Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Сцяпан. АЎТАР.Тапаніміка


Уладзімір Сцяпан. Празаік, паэт, кінасцэнарыст, мастак. Нарадзіўся ў пасёлку Касцюкоўка Гомельскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, а ў 1983 Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «жывапісец». Працаваў мастаком-афарміцелем, з 1987 па 2003 год — у творчым аб'яднанні «Тэлефільм» Беларускага тэлебачання. Піша прозу, абразкі, грэгерыі і хайку. Новыя творы друкуе на сайце litara.net, у часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць» і «Полымя,» а таксама ў сваим блогу ul-sciapan.livejournal.com. З’яўляецца адным з аўтараў зборнікаў «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989). Выпусціў кнігі прозы «Вежа» і «Сам-насам» (абедзьве 1990). У 2008 годзе ў часопісе «Маладосць» друкаваўся прыгодніцкі раман У.Сцяпана ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам «Цень анёла». Сябра СП Беларусі з 1991 года.

Я жыву ў цэнтры горада, на праспекце.

Усе падзеі адбываюцца навідавоку. Мітынгі, аўтамабільныя аварыі, праезды-пралёты замежных гасцей, каталікі колькі разоў на год праходзяць пад вокнамі, дарогу кветкамі пасыпаюць… Вось моладзь у Купалаўскім скверы апошнім часам падушкамі б’ецца — імітуе лёсавызначальныя для зямлі беларускай падзеі, прастытуткі, калі цямнее, пад вокнамі п’яна смяюцца ўсю ноч, а, бывае, плачуць, з кліентамі сварацца… Адным словам — праспект, што з латыні, як перспектыва перакладаецца. Можна кіно здымаць. Вядома, дакументальнае…


Чатыры гады таму вёў дачку ў школу, праз двор. Тады яшчэ двары не былі, як зараз, упарадкаваныя і чысценькія, забрукаваныя. Але і школа, і дом, і сметнікі свае месцы не змянілі. Як і мой ЖЭС-34. Карацей, статус-кво захаваўся. На нашым сметніку чаго толькі не бывае. І тэлевізары з маленькім экранчыкам, и радыёлы часоў працы Лі Харві Освальда на мінскім радыёзаводзе, і лядоўні аэрадынамічных формаў, і разламаныя камоды, карэльскай бярозай інкрустыраваныя, шынялі генеральскія, боты хромавыя, кніжкі, старыя газеты, унітазы… Дык вось — тым разам побач з брудна-зялёнымі кантэйнерамі стаялі металічныя шыльды, цёмна-сіняй эмалевай фарбай паблісквалі, белымі літарамі на мяне глядзелі. Прачытаць прымушалі.

Я прыпыніўся. Задумаўся. Шыльдаў было штук восем. На кожнай надпіс «ПРАСПЕКТ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ» і нумары дамоў. Ну, вядома розныя. Здагадацца не цяжка, хто паздымаў і на сметнік занёс — ЖЭС побач. Хацеў сфатаграфаваць, хацеў у якую вольную газету патэлефанаваць, хацеў у кватэру адзін прынесці, да сцяны прышрубаваць, каб на доўгую памяць.

Раззлаваўся тады на ўлады. Быў праспект у гонар славутага беларуса-асветніка названы. А тут і на табе…

Сталінскі, Ленінскі, Скарыны… Так павялося, праз увесь час, што праспект існаваў, яго чыім-небудзь прозвішчам называлі. Традыцыя склалася. А тут традыцыю зламілі, назвалі — праспект Незалежнасці. Як не абурыцца. Галоўная вуліца горада, сталіцы… Шмат злосных пытанняў круцілася ў галаве, гатовыя былі з языка зляцець.

Праз дзень сінія шыльды са сметніка зніклі. Хто знёс, куды? Не ведаю. Новыя шыльды з’явіліся на будынках. Дзіўна, але атрымаліся яны бела-чырвона-белымі, як сцяг старажытны. І думаецца мне, што гэта было зроблена не па неабачлівасці, а на падсвядомасці. Ну, а якімі яшчэ колерамі можна незалежнасць дэклараваць. Правільна, толькі чырвонымі літарамі па белым!

Прайшло чатыры гады. Жыхары і госці сталіцы прызвычаіліся да новай назвы праспекта. Калі і згадваюць мінулую, то без абурэння. І Францыск Скарына нікуды не знік, стаіць сабе побач з Нацыянальнай бібліятэкай.

Кажуць, што праспект перайменавалі па шматлікіх просьбах працоўных і ветэранаў. Можа яно і так. Але не ўпэўнены, што ветэраны прыдумалі такую новую назву, як «Праспект Незалежнасці». Гэта іншы стыль мыслення.

Усе ведаюць, што імя ўплывае на лёс чалавека і яго паводзіны. Пра гэта шмат пішуць і гавораць. Назва ўплывае часам і падсвядома. Прымушае і вымагае пэўных паводзінаў і светабачання.

І яшчэ, што падумалася. Назвы праспектаў, вуліц і гарадоў, дадзеныя ў нечы гонар, мяняюцца лёгка. Прыкладаў хапае. А вось такую назву як «Праспект Незалежнасці» змяніць цяжка. Гэта толькі захопнік-акупант такое кашчунства можа зрабіць. Каб канчаткова прынізіць і зняважыць. Улада, якая існуе, адмовіцца ад слова «НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ» не зможа.

Імчаць па праспекце Незалежнасці картэжы замежных гасцей. Турысты прагульваюцца, мінчукі ходзяць.

Некалькі дзён таму заўважыў на сметніку пару вялікіх палітычных мапаў. Тых яшчэ, дзе адна шостая чырвоным зафарбаваная, а Беларусі амаль не відаць.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева