Дата публикации:
12.09.2008
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2008/09/12/ic_articles_410_158937/

Андрэй Расінскі. BY. Загадка Беларусі

Автор: Андрэй РАСІНСКІ

 

Андрэй Расінскі. Культуроляг, кінакрытык, журналіст газэты «Наша Ніва».

Сучаснае беларускае кіно — загадкавае ўтварэньне. Што напішуць аб Беларусі празь 500 гадоў, калі захаваюцца ўсе ейныя кінастужкі? Лепей нават і не ўяўляць — але паспрабуем.

«Праз 500 гадоў пасьля падзеньня моцнай і працьвітаючай, але малавядомай цывілізацыі дасьледчыкі зрэшты раскапалі ейны кінаархіў. Дакумэнты, што захаваліся ў вельмі добрым стане, сталіся навуковай сэнсацыяй і прывялі да поўнай пераацэнкі каштоўнасьцяў.

У новаадкрытых стужках — вайна дый мілітарныя гульні.

Гучаць выбухі й аўтаматныя стрэлы, кідаецца ў вочы шэра-зялёны камуфляж, патрыёты чапляюцца за «Дняпроўскі рубеж» і вырываюць зубамі «Крапавыя барэты» (гэныя крыніцы знойдзеныя пакуль толькі ў папяровае распрацоўцы).

Жаўнеры ў салатавай форме бегаюць з лодкамі-дамавінамі, сэксапільная аўчарка спакушае сапёра («Чаклун і Румба»); мірныя жыхары палохаюць карнікаў патрыятычнымі крыкамі («Вам заданьне»), памерлыя дрыгаюцца ў такт выбухам; а прыгажуня ўпадабае пісталет — хаця побач хлопец, ня здольны адвесьці вачэй ад ейнай ладнай чырвона-зялёнай саколкі («Шчыт Айчыны»).

Бібліятэкар сьпяшаецца ў лес з валізкамі кніжак, што ёсьць паролем, а водгук прапануе: «Радзіму альбо сьмерць». І нават старыя вучаць стрыптызэрак ваенным песьням і распрацоўваюць, як баявую апэрацыю, паход па гарэлку («На сьпіне ў чорнага ката»).

Хаця фільмы ўнікальныя выкананьнем, нідзе й ніколі ня бачаным — зьдзіўляе іхняя мілітарная перанасычанасьць.

Усе дакумэнты — пра вайну, дзеля вайны і на ўспамін аб вайне.

Усялякія іншыя тэмы адсутнічаюць, а калі гутарка вядзецца пра грамадзкае жыцьцё, то ягонымі героямі зьяўляюцца былыя жаўнеры («На сьпіне ў чорнага ката»).

Акрамя таго пад Менскам (сталіцаю) — выяўлена аграмадная бутафорская лінія зь вялікай колькасьцю баявых экспанатаў — што, відавочна, выкарыстоўваліся ў здымках і патрабавалі сур’ёзнай эксплёатацыі. Ваенны эпас быў агорнуты ў краіне нечуванай пашанаю і шанаваньнем.

Знойдзеныя дакумэнты дазволілі зрабіць выснову, што мы маем справу зь невядомай мілітарысцкай дзяржавай, дзе нават немаўляты былі ваярамі. Гэтая дзяржава панавала ў сьвеце ў ХХ-ХХІ стагодзьдзі, вяла пераможныя войны на чужой тэрыторыі, вайною жывілася й марыла пра вайну.

Выказвалася нават меркаваньне, што менавіта Беларусь разьвязала ўсе сусьветныя войны. І менавіта беларускія мілітарысты спалілі датла Маскву, зьнішчылі Хірасіму і Нагасакі.

Але іншыя навукоўцы ўпэўненыя, што адкапаныя кінадакумэнты аніяк нельга лічыць сьведчаньнем.

Гэта выключна ўмоўны мілітарны порнажанр — war-ploitation movie. (Што азначае фільмы сумнеўнай якасьці, якія дазваньня абсмоктваюць актуальную для гледачоў тэму.)

Найбліжэйшыя сваякі беларускіх дакумэнтаў — sexploitation і naziploitation стужкі з садысткамі-эсэсаўкамі, грудастымі ахвярамі і фэтышам чорнае формы. У падразьдзел уваходзіць трэш з вэрвольфамі, вэрвольвіхамі й свастыкай (знойдзена пара маргінальных фільмаў); эрокаматозныя фантазіі Джэса Франка дый рэклямны ролік няіснае карціны Роба Зомбі ў праекце Таранціны-Радрыгеза «Грайндгаўз».

Мэдсясьцёркі ў шынялях на голае цела («Яшчэ пра любоў»), перавэрбаваныя дзеткі-забойцы пад кіраўніцтвам гістэрычнай гэбісткі-дуры («Радзіма альбо сьмерць»), псэўдафілязофскія гутаркі, уплішчаныя невядома зь якой нагоды («Вам заданьне»), адкормленыя партызаны («Глыбокая плынь») дый каронная аўчаркафілія («Чаклун і Румба») — толькі знакі мілітарных фантазій, якія ня маюць аніякіх повязяў з рэальнасьцю.

Але на гэта адказваюць, што масавыя фантазіі павінны мець глебу й адштурхоўвацца ад пераможна-крывавае рэчаіснасьці.

Дык чым ёсьць чырвона-зялёная Беларусь — порнафікцыяй, ці самай агрэсіўнай дзяржавай ХХ стагодзьдзя?

Для сёньняшняе навукі — гэта загадка, што параўнальная толькі з магілаю Невядомага — пахаванага разам з клюшкай».

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.