Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Кінетычная энергія

Драматургія — гэта патэнцыйная энергія тэатра. Каб яе памацаць, трэба яе здзейсніць, а так яна застаецца толькі ў тэорыі. І вось мы вывучаем гэту сучасную...

Аляксей Стрэльнікаў
Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік. Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

Творчасць Паўла Пражко, яго апошнія п'есы, стаўленне да іх культурнай грамадскасці асабіста для мяне самае цікавае, што адбываецца ў беларускім тэатры за апошнія гады. Падзейнасць, нейкія кардынальныя змены, імклівыя скачкі развіцця — гэта ўвогуле не ўласціва нашай культуры (прынамсі апошняга дзесяцігоддзя). А тут нешта сапраўды змянілася.

Драматурга цяжка разглядаць асобна ад драматургіі, ад мастацкага працэсу. Павел Пражко быў часткай новай хвалі беларускай драматургіі, якая ўзнялася ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Я зараз пералічу прозвішчы драматургаў праз коску, але яны вельмі адрозныя паміж сабой. Іх аб'ядноўвае хіба факт, што яны дэбютавалі ў 2000-х. Андрэй Карэлін, Андрэй Шчуцкі, Мікалай Рудкоўскі, Андрэй Курэйчык, Мікалай Халезін, Павел Пражко, Канстанцін Сцешык, Павел Расолька, Дзіяна Балыка, Сяргей Гіргель, Анатоль Шурпін. Былі неаднаразовыя спробы аб'яднаць гэтых аўтараў у нейкую арганізацыю, спрабаваць разам бараніць уласныя правы. Зараз мы можам канстатаваць, што з гэтага нічога не выйшла. Але затое ў нас ёсць вялікі стос п'ес.

Драматургія — гэта патэнцыйная энергія тэатра. Каб яе памацаць, трэба яе здзейсніць, а так яна застаецца толькі ў тэорыі. І вось мы вывучаем гэту сучасную драматургію, і пастулюем, чым менавіта яна выбітная: у гэтых тэкстах прапанаваны новы падыход да маўлення, рэалізавана сучасная кліпавая свядомасць і г.д. Але часткай тэатральнай практыкі яна не зрабілася. Нават самыя ставімыя драматургі кшталту Андрэя Курэйчыка ці Дзіяны Балыкі самі сябе ўсведамляюць хутчэй выключэннямі, чым правілам.

Далей мусяць быць развагі пра беларускую рэжысуру, якія варта прыхаваць да больш добрай нагоды.

Нерэалізаваныя драматургі пачалі патроху знікаць з медыйнай прасторы. Хваля схлынула, новых імёнаў, новых назваў не з'яўляецца. Нават «Свабодны тэатр» больш не ставіць п'ес беларускіх драматургаў. Хваля схлынула, а Павел Пражко застаўся. Ён не пачаў пісаць прынцыпова па-іншаму, але кожная наступная ягоная п'еса прыцягваюць усё больш і больш увагі. На расійскім драматургічным фестывалі «Любімаўка» выклікаюць скандалы і разнагалоссі яго п'есы «Трусы», «Ураджай», «Поле», «Лёгкае дыханне». Спрачаюцца: гэта драматургія абсурду? Гэта найноўшыя прытчы?

Пражко дачакаўся гучнай удалай пастаноўкі. Прэм'ера спектакля «Трэцяя змена» ў маскоўскім Тэатры імя Ёзафа Бойса была названа адным з самых гучных поспехаў мінулага тэатральнага сезону. Два «новадрамных» тэатры «Тэатр.doc» і «Практыка» пасварыліся падчас капрадукцыі п'есы «Жыццё атрымалася», гэткім чынам узніклі адразу дзве пастаноўкі. Паўла Пражко пачынаюць лаяць апошнімі словамі нараўне з ідэолагамі руху «Новай драмы» — Угаравым, Вырыпаевым, Сігаравым. Спектаклі паводле яго п'ес намінаваны на «Залатую маску», галоўную расійскую тэатральную прэмію.

Самае цікавае ў драматургіі Пражко тое, што ён піша розныя п'есы. У яго ёсць тыповая «новадрамная» чарнуха, але замест вербаціма для праекту «Мы. Самаідэнціфікацыя» ён напісаў нейкі дзікаваты трактат пра свабоду, які нагадвае плынь свядомасці, яго п'еса «Лёгкае дыханне» па аб’ёме рэмарак больш схіляецца да жанру кінараману, а п'еса «Ураджай» настолькі насычана дзеяннем, што яно само па сабе робіцца мастацкім вобразам.

Менавіта п'есай «Ураджай» адкрыўся новы тэатральны зал у Мінску — даўно такога не было. Невялічкі зальчык, месцаў на 50 у нейкіх сутарэннях Тэатра беларускай драматургіі, Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры мае намер там праводзіць свае мерапрыемствы. І вось менавіта там 27 лістапада адбылася чытка п'есы «Ураджай». Я настойваю на тым, каб мы запомнілі гэту дату. На ўсялякі выпадак.

Чым яна выбітная? Тым, што Павел Харланчук сам выклікаўся прачытаць менавіта гэту п'есу (звычайна рэжысёраў прызначаюць, прымушаюць), заняў у ёй добрых акцёраў, якія (Ганна Хітрык, Вольга Скварцова, Зміцер Есяневіч, Міхаіл Зуй) адгукаліся пра п'есу вельмі прыязна. Тым, што чытку прызнала вялікая беларуская крытыка: Таццяна Арлова, Наталля Валанцэвіч сказалі некалькі прыемных словаў. Тым, што на чытцы прысутнічала вялікая колькасць маладых тэатральных людзей, акцёраў, рэжысёраў, якія мелі магчымасць задаць свае пытанні наўпрост драматургу, пачуць зацікаўленага рэжысёра, параўнаць свае ўяўленні пра тэатральнае мастацтва з існуючымі (зусім не дзіўна, што менавіта самым маладым чытка спадабалася найменш, бо такія тэксты — гэта цалкам іншая эстэтыка, да існавання якой яшчэ трэба прызвычаіцца). Нарэшце, тым, што былі прамоўлены словы «у п'есе гучаў мат, але ён не раздражняў».

Але самае галоўнае — на чытцы адбылася нейкая сувязь паміж драматургам, праз рэжысёра і выканаўцаў, з глядацкай аўдыторыяй. Адбылася нейкая тэатральнасць. Мы не ведаем, як мусіць адгукнуцца слова, але яно адгукнулася. Кожны знайшоў нешта сваё, але было ў чым шукаць. Патэнцыйная энергія раптам паволі перайшла ў кінетычную. Назіраць за гэтым працэсам вельмі і вельмі цікава.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.