Яўгенія Манцэвіч. Я. Змена фрызуры як жаночы антыдэпрэсант

«А можа, не трэба?» – з надзеяй глядзеў ён мне ў вочы. Хаця я бачыла, што яму самому цікава, як гэта будзе выглядаць. Ён пачаў ездзіць машынкай па маім чэрапе...

 

Яўгенія Манцэвіч
Яўгенія Манцэвіч. Журналіст, блогер, член літаратурнага аб’яднання “Маршрутка”. Пераможца конкурсу маладых літаратараў імя Уладзіміра Караткевіча ў 2005 годзе. Піша і фатаграфуе для розных беларускіх выданняў. Найбольш – для свайго ЖЖ.

— У кожнай жанчыны наступае перыяд у жыцці, калі яна хоча коратка пастрыгчыся, — сказаў адзін мой знаёмы. Дзякуй богу, у маім жыцці гэты перыяд ужо прайшоў, падумала я. Бо і праўда, жаданне такое найчасцей узнікае не ад салодкага жыцця.

У мяне ўсё жыццё былі доўгія валасы. І ўсё жыццё я падумвала коратка пастрыгчыся. Ну, не тое што я збіралася гэта зрабіць, але заўсёды з цікавасцю стаяла перад люстэркам, загінала валасы, прыбірала чубок і прымярала да сябе кароткую фрызуру. Але вось каб так узяць ды пайсці ў цырульню — не.

Самае вялікае, што я магла сабе дазволіць – гэта падраўняць валасы сантыметраў на пяць.

А потым у мяне пачаліся праблемы з бой-фрэндам. Мы разышліся. І вось тут мне раптам стала зусім не страшна пайсці ў цырульню і абкарнаць свае сорак сантыметраў валасоў. Я так і зрабіла. Не скажу, што гэта дапамагло мне вярнуць мужчыну. Зусім не. Хаця было прыемна, што ён зноў глядзіць на мяне з цікавасцю. Дый што там граха таіць – не толькі ён.

Пастрыгчыся коратка для дзяўчыны – гэта як сродак справіцца з дэпрэсіяй. Ёсць яшчэ некалькі вядомых сродкаў. Напрыклад, прайсціся па крамах ці наесціся салодкага. Але шопінг і прысмакі – гэта ўсяго толькі валяр’янка. А вось кароткая фрызура — гэта ўжо больш моцны антыдэпрэсант.

І дзейнічае гэты антыдэпрэсант па-іншаму. Ён закліканы нават не супакоіць саму дзяўчыну, а звярнуць на яе ўвагу іншых. Вось паглядзіце якая я: смелая, адчайная, прыгожая. Прынамсі, так было ў мяне.

І фрызура сапраўды мяне змяніла. Я стала іншым чалавекам. Канечне, вы можаце сказаць, што гэта жыццё мяне навучыла быць іншым чалавекам. Але так супала, што жыццё мяне вучыла як раз у той момант, калі я мяняла фрызуру. Ці нават так: я мяняла фрызуру падчас навучання ў жыцця.

Але ёсць і мацнейшы сродак. Можна не проста коратка пастрыгчыся, а ве-е-ельмі коратка, ну, проста налыса. Знаёмы маёй знаёмай неяк сказаў, што можа сустракацца толькі з тымі дзяўчатамі, якім не слабо падстрыгчыся пад 0,3. То бок ён так дзеліць дзяўчат: адны могуць, іншыя — не.

Адчайны крок дзяўчыны пагаліцца налыса і праўда з павагай успрымаецца многімі — як мужчынамі, так і жанчынамі. І справа тут нават не ў тым – прыгожа ці не прыгожа. Выяўляецца, што яны таксама “усё жыццё мараць, але баяцца”. Вось за смеласць ты і атрымліваеш захопленыя погляды і пазітыўныя ацэнкі.

Прайшло літаральна месяцы тры пасля таго, як я коратка пастрыглася. Мне ўжо не трэба было нікога вяртаць. І можа быць менавіта тое, што я тады нікому не належала, мне не трэба было ні перад кім добра выглядаць, падштурхнула мяне на адчайны крок – пагаліцца, пакінуўшы на галаве тры міліметры валасоў. Я належала сама сабе. Я ведала, што нават калі мне не спадабаецца новая фрызура, я ўсё роўна буду любіць сябе.

Цырульнік доўга не мог паверыць, што я проста вырашыла пагаліцца. “Можа, вы з кім паспрачаліся?” – не ўнімаўся ён. “А можа, не трэба?” – з надзеяй глядзеў ён мне ў вочы. Хаця я бачыла, што яму самому цікава, як гэта будзе выглядаць. Ён пачаў ездзіць машынкай па маім чэрапе.

Фрызура мне спадабалася. Ды й нават цырульнік сказаў: “Нешта ў гэтым ёсць”. А я атрымала зарад пазітыўных эмоцыяў, зацікаўленыя погляды ў метро. Ну і канечне ж, яшчэ ніколі з такім жаданнем і задавальненнем сябры не лашчылі мяне па галаве.

Вось менавіта гэтыя гэтыя рэчы і ўплываюць на жанчыну, як антыдэпрэсант. І ўжо не важна – вярнула я мужчыну ці не. Бо, сто адсоткаў, на мяне звярнула ўвагу яшчэ не менш за дзесятак мужчын. І, што галоўнае, зараз я магу пачынаць з нуля — і фрызуру і асабістае жыццё. І рабіць усё так, як я захачу.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.