Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Валянцін Тарас is absent

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Мінулым летам у сябе на лецішчы ён падпісаў мне сваю апошнюю кнігу: «Майму сябру ад «хлопчыка зь лесу». Не ўяўляю такога аўтографу ад іншых прызнаных майстроў айчыннай літаратуры. Тым больш ад тых, каму без малога 80. Так мог напісаць толькі Валянцін Тарас. У поўнай адпаведнасьці з правілам Марка Твэна, які лічыў, што хлопчыкі — усе ад васьмі да васьмідзесяці.

Чаму хлопчык — зь лесу? Бо ў трынаццаць ён пайшоў партызаніць. Чаму сябра? Бо кожнаму чалавеку ўсё жыцьцё пэўная колькасьць гадоў. Набяруся нахабства сьцьвярджаць, што нам зь ім — па трынаццаць. Я гэта даўно зразумеў — пра яго, можа быць, раней, чым пра сябе.

А што такое трынаццаць? Нішто яшчэ не «схапілася» ў цэмэнт. Усё навокал бязь меры натхняе жыць, прыдумляць, спрачацца. У трынаццаць не бывае чыноў і цемрашалаў, імянітасьцяў і калдыроў, падступства й разьліку. Бо яшчэ не пачаўся працэс зацьвярдзеньня. Трынаццаць — ідэальны час для сяброўства, калі яно ня можа быць няшчырым. Я б назваў такое сяброўства пазашкольным.

Мне й цяпер здаецца, што ён проста не прыйшоў на ўрокі. Хто памятае, у трынаццаць адсутнасьць сябра побач перажываецца часам як найвялікшая страта.

У Валянціна Тараса ідэальны паэтычны слых, ён майстар слова і ўсё, што ён напісаў — бездакорнае, але для яго самога — ня самае галоўнае. Па-над вартасьцю кніг — вартасьць жывое гаворкі, за якую яго так любяць усе, каго я ведаю з тых, хто ведае яго. Кніга, што ні кажы, зафіксаваныя думкі, спыненае імгненьне, а значыць, пэўная недагаворанасьць, канец размовы, які ўспрымаецца са шкадаваньнем. Абдзіраловіч назваў бы размовы ў Валянціна Тараса «ліючайся матэрыяй». Гэты фэномэн, які выйшаў з «інтэлігенцкай кухні» савецкіх часоў, паступова зьнікае, бо, можа быць, меней становіцца трынаццацігадовых.

У трынаццаць абвостранае, нават аголенае пачуцьцё праўды. Ад бацькі-Валянціна яно перадалося ягонаму сыну, майму сябру Віталю. Віталь кажа пра бацьку: чалавек-успышка. Сам Віталь з выгляду флегматык, але я ведаю, што ўсярэдзіне ён — такая самая ўспышка. Калі няпраўда ці несправядлівасьць. Нават калі ніхто не напіша — ён абавязкова заўважыць і выкажацца.

Калі Віталь упершыню прывёў мяне дахаты, я быў уражаны. Вы, напэўна, гэтага ня памятаеце, але тады, у канцы 1970-х, у Менску існаваў жорсткі стандарт жыцьця. «Заля», спальня, «дзецкая», «секцыя», дыван, канапа... Стандарт рабіў усе кватэры маіх сяброў аднолькавымі. Пры тым што я рос на Круглай сярод тых, хто называў сябе «цэнтравымі», у дамах у нас усё было таксама. А тут я трапляю ў дом, дзе ўсё ня так, дзе стандарт утульнасьці перамагае ўтульнасьць стандарту. Скажам, прысесьці тут можна не на канапу ці крэсла, а літаральна паўсюль. І паўсюль ёсьць нейкая падушачка... Перакулены сьвет! Ня ты для дому, а дом для цябе... І ў гэткім інтэр’еры сядзеў Валянцін. І чытаў газэту «Правда». І ўсё гэта з гледзішча стандарту было няправільна, не па-савецку неяк. Нічога дзіўнага, што й размову ён распачаў з тае «Правды» не са словаў, а з таго, што паміж радкоў.

Роўна трыццаць гадоў таму яму было роўна столькі, колькі мне сёньня.

Пасьля я ня раз трапляў да яго на размовы. Гаварыць дазвалялася ўсё, нават глупства, але не банальнасьць.

Забыўся сказаць, што дысыдэнцтва — гэта таксама характарыстыка трынаццацігадовых. У пэўных праявах гэты ўзрост, вядома, дзікаваты. Такіх называюць бязмозглымі, дзікімі й бязьлітаснымі. Але мы былі выгадаваныя ў іншым асяродзьдзі. І вяршыняй дачыненьняў для нас была размова — з правакацыйнымі вывертамі, з доўгім чытаньнем вершаў, зь бясконцымі «ізыскамі» думкі, слова, настрою... Імправізаваны спэктакль, джэм-сэйшн, інтэлектуальнае спаборніцтва, у часе якога прамаўляюцца самыя лепшыя думкі, вершы й нават цэлыя кнігі... Ня ведаю большага майстра й лепшага гаспадара такіх сустрэч за Валянціна Тараса.

Напэўна, як старэйшы, ён мяне й «падкіроўваў». Адчуваю гэты ўплыў, але рабілася ўсё так, што не заўважалася.

Калі Радыё Свабода зладзіла перадачу, дзе розныя людзі чыталі фрагмэнты твораў Быкава — на свой выбар, аказалася, што мы зь ім выбралі той самы кавалак — фінал аповесьці «Аблава». Быкаў напісаў шмат, і ўсе, натуральна, выбралі рознае, а мы з Валянцінам Тарасам, чамусьці, прачыталі адно.

Пасьля гэтага я канчаткова пераканаўся, што паміж намі існуе повязь ня толькі тая рукатворная, якой я стараўся адпавядаць. І што ня проста так маю дачыненьне да чалавека, абсалютна прыцягальнага для многіх, абсалютна пазытыўнага, які абсалютызуе праўду. А яшчэ таго, у якога ў жыцьці ўсё так, як мы толькі думаем — павінна быць.

Ён нават памёр неяк нармальна, як мусіць быць. Кажуць, у той самы-самы дзень, напярэдадні дня Сьвятога Валянціна, мой сябра Валянцін Тарас страціў прытомнасьць. Кажуць, пакуль ехала хуткая, Валянціну на некалькі сэкундаў вярнулася сьвядомасьць. Ён сказаў: «Я адыходжу». І адышоў.

На памінках моцна не хацелася нічога гаварыць. Ну і што, што мне пад 50, а яму пад 80. Трынаццацігадовым не ўласьціва складаць адзін аднаму эпітафіі. Ім проста вельмі балюча, калі сябра не прыйшоў на ўрокі.

Але думалася пры тым шмат. Мы сядзелі за сталом побач са Зьмітром Бартосікам і я сказаў яму: ведаеш, уяві, што некалі й мы апынёмся ТАМ. І калі ТАМ мы апынёмся ў Валянціна Тараса за гасьцінным сталом і за размовай, дык гэта будзе тая вечнасьць, якая й будзе раем, большы за які не магу сабе ўявіць.

У той момант мы абодва паверылі, што так яно й будзе.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева