Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Стаць вялікім


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Тое, што ў палескай вёсцы Вялікі Бор хлопчыкаў называлі Борамі, сьведчыць ня толькі пра філялягічную культуру тамтэйшых сялян, але й пра рызыкоўную гульню зь лёсам. Іхныя Боры мусілі станавіцца вялікімі. Ня важна, зь якога ты котлішча — Іванавіч, Мікалаевіч, Пятровіч, але калі Бора з Бора, павінен усё жыцьцё даказваць, што вялікі.

Сказаць лёгка, а як ты дакажаш, калі акурат на тваё жыцьцё ў краіне прыпадае час руйнаваньня аўтарытэтаў, ідэалаў ды ерархіяў і любыя размовы пра веліч натыкаюцца на скепсіс і няверу суайчыньнікаў. Гэта раней можна было стаць народным паэтам, касманаўтам ці чэмпіёнам і ўсе пагаджаліся – наш славуты зямляк. Потым уся схема пасыпалася. Народныя паэты апынуліся ў апазыцыі, выдатныя навукоўцы разьехаліся па замежжах, знакамітыя спартоўцы сышлі на другі плян, “зоркі” эстрады толькі самі сябе называюць “зоркамі”, без асаблівых на тое падставаў... Хто ў нас цяпер па-сапраўднаму вялікі? Ніхто.

Гаворка зусім не пра льготы для кагосьці. Нацыя, у якой няма вялікіх людзей, сама дробная й мала каму цікавая. Краіна, у якой наўмысна не гадуюць геніяў, пазбаўленая пэрспэктывы й прызнаньня. У такой сытуацыі патэнцыйна вялікаму выпадае або рэалізавацца дзе-небудзь у эміграцыі, або піць “Бульбашъ”, альбо... Як са шчасьцем. Немагчыма стаць шчасьлівым толькі таму, што ты так хочаш. Усё, што можна, гэта быць гатовым для шчасьця. І аднойчы так лягуць зоркі на небе, такі падзьме вецер, такі прыйдзе час, калі шчасьце наведае гатовых да яго. Тое самае зь вялікасьцю.

Мой сябра Барыс гатовы. Тым больш, што няма ўжо ні Іванавіча, ні Мікалаевіча, застаўся толькі ён, Пятровіч. На ім цяпер уся інтуіцыя вясковых продкаў сышлася. Будзь, Барыс, вялікім.

Барыс-рэдактар выдае тоўсты літаратурны часопіс зь дзівасільнай назваю “Дзеяслоў”. Барыс-празаік піша кнігі, разьлічаныя на сусьветную аўдыторыю, пра што сьведчаць іх амаль біблейскія найменьні: “Шчасьце быць”, “Жыць ня страшна”. Ня дзіва, што нядаўна Барысава кніга выйшла па-швэдзку ў Стакгольме, зусім блізка ад Нобэлеўскага камітэту. (Беларускія пісьменьнікі яшчэ ні разу не атрымлівалі Нобэля, толькі падступаюцца да яго). Барыс-бацька нарадзіў двух сыноў (разам са сваёй Людай, вядома).

Каму іншаму для біяграфіі хапіла б з усяго гэтага і чагосьці аднаго. Але ня ў тым выпадку, калі патрэбна стаць вялікім. Не для сябе, натуральна, стаць. Сабе нашто тая веліч. Мусіш адбыцца такім, які задуманы. І тут усё прамалёўваецца як трэба. Бо каму іншаму таго хапіла б на ўсё жыцьцё. А Барысу толькі-толькі споўнілася 50. Гэта значыць, што ёсьць запас.

А калі ўлічыць, што Барыс ніколі ня робіць нічога прадказальнага (яшчэ са студэнцтва яго такім памятаю), дык ніхто ня ведае, што ў тым запасе. Пэўне, сюрпрызу варта чакаць усім.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева