Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Сталічная штучка


Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік.
Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

Адной з галоўных падзей брэсцкага фестываля «Белая вежа» стаў спектакль Гомельскай абласной драмы «Рэвізор». Што яшчэ раз даказала думку: сапраўдная праблема тэатра ў беларускіх рэгіёнах — гэта недахоп увагі, а ўжо потым усё астатняе. Свавольства дырэктараў — гэта толькі наступства. З акцёрамі там поўны парадак, з рэжысёрамі — не горш, чым у сталіцы. Але, да прыкладу, вясной там можа з'явіцца спектакль узроўню «Рэвізора», а пра гэта можа ўвогуле ніхто не даведацца. Паспрабуем хоць часткова кампенсаваць такую недарэчнасць...

Калі разважаць пра спектакль «па гамбургскім рахунку», то да яго, вядома, ёсць істотныя прэтэнзіі, якія агаворвалі крытыкі на абмеркаваннях у Брэсце. Асноўных іх дзве: выкананне ролі Хлестакова Сяргеем Юрэвічам — і сцэнаграфія. Наогул акцёрскае выкананне не выклікае пытанняў. Мы кажам пра кадравае пытанне рэгіянальных тэатраў: звычайна яны сабраны па нітцы, але тут з тых нітак сабраўся ўвесь ансамблевы спектакль. Няма каго папракнуць, стылёвая планка зададзена з першых хвілін і падтрымліваецца да самага канцу.

Адзіная заўвага для Хлестакова (Сяргея Юрэвіча): ён — не наіўны. Акцёр адразу захоплівае ўвагу залы, ён пластычна вытанчаны, парывісты, харызматычны, але ў яго рухах адчуваецца свой разлік, які так старанна адмаўляў Гогаль. Гэты Хлестакоў больш падобны да Астапа Бэндэра, ён паэтычны, узнёслы, рамантычны, але ашуканец. У выніку істотна змяніліся акцэнты. Цэнтральнай сцэнай зрабілася не феерычнае ілганне Хлестакова пра сваё сталічнае жыццё, а сцэна хабару. Геній Гоголя заўважыў істотнае: хабар менавіта бяруць, а не даюць. І менавіта ў гэтай сцэне феерычнае выкананне Юрэвіча аказваецца абсалютна да месца, вось дзе ён паказвае майстар-клас тутэйшым: то сарамліва папросіць, то строга і патрабавальна, то раптам з'явіцца грузінска-сталінскі акцэнт. Цудоўны эцюд, які вельмі трапна змяшчае Хлестакова ў адзін шэраг з чыноўнікамі, нават здзіўляешся: як з такой хваткай ён не зрабіў кар'еры ў сталіцы?.. Менавіта таму і чыноўнікі вераць, яны чуюць свайго. Але адначасова не прызнаюць, бо па ўсім Хлестакоў выглядае не як яны, а як «сталічная штучка», па азначэнні гараднічыхі.

Юрэвіч, па сутнасці, грае менавіта «сталічнасць», што не вытрымлівае суровага культаралагічнага аналізу, але, як мы пабачым ніжэй, цалкам пасуе да канцэпцыі спектакля ўвогуле.

Свет чыноўнікаў — гэта галоўнае, што атрымалася ў рэжысёра спектакля Лідзіі Манаковай. На тым жа фестывалі быў паказаны другі прыклад таго, як Гогаль ствараў масавыя сцэны — спектакль «Жаніхі» мінскага Тэатра імя М.Горкага. Там Валянціна Еранькова выкарыстоўвае вельмі разнастайныя спосабы мізансцэн, выпрабоўваючы ўсю глыбіню пляцоўкі: жаніхі выскокваюць з далечыні, выбягаюць на авансцэну і імгенна сканфужваюцца. У спектаклі Манаковай сцэна разбіта на тры часткі: артысты ў важных сцэнах дзейнічаюць ў цэнтры, «калідоры» па баках амаль не выкарыстоўваюцца. З'яўляюцца ў асноўным з дзвярнога праёму, што стаіць па цэнтры ў глыбіні сцэны, мізансцэны ў асноўным франтальныя. Рэжысёр дае магчымасць выканаўцам пайграць у гэтай прасторы дзеля ўласнай асалоды, і спектакль ад гэтага выйграе.

Афармленне Сяргея Кулажэнкі пераследавала мэту стварыць згушчаную змрочнасць атмасферы. Спектакль пачынаецца з дажджу, навальніцы, чыноўнікі збіраюцца ў гараднічага ў цёмных макінтошах — гэтая каляровая дамінанта захоўваецца да канцу. Напэўна, менавіта для павышэння пагрозлівасці над сцэнай і павесілі буйныя званы. Праблема ў тым, што званы так і не зазванілі, навальніца, якая прадвяшчала бяду для чыноўнікаў, ніяк не прагрымела напрыканцы. Робім выснову: сцэнаграфічнага рашэння няма. Але гэта не значыць, што няма рашэння рэжысёрскага.

Канцэпцыяй спектакля становіцца Аляксей Бычкоў, выканаўца Антона Антонавіча Сквазніка-Дмуханоўскага, знакамітага гараднічага. Сваю прамову ён пачынае па-дзелавому, хмурай скарагаворкай: едзе рэвізор, трэба выправіць недахопы. Страху свайго ён вельмі ўмела не паказвае, напружанасць у ім адчуваецца, нярвовасці і страху — не. Ён сапраўдны лідэр, энергічны, ініцыятыўны, асцярожны. Неяк не акцэнтуецца ўвагі на тым, што ён крадзе. Сваіх супрацоўнікаў ён сварыць спакойным, уладным голасам, быццам дакладна ведае, колькі абразы яны сцерпяць моўчкі.

Галоўная выснова: гэты чыноўнік не дурны, няма ў ім нічога ад «сівага мерына», гэта ўжо Хлестакоў загнуў (усе рэплікі, нават знакамітае «інкогніта» Бычкоў прамаўляе проста, быццам яго герой ведае гэтыя словы, але не прызвычаіўся выкарыстоўваць). Менавіта таму настолькі пераканаўчая апошняя сцэна, дзе гараднічы лае сам сябе, што «анучу прыняў за важнага чалавека». Нельга не адзначыць, што тэатр паказвае свайго героя спачувальна. І прычына мне бачыцца ў тым, што ў сваёй сутнасці канфлікт, які вырастае з камедыі Гогаля, ў дадзеным спектаклі ляжыць у плоскасці «сталіца-перыферыя».

Гараднічага пужае (а праз страх усё ў п'есе і закруцілася) гэткім чынам не рэвізор, яго пужае незразумелая сталічнасць, якая агрэсіўна ўмешваецца ў яго ціхі правінцыйны побыт. Хлестакоў паралізуе волю тутэйшых чынуш сваёй беспардоннасцю. Правінцыйны тэатр у сваім спектаклі наблізіўся да ўсведамлення самога феномену правінцыйнасці: поўнай залежнасці ад цэнтру (ладна бы матэрыяльнай, з гэтым якраз Гараднічы і астатнія спраўляюцца, але культурнай залежнасці) і неразумення таго, што адбываецца цалкам. Менавіта гэта і нараджае недавер, а выніку — страх. Гэты канцэпт лёгка перакладваецца на сітуацыю ў правінцыі ўвогуле, і на сітуацыю ў тым жа гомельскім тэатры ў прыватнасці.

Радуе прызнанне гэтага спектакля фестывалем «Белая вежа». Журы прысудзіла яму дыплом «За лепшы спектакль фестываля», Аляксей Бычкоў атрымаў узнагароду «За лепшую мужчынскую ролю». Фестывальная брэсцкая публіка прыймала гомельскую трупу таксама вельмі добра. Але было б цікава паглядзець, як адрэагуе на гэты спектакль сталічны глядач.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева