Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. «Дружба народаў»

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Гэты парадокс дачыкільгаў да нас з глыбокіх савецкіх часоў.

Яшчэ ў пару дарагога Леаніда Ільліча дзяржаўныя органы дэкляравалі палітыку “дружбы народаў” і праводзілі нейкія руцінныя мерапрыемствы на гэтую тэму. Тым часам любыя нефармальныя кантакты (што ўласна й было праяваю дружбы) разглядаліся ледзьве не як хвароба, якую трэба “папярэдзіць” (КГБ) і “залячыць” (адміністрацыя, прафсаюзы, камсамол). У выніку пры ўсіх дэклярацыях дружбы паміж беларусамі й іх суседзямі вырасталі цэлыя ледавікі адчужэньня. Пры першых жа павевах перамен яны сталі ператварацца ў рэальныя межы — з сабакамі й візамі. Праўда, і пра “дружбу народаў” сталі гаварыць меней.

Цяпер больш папулярнае слова – добрасуседзтва. Але пад суседзямі тут разумеюцца дзяржаўныя чыноўнікі, а не народы і, тым больш, ня людзі. На месцы памежных пераходаў зьявіліся гарады-бухенвальды, аплеценыя калючым дротам. З абодвух бакоў вас сустракае халодны позірк функцыянэра й пратакольнае пытаньне: “С какой целью следуете”... у Беларусь, Латвію, Літву, Польшчу, Расею, Украіну? Адказ “з мэтай дружбы народаў” гучыць па-блюзьнерску і зьяўляецца падставай для адмовы ў “праве перасячэньня мяжы”.

Парадокс палягае на тым, што і ў брэжнеўскія часы, і сёньня нашай і суседнім дзяржавам у прынцыпе выгадная дружба народаў. Болей кантактаў — лепшае веданьне аднымі адных, шырэйшыя сувязі ўва ўсіх сфэрах, станоўчы імідж краін. Хіба не пра гэта так любяць казаць чыноўнікі? Сыстэма папярэджаньня любой незаконнай дзейнасьці працуе на межах зь вялікім запасам трываласьці. Але чаму дэ факта да незаконнай дзейнасьці прыраўноўваецца дружба народаў? Чаму вам элемэнтарна могуць адмовіць у візе, калі матывацыя вашага звароту па яе — не перамяшчэньне грузаў, а пошук новых сяброў? Гэта — “несур’ёзна”? Ня ў тым рэч. Чыноўнік найлепей прызнае такую матывацыю, у якой вы дэкляруеце, што ніякім чынам ні за што й ні за каго ў ягонай краіне не зачэпіцеся. Знаходжаньне на тэрыторыі на пяць хвілін больш, чым указана ў візе, лічыцца сур’ёзным парушэньнем і караецца сувора. А пасябраваць — гэта ж і значыць — зачапіцца.

Яшчэ адзін парадокс. У Беларусі й яе навакольлі няма ніякіх масавых настрояў на сыход у суседнюю краіну. Бо ўзроўні жыцьця прыблізна аднолькавыя. Але пры гэтым у кансулятах вас сустракаюць так, быццам ваша краіна — галодная й афрыканская, а тая, куды вы імкняцеся — багаценькая Італія. Адпаведна й глядзяць на вас, як салдат на вош. Якая тут дружба!.. Прыклад аднолькава тычыцца як тых, хто едзе ў Беларусь, так і тых, хто — зь Беларусі. Віза з шэнгенскай зоны каштуе 150 эўра, а ў зону — 60. З асаблівым цынізмам гэтыя 150 бяруць зь беларусаў Віленшчыны, Дзьвіншчыны або Беласточчыны, якія воляю палітыкі апынуліся за мяжой, за бухенвальдзкімі сьценамі, хоць у сваім разуменьні спрадвеку жывуць на сваіх беларускіх этнічных землях, зьяўляюцца людзьмі беларускай культуры й таму, натуральна, імкнуцца наведваць “мэтраполію”.

Між іншым, цэрбэрскі настрой праяўляецца ня толькі ў дзяржаўных чыноўнікаў, але і ў чыноўнікаў з “трэцяга сэктару”, зь недзяржаўных арганізацыяў. Не аднойчы даводзілася чуць такое: Васю больш візу рабіць ня будзем, падвёў Вася. А ў чым справа? Ды яму візу на сэмінар зрабілі, а ён умудрыўся яшчэ й машыну сабе прыгнаць...

Вася ўмудраецца ў прапанаваных надуманых візавых абставінах жыць рэальным жыцьцём. І ў выніку само рэальнае жыцьцё трымаецца на такіх вось Васях. Інакш бы ўсё даўно ўстала з ног на галаву й зацягнулася раскай абсурду.

Але вернемся да “дружбы народаў”. Калі яна й існуе, дык толькі насуперак волі чыноўнікаў. Яны яе ўсяляк абмяжоўваюць, нішчаць яе жывыя парасткі, разводзяць па розных “зонах”. Але то тут, то там яна праяўляецца зноў — як самае лепшае й прыцягальнае, што можа быць паміж “намі” й “імі”. Напэўна, так адбываецца таму, што дружба сьцірае межы, а чыноўнікі іх будуюць. Яны іх будуюць, а дружба руйнуе. Гэта які ж у беларусаў патэнцыял дружбы, якое сэрца, калі патрабуецца ўзводзіць на межах цэлыя бухенвальды адчужэньня!..

Але вось чарговая навіна, з маладачанскай “Рэгіянальнай газэты”. Задуманую на сёлета супольную вандроўку беларускіх і літоўскіх навукоўцаў ды культурнікаў па Вяльлі — ад нашай Вялейкі да літоўскага Коўна — беларусы й літоўцы правядуць “кожны на сваёй тэрыторыі”. Бо — не далі візаў.

Згадваю першую такую вандроўку тры гады таму — у 150-я ўгодкі падарожжа графа Тышкевіча. Увесь зьмест гэтага мерапрыемства заключаўся ў тым, што беларусы й літоўцы плылі па Вяльлі разам — на плытах, чаўнах, байдарках і катамаранах, разам вывучалі навакольлі, сьпявалі песьні, перажывалі чалавечае яднаньне. А ўжо сёлета... Якое вам, да д’ябла, яднаньне. Візы! — капрызьлівае “боства” раптам скрывілася й павярнулася задам.

Хоць, па вялікім рахунку, ведаючы падарожнікаў з абодвух бакоў, магу сказаць, што зь іх жывога яднаньня вырастаюць сапраўдныя кветкі культуры — кнігі пра свой край, мастацкія творы, фільмы й тая самая дружба народаў.

Насамрэч прорва падзяляе людзей, якія выдаюць візы. Паміж тымі, каму ў візах адмоўлена, ніякіх падзелаў няма, бо яны не палітыкі. Іх лучыць адзінства чалавечай культуры. Але ў тым, што палітыка сіламоц аддзірае адных людзей ад іншых — найвялікшы абсурд нашага часу, які так любіць называць сябе цывілізаваным.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева