Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Закон захаваньня зла

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Палітыкі, нібы алавянныя салдацікі, трымаюцца за свае догмы, а невытлумачальная з гледзішча паліталёгіі віхура зьмятае іх кудысьці ў павуціну пад ложак, дзе зусім ня важна, што твая праўда, а што крыўда, хто паплечнік, а хто наадварот. І тады ў пакоі запаноўваюць зусім іншыя правілы гульні, апісаць якія можа хіба што паэтыка.

Калі тав. Манякін кажа, што Беларусь «атрымала незалежнасьць дзіўным чынам», я думаю, а дзе быў тав. Манякін у 1988 годзе, калі ў Менску адбылося першае ў Саўдэпіі масавае супрацьстаяньне грамадзян зь міліцыяй і «ўся страна ад Буга да Курыл» дазналася, што такое «чаромха»? Ведаеце, што выйшлі адстойваць тыя дзесяць тысяч чалавек супраць вадамётаў Аўгуста Піскарэта? Свабоду і незалежнасьць. І здарылася гэта яшчэ да сумнай памяці сапёрных лапатак ў Тбілісі і да таго, як рэвалюцыйна засьпявалі краіны Балтыі.

Паліталёгія зь яе кароткай памяцьцю неяк хутка забылася пра гэты факт. Як і пра канвульсіі ў Вярхоўным Савеце камуністаў, што прызналі такі рацыю за драбнюткай фракцыяй БНФ і абвясьцілі незалежнасьць. Вы скажаце, не разумелі, што абвяшчаюць? Травы, можа, абкурыліся? Ці ім хто нажом зубы расьціскаў, калі чарку падымалі за суверэнітэт?.. Усё яны, вядома ж, разумелі і ўсё стакроць абдумвалі, бо стакроць баяліся схібіць.

Паэтыка ўсё памятае, бо робіць высновы не зь мімалётных грантавых інтрыжак ці эфэсбэшных інсьпірацыяў. Яна сочыць за рухам аблокаў і межамі тэктанічных разломаў, за тым, дзе блукае Зло (памятаеце, «Прывід ходзіць па Эўропе, прывід камунізму»?). З гледзішча паэтыкі, зусім не асобы ці там усякія эканамічныя перадумовы прыносяць краіне няшчасьце, а — лёс, злы рок, інфэрнальная пляма, што поўзае па карце, то спыняецца недзе (і тады ў іншых месцах уздыхаюць з палёгкай), то зноў пачынае свой рух, перапаўзаючы з вымучанай тэрыторыі (і тады тут аціраюць, нарэшце, страх і нэндзу з вачэй).

Апошнія 15 гадоў мяне не пакідае адчуваньне, што гэта на нас у нашай частцы сьвету напаўзла тая пляма, і сядзім мы пад ёю — ні ўзад, ні ўперад. Мы сталі адстойнікам саўка — горшымі за ўсіх іншых. І няма ніякага рацыянальнага тлумачэньня — чаму і за што нам такая несправядлівасьць, бо нічым мы ня горшыя за іншых. Можа, таму, што ў Саўдэпіі былі лепшымі зь лепшых?

Спачатку да нас хлынула ўся інтэрфронтаўская да амонаўская публіка з Балтыі, усе тыя карыфеі прапаганды, усе «рожденные в СССР». І ня толькі зь Вільні, Рыгі і Таліна, але і з Расеі таксама, і з Украіны (уявіце колькі беларускіх сілавікоў маюць за месца нараджэньня ўсякія Ніжнія Тагілы і Сумы), ды адкуль толькі яно ні ехала да нас, ні плыло, ні ляцела — з усіх рэгіёнаў. Роля асобы ў гэтай гісторыі, напэўна ж, была, але хто ведае Вышнія Расклады ці Нябесныя Бегі, як назваў бы гэта Язэп Драздовіч? Узорная савецкай рэспубліка, рай для адстаўнікоў, у па-новаму перагорнутым сьвеце стала адстойнікам пачылае ў Бозе імпэрыі Зла.

Пакуль тав. Манякін і падобныя да яго разважалі ў нас пра дзівоснасьць (г.зн. незаслужанасьць) беларускай незалежнасьці, іншыя ўсе гэтыя 15 гадоў думалі ці нават толькі адчувалі гэткай вострай чужой каленкай пад бокам Вялікую (на іх думку) Несправядлівасьць. Ну чаму, блін, нам выпала быць магільнікам для ідэалягічных адыходаў саўка, горшымі і за Рашу, і за Ўкраіну, і за Прыбалтыку, хоць гэта мы ў свой час скрынямі вазілі сваім літоўскім сябрам маянэз, якога ў Вільні папросту не было. Добра, Балтыя, добра Ўкраіна, у іх разьняволенае паветра проста хочацца прыяжджаць пасьля нашага рэнтгену пад поглядамі незьлічоных вулічных міліцыянтаў, і дзякуй ім за гэта. Але Раша! Можна па-рознаму ставіцца да Ельцына, але ж мы ведаем, што турма народаў ніколі вось так раптам ня стане белай і пушыстай, нават паводле законаў паэтыкі. За што нам адстой, а ім — усе «дарожныя карты» ў рукі?

Крыўда перапаўняла сэрцы ўсе 15 гадоў, і мы сьвята верылі, што рана ці позна пляма Зла пачне спаўзаць з нашай тэрыторыі на сваё месца.

І вось яна, здаецца, скранулася.

Калі Раша стала крок у крок ды ў квадраце паўтараць хады нашага «крывавага рэжыму» і яго ахраніцельнай «журналістыкі», шчыра кажучы, на душы абазначылася штосьці падобнае да палёгкі — нарэшце, аднаўляецца нармальны расклад, і найлепшая (у сэнсе — самая любімая) краіна ў сьвеце зь яе найлепшым у сьвеце народам вяртаецца ў гэтым сэрыяле на ролі, супастаўныя ну хоць бы са зборачным цэхам СССР ці з тымі, хто першымі будуць жыць пры камунізме (М.Хрушчоў).

Пасьля расейскага бліц-крыгу на Каўказ і «відаў Крыма», пасьля таго, як украінскі (насамрэч, наймілейшы) палітычны бардак стаў вычэрпваць свой мірны і дабрэнны рэсурс (зноў жа, дзякуючы Маскве, што задыхала Зьмеем Гарынычам), пасьля таго, як ў суседцы Літве загаварылі пра подых грамадзянскіх закалотаў (а ў Літве, здаецца, ужо за кожнай бярозкай стаіць таварыш Ісаеў-Шцірліц-ас), я (даруйце за гэты цынізм) пачынаю хоць зрэдку ўздыхаць з надзеяй. Зло павінна зваліць у сваю імпэрыю. Там яму месца. Нам гэтая беспрасьветная пошасьць надта ж намуляла плечы і мазгі.

Але, калі чорт выскоквае зь цябе, ён апынаецца побач. Гэта ўжо лепей, аднак яшчэ не канец. Наадварот. Сьвята месца пуста не бывае, і месца, якое займаў д’ябал, мусіць заняць Бог. Беларусь на ўсе сто заслужыла, каб у яе адбылося такое пераўсяленьне.

Законы паэтыкі кажуць, што пры гэтым зусім ня першая справа, хто кіруе краінай, які гэта рэжым, якія выбары і ўсё такое. Усё важна, вядома, але найважней тое, як пералягуць зоркі на небе. Паліталёгія спрабуе прадказваць і заўсёды памыляецца, а паэтыка прапануе верыць і чакаць, калі будзе нам шчасьце.

Зло не зьнікае. Яно перапаўзае з аднаго месца ў іншае. Калі яно накрывае нас, мы перажываем зацьменьне розуму. Але настальгія па нафталінавым саўку, якой працягваюць перапаўняцца нашы тэлевізары, даўно стала няшчырай і фальшывай, ад якой млосьціць ня толькі гледача, але і тых, хто натужна і стомлена настальгуе.

Беларусь змагаецца не з рэжымам. Беларусь чакае, калі абсалютнае Зло сыдзе на сваё месца, якое мы за ўсю сваю гісторыю прывыклі бачыць у абліччы «старэйшага брата», агрэсара ці вызваліцеля, але ніколі — гаспадара нашых душ.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева