Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Сьмяяліся...

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». 

Калі сьмех – справа сур’ёзная, тады й насамрэч мы, сьмеючыся, разьвітваемся са сваім мінулым. Як у дзіцячым фальклёры: “Весела была, як бацьку хавалі, – музыка грала, цукеркі давалі...” А калі сьмех – гэта “ў цябе сьпіна белая”, – мы проста рагочам, ні з чым не разьвітваемся і застаёмся на месцы.

Згадваю, якім папулярным у часы польскае “Салідарнасьці” быў часопіс “Шпількі”. Чалавек на вокладцы есьць жабу. Подпіс: “Ня ёсьць смачна, але ёсьць слушна”. І наш “Вожык” быў на ўзьлёце ў часы перабудовы. На вокладцы – сцэна ў кабінэце акуліста. Міліцыянт ў белым халаце паказвае амонаўцу-пацыенту табліцу з азбукай, дзе вялізнымі літарамі напісана “Талака”, драбнейшымі – “Мартыралёг” і г.д.

Той уздым сатырычных часопісаў да неверагодных накладаў лепш за ўсё сьведчыў пра перамены. Зь сёньняшнімі накладамі не параўнаць. Сёньня зноў у тэлевізары – рагатуха, і зноў – пра “белую сьпіну”.

Але “сур’ёзны” сьмех – як талая вада, нікуды не зьнікае. Ён то хаваецца пад зямлёю, то цурчыць на паверхні ледзьве прыкметным струмянём, то вырываецца магутнай хваляй, – але заўсёды прысутнічае, варта толькі пашукаць, дзе ён.

Скажам, пасьля таго ўсенароднага “Вожыка” зьявілася шмат анэкдотаў “пра беларуса”, чаго ў часы перабудовы й раней не было. Беларус просіць залатую рыбку: а зрабі мне нос, як у слана! А зрабі мне вушы, як у зайца! А зрабі мне хвост, як у каня! Яна зрабіла й пытаецца: слухай, дзіўны ты нейкі, просіш абы што. Папрасіў бы, як усе, дом, машыну, жану-прыгажуню... Ён у адказ: “А што, можна было?”

Можна, цяпер усё можна. І “сур’ёзныя” сьмехі хаваюцца ў целе зусім нясьмешных, на першы погляд, праблем. А праблема – яна ж і вынікае з таго, што нехта зь некага пасьмяяўся.

Вось нейкія прайдзісьветы набіваюць сабе кішэні з дапамогай усякіх віртуальных і ня вельмі зразумелых мэханізмаў, а ўсе кажуць – фінансавы крызыс! І ўсе ўрады кідаюцца ратаваць тых прайдзісьветаў, якія “церпяць страты”. Хіба яны не сьмяюцца з усіх астатніх? Хіба ня бачна, што крызыс – не стыхія, што ён абсалютна рукатворны, але – “невядома як будзе разьвівацца і закончыцца невядома калі”. Быццам гаворка пра землятрус і цунамі.

Галоўная зброя гумарыста – гэта наша з вамі прыродная гатовасьць быць падманутымі.

Суседзі-літоўцы вельмі хутка прасякнуліся тым, што яны – эўрапейцы. Эўраінтэграцыя, эўрагрошы, эўрапраграмы... Хіба можа быць на гэтым шляху якая-небудзь засада? Азірнуліся... і прасьлязіліся. Безь ніякай патрэбы мусяць разбурыць сваю Ігналінскую АЭС (гэта як у залатой рыбкі папрасіць, каб забрала ў цябе дом, машыну й жану-прыгажуню). Уся карупцыя ў краіне закамуфляваная пад інавацыі, інвэстыцыі ды інстытуцыі. А ў дзіцячых садках трохгадовым малым распавядаюць казкі пра каханьне прынца і прынца – паводле “моднай” эўрапраграмы “Gender Loops”, за ўкараненьне якой зь бюджэту выдаткаваны заўважны кавалак пірага... Ну, хіба ня сьмешна?

Нам, беларусам, таксама ёсьць з чаго пасьмяяцца на тэму эўраінтэграцыі. Чым болей словаў ляціць з трыбун пра адкрытую (для нас) Эўропу, тым цяжэй звычайнаму беларусу пералезьці праз бэрлінскі мур віз. Мала таго, што знайдзі тыя 60 эўра за той аднаразовы шэнген, дык яшчэ прайдзі праз шыхт прыніжэньня ў эўрапасольстве ці на эўрамяжы, дзе кожны дробны эўрачыноўнік з насалодаю пакажа табе тваё месца: беларус – другога гатунку.

Наогул, калі быць шчырымі, дык у нейкім сэнсе яно так і ёсьць. Дакладней, гэта мы самі пагаджаемся на другі гатунак, абы не прыніжалі. “На чорта мне тая Эўропа!” Адлюстраваньнем сытуацыі стала показка пра Лукашэнку, які, пераапрануўшыся Бін Ладэнам, патлумачыў: “Хопіць я за Эўропай бегаў, хай цяпер яна за мной пабегае!”

Напэўна ж не Эўропа будзе пазбаўляць нас ад комплексу людзей другога гатунку. Пазбавімся самі. Як? Мы ня можам пераадолець гэты комплекс нахрапам, як тая маскоўская турыстка, што крычала ў барсэлонскім аўтобусе: “Водитель, остановите!.. Да что он, по-русски не понимает, что ли!”

Няма ў нас такога рэсурсу ў мэнтальнасьці. Ды й ня сьведчыць нахрап ні пра якія перамены, ні пра які рух наперад. У адрозьненьне ад сьмеху.

– Жыцьцё – як вялікі шлях. А Беларусь стаіць пры дарозе і ніхто яе не падвозіць...

– Галасаваць ня ўмеем!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева