайны

З першага мільёна гульцоў пераважная большасць прагаласавала за грузіна Сталіна. Такі садамазахіскі выбар робіць сягоння Расея...

АСЕЦІЯ

У Асеціі пачалася вайна… Беларусь далёка ад Асеціі, і можна зрабіць выгляд, што нас тая вайна абыходзіць. Хай яны там разбяруцца, хай нехта пераможа, а мы потым ціхенька станем на бок пераможцаў і дапаможам ім адсвяткаваць перамогу. Большасць беларусаў так і зробіць. Мы столькі наваяваліся і напакутваліся ў папярэдніх сусветных войнах, што нас і асуджаць ніхто не стане. Таму я не буду казаць за беларусаў і за Беларусь, а скажу за сябе…

Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. 

Лёгка стаць на бок моцнага і разам з моцным абліваць брудам слабога. Такая хрэстаматыйная пазіцыя была ў кіплінгаўскага шакала Табакі, які круціўся каля магутнага тыгра Шархана і брахаў на ўсіх, хто быў слабейшы за вялізнага жорсткага ката. Пазіцыю шакалаў занялі большасць каментатараў вайны ў Асеціі. Адны з боку Расеі брэшуць на Грузію, другія з боку Грузіі вякаюць на Расею, трэція з боку Амерыкі-Еўропы спрабуюць пагаўкаць на Расею і на Грузію адначасова. Усіх іх можна лёгка зразумець і падтрымаць. Толькі мне іх падтрымліваць не выпадае, бо мяне цікавіць лёс Асеціі. Калі ўжо і станавіцца на які бок у гэтай вайне, дык я выбіраю Асецію, не Паўднёвую Асецію і не Паўночную Асецію, а ўсю Асецію цалкам. Выбраўшы такі незайздросны бок, варта задумацца пра задачу нумар адзін, якую мусіць вырашаць і сягоння спрабуе вырашыць Асеція. Яе задача – аб’яднанне. Грузія не зможа дапамагчы Асеціі ў вырашэнні гэтай задачы. Амерыка і Еўропа таксама не вельмі рупяцца пра перспектывы развіцця Асеціі. Пра Асецію парупілася Расея. Яна дапамагала і дапамагае Асеціі як магла, як разумее і як умее. Пра здольнасці Расеі дапамагаць іншым народам усе цудоўна ведаюць. Толькі ніякай іншай дапамогі для Асеціі не было і няма, нават на словах мала хто займае ўласна асецінскі бок. Ёсць у мяне яшчэ адзін аргумент каб стаць на бок Асеціі. Ні Расея ні Грузія ніхто іншы, акром Асеціі, выйграць у гэтай вайне не зможа, бо ўсе іншыя так ці інакш будуць акупантамі, будуць каланізатарамі асецінскіх земляў. Толькі ў асецінаў ёсць ясная і дальнабачная мэта ў гэтай вайне.

Разважаючы пра вайну на Каўказе, варта памятаць пра адзін малапрыемны факт з жыцця сучаснай Расеі. Калі расіянам была прапанавана віртуальная гульня з выбарам самай папулярнай постаці ў тысячагадовай гісторыі Расеі, з першага мільёна гульцоў пераважная большасць прагаласавала за грузіна Сталіна. Такі садамазахіскі выбар робіць сягоння Расея. Нікога той выбар нават не дзівіць, што на мой погляд і паказальна, і драматычна.

ГРУЗІЯ

Паціху я пачынаю ненавідзець самога сябе за хваравітую цікаўнасць да цяперашней вайны на Каўказе. Усе колеры наваколля быццам бы пабляклі, усе краскі нібыта падвялі, алімпійскія гульні і тыя выглядаюць нейкім недарэчным кітайскім шапіто. Беларускі тэлевізар з прапановаю ганарыцца дзявулькай з гантэлямі выглядае цацкаю для поўнага ідыёта. Якія кветкі? Якія хлопцы з мячыкамі? Якія дзяўчаткі з гантэлямі? Вайна! Абасраная і абасцаная старая баба вынесла сваю сівую акрываўленую галаву з разбуранага бомбаю дома. Баба тупае на месцы, трасецца, хістаецца. У яе шок. Прагная да грошай і сенсацыяў чалавекаабрысная скаціна фільмуе абробленую бабу на камеру. Другая сівагаловая цётка загортвае параненую старую сіняй анучаю, каб тая прыстойна выглядала ў кадры. Закадравы тэкст гучыць па-грузінску. Не разумею. Нічога не разумею. Нават самога сябе не разумею. Ну начорта я ўсё гэта гляджу і гляджу ў інтэрнэце? Якога ражна я чытаю і чытаю расповяды і паведамленні пра вайну? Нешта падобнае адбывалася са мною ў Тбілісі, у далёкім 1975 годзе. Я тыдзень пражыў у знаёмых на праспекце Руставелі. Штодня я праходзіў каля разбуранага опернага тэатра, і кожны раз я спыняўся і глядзеў на ўзарваны будынак. Што я хацеў угледзіць у тых руінах? Мая зацікаўленасць абгарэлымі сценамі была непрыстойная. Мне было сорамна разглядаць знявечаную пабудову, але я разглядаў, бо не верыў сваім вачам. Я не мог паверыць, што ў мірным і вясёлым горадзе, можна прынесці ў тэатар бомбу, каб падарваць і забіць кіраўніка тагачаснай Грузіі. Шаварнадзэ мне было не шкада, мне было шкада мірнага жыцця шматтысячнай сталіцы, якое можна зруйнаваць на доўгі час адной адзінай бомбаю, мне было шкада сябе. І разам з тым, я не ўзлюбіў у сабе неадольную цікаўнасць да ўзарванага опернага тэатра. Ніхто не хацеў пра яго гаварыць, нібыта гэта была нейкая брыдотная тэма. Тбіліся працягваў сваё стракатае, громкагалосае, цыркавое жыццё, нібыта і няма ніякай руіны, нібыта ўсё ідзе правільна, ідзе-бяжыць-коціцца, як і мусіць каціцца-бегчы-ісці. З Тбілісі я з’ехаў з цяжкімі настроямі. У цягніку, які пад’язджаў да Сочы, я даў сабе слова, што больш ніколі не паеду ў Грузію, бо там я нават сам сябе не люблю.

АБХАЗІЯ

Перачытаў усё, што раней напісаў пра Абхазію, і стала мне сумна, бо і ў 1990 годзе было ўжо ясна – вайна абхазаў з грузінамі непазбежная. Разбурэнне СССР кожны з бакоў збіраўся выкарыстаць напоўніцу. Грузіны не сумняваліся ў сваёй імгненнай перамозе ў Сухумі, абхазы рыхтаваліся да доўгай партызанскай вайны. Тады было не вядома, калі дакладна яны пачнуць ваяваць і як доўга тая вайна працягнецца. Прамінула васемнадцаць гадоў, а заканчэння вайны не відаць. Свет усё яшчэ не збіраецца прызнаваць Абхазію за незалежную дзяржаву. Колькі ж трэба абхазкаму народу яшчэ праваяваць, каб іх права на ўласную дзяржаву прызнала хоць бы адна краіна? У часы праўлення Гамсахурдзіі, у мяне былі патаемныя спадзевы на тое, што Грузія зможа вырашыць абхазкае пытанне, і на беразе Чорнага мора паўстане новая незалежная дзяржава. Спадзевы не спраўдзіліся. Спадзявацца на тое, што Расея дапаможа абхазам атрымаць сваю дзяржаву зусім мізэрныя, але яны ўсё яшчэ ёсць. Са сваіх папярэдніх нататак пра Абхазію я паўтару адзін напісаны ў роспачы сказ… Зразумець можна ўсіх, але не ўсім можна дараваць.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.