Дата публикации:
18.07.2009
Адрес страницы
https://naviny.by/rubrics/opinion/2009/07/18/ic_articles_410_163638/

Уладзімір Сцяпан. АЎТАР. Чорна-белыя фотаздымкі

Автор: Уладзімір СЦЯПАН


(развага пасля прагляду альбома)

Уладзімір Сцяпан
Уладзімір Сцяпан. Празаік, паэт, кінасцэнарыст, мастак. Нарадзіўся ў пасёлку Касцюкоўка Гомельскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, а ў 1983 Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «жывапісец». Працаваў мастаком-афарміцелем, з 1987 па 2003 год — у творчым аб'яднанні «Тэлефільм» Беларускага тэлебачання. Піша прозу, абразкі, грэгерыі і хайку. Новыя творы друкуе на сайце litara.net, у часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць» і «Полымя,» а таксама ў сваим блогу ul-sciapan.livejournal.com. З’яўляецца адным з аўтараў зборнікаў «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989). Выпусціў кнігі прозы «Вежа» і «Сам-насам» (абедзьве 1990). У 2008 годзе ў часопісе «Маладосць» друкаваўся прыгодніцкі раман У.Сцяпана ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам «Цень анёла». Сябра СП Беларусі з 1991 года.
Здаецца, восенню ў 1988 годдзе я зарабіў свае першыя даляры. Прыехаў на Беларусь французскі журналіст-тэлевізійшчык, я з ім у Маскве пазнаёміўся. Патэлефанаваў, мы і перастрэліся. Ён здымаў праграмы пра бедных, у яго на дзяржаўным канале свая штомесячная перадача была. Ездзіў той журналіст па розных былых рэспуліках Савецкага Саюза і здымаў розных жабракоў. І ў нас яму трэба былі жабракі, бамжы, бадзягі, валацугі і г.д.

Паехалі мы з ім за стары чыгуначны вакзал, знайшлі бамжоў, паздымалі, як яны вараць на вогнішчы смярдзючую юшку, п’юць «бырло» і ядуць, а вакол сабакі галодныя бегаць. Маляўнічая карцінка атрымалася, і мацюкоў было больш, чым трэба. Ён і без мяне нешта яшчэ здымаў па горадзе. Але журналісту не хапала нечага такога кранальнага, каб душу ірвала, каб слязу абурэння з сытага еўрапейскага гледача выціскала…

Павёў я на другі дзень журналюгу да паўразбураных, закінутых дамоў. Пагрукаў каменем у дзверы, абабітыя бляхай. Дзверы праз нейкі час адчыніліся, і выйшаў на святло бялявы хлопчык: мурзаты, спалоханы, апрануты ў рыззё і з цыгарэтай. Хлопчык, якога бацькі п’янтосы з дому прагналі, які ў школу не ходзіць, а вучыцца хоча. Знялі Ігарка, размову з дзіценкам дзесяцігадовым запісалі, дзесяць даляраў за інтэрв’ю малы атрымаў, а я за дапамогу атрымаў свой ганарар. Француз з’ехаў. Ігарок — сын маіх знаёмых — добра выканаў сваю ролю і вярнуўся ў дагледжаную кватэру да бацькоў. Я вярнуўся ў рэдакцыю. Усе, пасля здымкаў, аказаліся задаволенымі. Еўрапейскія гледачы атрымалі змрочную карцінку, праўда без мязвядзеў і танкаў, на вуліцах, але з бамжамі, паўразбуранымі дамамі, і хлопчыкам, які хоча вучыцца, але якога б’юць і прымушаюць красці…

Чаму я раптам пра справы дваццацігадовай даўніны? Не здагадаліся? Я пра стэрэатыпы, пра карцінку, якая патрэбна з Беларусі ў Еўропе. Чым больш жахлівая, тым лепш, чым больш змрочная, тым даражэй і хутчэй купяць…

Прадаецца толькі тое, што запатрабавана, што «ўбіта» ў свядомасць, што існуе, як знак, сімвал, код, што адразу пазнаецца і лёгка паддаецца ідэнтыфікацыі…

Днямі гартаў шыкоўны альбом мастака, які жыве ў Галандыі, а раней жыў у Францыі. Ведаю я таго мастака гадоў трыццаць і добра да яго стаўлюся. Імя і прозвішча не называю, бо гэта не мае значэння. Я пішу пра тэндэнцыю, а не пра асобы. Усе карціны намаляваныя са старых фотазымкаў. Усе яны шэрыя, як чорна-белыя карткі, тужліва-сумныя па настроі, цяжкія…

А навошта фотаздымкі? А каб выглядала больш пераканаўча, праўдзіва, дакументальна. Вядома і дурню, што фотаздымкі не падманваюць, бо фіксуюць толькі тое, што ёсць на самой справе.

І каб такія карціны маляваў і прадаваў толькі адзін мой знаёмы мастак-эмігрант. Не, амаль усе без выключэння, хто ў розныя гады з’ехаў з Беларусі паказваюць Радзіму ў тым змрочным і дзікунскім выглядзе, да якога ў Еўропе прызвычаіліся. І пісьменнікі, якія працуюць там, апісваць Беларусь, як краіну без будучыні, як тэатр абсурду, як вялікую турму з убогімі і бяздарнымі чалавечкамі-робатамі…

З карцін мастакоў-эмігрантаў знікла святло. Тое ціхае ззянне і пяшчота, якія ёсць у кожным сапраўдным творы мастацтва. Нават у абразах намаляваных вясковым мастаком-самавукам…

Але, як вядома, кесару кесарава, а Богу …

Эмігранты — мастакі прадаць Беларусь, перамалёванную са старых фотаздымкаў. Галерэйшчыкі карціны тыя купляць, бо ўпэўненыя, што Беларусь менавіта такая, брудна-шэрая, зацюканая, быццам дзіця, з якога савецкая ўлада і рэжым, ці не да кроплі, высмакталі кроў. Такі ў Еўропе вобраз Беларусі.

Іншую Радзіму, вядома, можна маляваць, але навошта рабіць тое, што не купяць. Тое ж самае і з літаратурай, калі не ўлічваць цяжкасці з перакладам…

Вось і ўсё, што хацелася сказаць пасля гартання альбома майго знаёмага мастака (даволі паспяховага). Здаецца яму і грамадзянства далі, а калі не, то напэўна хутка і атрымае.

«На чорна-белых фотаздымках
Жыву я ў маміных абдымках…»

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.