Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Ася Паплаўская. СУЧБЕЛЛІТ. Літаратары ў ЖЖ — несвабодныя самаліквідатары


Ася Паплаўская
Ася Паплаўская. Студэнтка, журналістка, літаратурны крытык. Друкуецца ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь», часопісе «Дзеяслоў» і некаторых іншых выданьнях. Займаецца навукай. Любіць сучбелліт і аддае яму шмат вольнага й нявольнага часу. Вядзе блог, сустаршыня кам’юніці Suc_biel_lit (разам з Алесем Мазанікам).
У кіпцікі ЖЖ (livejournal, блог, ЖЧ, ЖД... — як заўгодна) я трапіла ня дужа даўно — 25 студзеня 2007 году. Падказала мне гэтую ідэю вядомая ў сьферы беларускае эстрады журналістка Тацяна Курбат. Яна ж мяне ў свой час «падсадзіла» на сушы… Што да мяне прыйшло раней (ці да чаго я раней дабралася) — сучбелліт ці ЖЖ, цяпер вызначыць амаль немагчыма. Для мяне гэта як іголка зь ніткай: нітка (блогеры, аматары сучбелліту), удзетая ў іглу (літаратуру), сшывае літаратараў і чытачоў у адно незразумелае цэлае. Надараецца, што нітка возьме ды парвецца. Мы падхопліваем канцы ды зьвязваем, прыпяваючы: «Встаньце, дзеці, встаньце ў круг!». Вось і атрымліваецца чытацкая лінія вузлаватая. Але ж нітка што? Плюс-мінус адзін вузельчык — ня сташна. А вось калі зламаецца іголка…

Так што сучбелліт і ЖЖ былі для мяне адпачатку зьвязаныя непарыўна. Тады я, студэнтка 1-га курса, наіўнае, зялёнае дзяўчо, верыла, што наша літаратура — такая цудоўная, такая цікавая, такая запатрабаваная!.. Я з захапленьнем чытала аднакурсьнікам вершы Хадановіча, сьмяялася разам зь сябрамі з паэтычных практыкаваньняў Вішнёва, вадзіла аднагрупнікаў паглядзець на Сіна, што вешаецца на сасісках, а пасьля паказвала на кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі відэа з прэзентацыі новай кніжкі… Мне так хацелася даказаць усяму сьвету, што нашыя паэты — найвялікшыя эксперыментатары, празаікі — самыя духоўныя і тонкія натуры, а тарашкевіца — самая што ні ёсьць сапраўдная беларуская мова. Ну так хацелася, так хацелася!..

Недзе праз год мойго імпэту трохі паменела. Ад выступаў Хадановіча я стамілася, ягоны «Музэй дзяўчатаў» перастала чытаць кожнаму сустрэчнаму, на практыкаваньні Вішнёва гляджу скептычна, тым не менш, зь нецярпеньнем чакаю выхаду ягонага раману, на Сіна аднагрупнікаў не ваджу й сама не хаджу, а на кафедры замест дэманстрацыі відэа з Плянам, які валяецца на падлозе, бьецца ў канвульсіях і нема крычыць у мікрафон, абмяркоўваю з навуковым кіраўніком тэму чарговай навуковай працы. Праўда, па тым жа сучбелліце… Цяпер я ведаю, што нашыя «словапісацелі» ніякія не найвялікшыя эксперыментатары, але прыдумляльшчыкі ўсё ж неблагія, празаікі — дзядзькі з непамернай пыхай і жаданьнем напісаць беларускі бестсэлер (зрэшты, жадаць можна чаго заўгодна). З таракамаўкай (тарашкевіца+наркамаўка), як кажа мая выкладчыца, я таксама ня ўжылася: ад тарашкевіцы адмовілася, бо, даруйце, але «вопера» і «вода» — гэта зьдзек, а наркамаўка — найвялікшы рабаўнік беларускіх словаў. Мне даспадобы дзеясловіца, мова літаратурна мастацкага часопіса «Дзеяслоў» (толькі не магу адмовіцца ад прыназоўніка «зь»). Стаміцца стамілася, але рэпартажы пішу, фотасправаздачы з выступаў выкладаю (не адпускае журналісцкае «Трэба ж людзям інфармацыю даць!»). Праўда, адбываецца гэта куды радзей, чым раней: нашто йсьці на прэзентацыю, калі ты ведаеш усё, што там будуць гаварыць?.. Ужо лепш на сушы схадзіць…

Зараз у мяне такое адчуваньне, што ЖЖ перажывае крызіс. Быццам эканамічны крызіс адбіваецца на блогерах: бываюць дні, калі ў стужцы воку няма на чым спыніцца. Ні дыскусію завязаць, ні тэкст цікавы для абмеркавання выкласьці, ні… А галоўнае, што кідаецца ў вочы: мы схаваліся. Ад сябе схаваліся, ад «фрэндаў», якія толькі і чакаюць, як бы цябе падкалоць і як бы зь цябе пасьцябацца. Вядома, ад такіх схаваешся! І «замкі» не дапамогуць. ЖЖ літаратараў, якія два гады, ды яшчэ год таму я чытала з найвялікшым захапленьнем (о, як я бегла дадому, каб залезьці ў ЖЖ Сьцяпана, пасьля Глобуса, Хадановіча і абавязкова Мартысевіч!) Зараз рэгулярна праглядаю толькі ЖЖ Марыйкі. Неяк не атрымліваецца ў мяне чытаць блогі літаратараў (дарэчы, іх болей за 70) у фрэнд-стужцы. Ну як не зайсьці лішні раз на старонку Дзмітрыя Дзмітрыева ці Міраслава Адамчыка? Як не падняць настрой арыгінальнымі люстраванкамі ды аркушакрутамі першага, якаснымі фотаздымкамі другога?.. Гэта ж як паэма! Тэксты, фота дапаўняюць, працягваюць адно аднога. Зноў я загараюся, узгадваючы сябе год-два таму…

Па сутнасьці, ЖЖ літаратара — гэта шчэ адна форма несвабоды. Літаратар, як вядома, асоба шырокавядомая ў вузкім коле іншых літаратараў ды аматараў, якія неяк яшчэ падтрымліваюць у сабе цікавасьць да сучбелліту. А паколькі такая-сякая-незразумела-якая вядомасьць ёсьць, літаратар — асоба публічная. ЖЖ таксама публічны. Вось і нясем мы ўзмоцненую адказнасьць за свае пасты. Бо калі што-якое, адразу знойдуцца «добрыя людзі».

Што творыцца зараз у блогах літаратараў? Ды амаль нічога цікавага. Суцэльная рэклама сябе і сваіх сяброў, спасылкі на артыкулы зноў-такі пра сябе любімых, пераліванне з дзіравага відро ў сіта й наадварот. Хацела пагаварыць пра ЖЖ Валярыны Куставай — а яна яго выдаліла. Спадзяюся, што неўзабаве адновіць… Вось бачыце, як проста: захацеў — самаліквідаваўся, захацеў — узнавіўся, бы тая Фенікс.

Нашая вялікая праблема ў тым, што няма ў нас літаратурных менеджэраў, піяршчыкаў. Таму літаратары, бы той «сам сабе рэжысёр», самі сабе менеджэры, самі сабе піяршчыкі, а апошнім часам яшчэ самі сабе прадаўцы! Якім толькі чынам не спрабуюць зрабіць свой ЖЖ болей наведвальным літаратары: крытык Ганна Кісліцына выкладае фота-рэцэпты розных смачнасьцяў (я, дарэчы, часам ейнымі парадамі карыстаюся). Марыйка Мартысевіч з Андрэем Хадановічам прыдумляюць розныя класныя штукі: то раздаюць блогерам пасады ва ўрадзе, то абмяркоўваюць «актуальныя сацыяльныя праблемы беларускага грамадзтва» і прапануюць блогерам апытаньні кшталту «Ці варта прыцягваць да адміністратыўнай адказнасьці людзей, якія не падымаюць за сабой века ўнітазу?». Сяргей Прылуцкі (Сярожка Пістончык) карыстаецца ненарматыўнай лексікай і трасянкай — такая своеваблівасьць. Засмучае блог любімага Хадановіча — апошнім часам спрэс абвесткі ды спасылкі. Зь мінулага году не абнаўляе свой ЖЖ Вера Бурлак (Джэці)… Запыталася зараз у самой сябе, які блог цікавы мне больш за ўсё?... Мартысевіч. Якія пасты найцікавейшыя апошнім часам? Зноў Мартысевіч! Нейкая суцэльная Марыйка атрымліваецца. І гэта прытым, што ў нас больш за 70 (!) блогаў літаратараў. Ня ведаю, як вам, а мне сумна робіцца…

А на дварэ вясна! Адрывайцеся ад Сеціва, бярыце «Play.by» Глобуса і йдзіце ў парк. Чытаць.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 2)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • “імпэту трохі паменела… мне сумна робіцца” -- Гэта азначае, што вы яшчэ расцеце. З гадамі такі недахоп мінаецца. “Нейкая суцэльная Марыйка атрымліваецца” -- І ў мяне з жж Марыйкі суцэльныя “рабыня-ізаўраўскія” асацыяцыі) У яе адэкватная мэтавая аўдыторыя – “тыя, каму да 18-ці, плюс Хадановіч”… Не баіцеся, што праз год вас і тут спасцігне расчараванне? “бярыце «Play.by» Глобуса і йдзіце ў парк” -- у сэнсе: адпачываць і атрымліваць асалоду? Ну-ну... ...Калі ж па сутнасці, то літаратары маюць права нават "спаліць" свае жж, яны не абавязаны любымі спосабамі трымаць каля сябе плойму розных падлеткаў і разявакаў. Ёсць час пісаць у жж, а ёсць час выдаляць свае жж... P.S. А вось тэст у ku_palinka (не ведаю, ці літаратарка гэта) нармальны!