Дата публикации:
25.04.2009
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2009/04/25/ic_articles_410_162329/

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Адна праўда і дзьве хлусьні

Автор: Сяргей ДУБАВЕЦ

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Крывое люстэрка дарагой краіны — БТ – апошнім часам кілбасіць і плюшчыць. Буські эўрачыноўнікам, былому мэру Лісабона і грудзямі — за Пхеньян, за Дарфур — супраць падступнага Захаду. Не чапайце Дарфур, хоць ён і ў лахманах, хоць там рэальна людзі як супэрфасфат... Праблема — з застрэленымі ў Ірляндыі ангельскімі вайскоўцамі – як трактаваць? Гэта ж тое самае, калі б у нас “праклятыя нацыяналісты”, напрыклад, неадэкватна зрабілі з “братнімі” расейскімі салдатамі. Як камэнтаваць? Спускаюць на тармазах...

Але вось два сюжэты ўжо не “наркатычныя”. Бяз ломкі, зь яснай праграмай. Ствалавыя клеткі ў ЗША – дзьве супрацьлеглыя думкі, і “кароўнік” (царква “Новае жыцьцё”) у Маскоўскім раёне Менску – адна думка. Побач сюжэты, адзін зь якіх — з прафэсіі, другі — з абслугі.

Тэлевізія балянсуе паміж тым, каб быць люстэркам улады й люстэркам краіны. Да гэтага мы прывыклі, але тут узьнікае трэці матыў. Сюжэты пра канфліктныя сытуацыі ў Беларусі не выклікаюць даверу, бо, як правіла, прапануецца адзін погляд. Не таму, што прапаганда. Калі б была прапаганда, была б гаворка пра саму царкву, яе ідэалёгію, уплывы і г.д. Але гаворка толькі пра будынак (царкву высяляюць). Маўляў, няма дакумэнтаў пажарнай праверкі і ўсё такое. А ўвогуле гэтае месца паводле генпляну павінна забудоўвацца. Пажарнікам як бы верыш. А вось забудоўвацца – чаму павінна? Тут адказу няма. Няясна, што чыя ўласнасьць і г.д. У рэпартажы згадваецца кіраўнік царквы Ганчарэнка. Дайце яму слова. Інакш, калі няма палітыкі, выглядае, што БТ і ня ўладу бароніць, а нейкіх забудоўнікаў. Чаму? У любой іншай дэмакратычнай краіне такі парадак выклікаў бы цікавасьць з боку пракуратуры – чаму грамадзкі трансьлятар так настойліва “ачышчае” ўчастак пад чыюсьці камэрцыйную дзейнасьць? Можа быць, той хтосьці – сваяк кагосьці на БТ? Ці тут замяшаныя карупцыйныя матывы?

Я нічога гэтага ня ведаю, бо ня маю дастатковай інфармацыі, а няведаньне спараджае дапушчэньні. Інакш кажучы, матывы ўдзельнікаў канфлікту застаюцца незразумелымі. Чаму Ганчарэнка наадрэз адмаўляецца перайсьці на іншы ўчастак? Пра гэта ні слова. Адмаўляецца і ўсё. Няхай ён адмовіцца з экрану сам, а не ў трактоўцы карэспандэнта. Інакш я, глядач, зраблю няслушныя высновы.

Кажуць – мараль, царква, дзесяць прыказаньняў. І пры тым высяляюць царкву, мараль і прыказаньні ва ўгоду мамоне, прагнасьці й падману. Значыць, усе размовы пра мараль – хлусьня?

Не хачу рабіць далёкіх высноваў. Мне падабаецца сюжэт пра ствалавыя клеткі ў Штатах. Значыць, журналісты БТ ведаюць пра галоўны прынцып сваёй прафэсіі – даць усе пункты гледжаньня? Вы скажаце, што калі яны гэтаксама будуць распавядаць пра Беларусь, ім ня ўдасца навязаць сваю трактоўку падзеяў? А хіба іхная трактоўка не павінна быць праўдзівай? Калі так, значыць насамрэч — нехта за высяленьне “Новага жыцьця” праплаціў?

Між іншым, калі існуюць два бакі канфлікту і, адпаведна, два погляды, як правіла, ні адзін, ні другі не зьяўляюцца ідэальнымі. Інакш кажучы, калі ёсьць дзьве праўды, значыць, праўда дзесьці пасярэдзіне. Якраз гэтую трэцюю праўду і мусілі б шукаць прадстаўнікі чацьвертае ўлады.

Сытуацыя нагадвае мне адносіны да аграноміі агню. Цяпер паўсюль паляць леташнюю траву. Журналісты з году ў год робяць сюжэты пра варварства, безадказнасьць і небясьпеку, накручваючы на стрыжань локшыны сваіх уласных фантазіяў. А траву ўсё паляць і паляць. Аказваецца, ёсьць цэлая навука дапаможнай аграноміі агню. І паліць траву — карысна, бо гэта тая трава, якую летась ня зьелі каровы – яна ім не смакуе. Але. Паліць трэба з галавой – абкапаўшы патрэбную дзялку, вызначыўшы накірунак ветру і г.д. Словам, па навуцы. Таму падпальшчыкаў трэба не расьпякаць і не караць, а вучыць. Калі ж з году ў год паўтараць пра варварства, тады міжволі гэтым самым і будзеш правакаваць варварскі падыход да карыснай увогуле справы. Што наша чацьвертая ўлада, а сьледам і грамадзкая думка й робіць. У выніку не перамагае ні адна ні другая праўда, бо насамрэч і першая й другая – хлусьня.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.